Намеснік старшыні камітэту Бундэстагу ў кантролі за спецслужбамі Родэрых Кізэвэтэр, які прадстаўляе кіраўнічую партыю «Хрысціянска-дэмакратычны звяз», у інтэрв'ю «Handelsblatt» прапанаваў выслаць расейскіх дыпламатаў і агентаў, якія засталіся ў Нямеччыне, перадае «Bildt».
«Мы мусім выслаць пакінутых агентаў і дыпламатаў», – заявіў палітык, звязаўшы гэта з ростам кібератак і дыверсіяў, у якіх абвінавачваюць Маскву.
Родэрых Кізэвэтэр нагадаў, што яшчэ ў красавіку 2022 года ўлады Нямеччыны выслалі 40 працаўнікоў расейскай дыпламатычнай місіі. Аднак, на ягоную думку, гэтага было недастаткова.
Ён кажа, што Берлін мусіць зачыніць «Расейскі дом» – культурніцкі цэнтр, што кантралюецца расейскім МЗС і ўжо трапіў пад санкцыі Еўразвязу. На думку Кізэвэтэра, такія структуры Расея выкарыстоўвае не толькі ў культурніцкіх мэтах, але і для прапаганды ды ўплыву на нямецкае грамадства.
Нагадаем, што дзяржаўная прапаганда Беларусі нечакана выпусціла сюжэт, прысвечаны працы нямецкіх дыпламатаў у краіне. З сачэннем, камерамі, абвінавачаннямі ды іншымі праявамі «не да законаў». Уся віна нямецкіх дыпламатаў палягала на тым, што яны, не парушаючы беларускіх законаў, плацілі за публікацыі ў беларускіх медыях артыкулаў пра сваю краіну: «Правілы жыцця немцаў, якія здзівяць беларусаў», «Нямеччына стала другой радзімай», «Студэнтаў з Беларусі чакаюць на вучобу ў Нямеччыну»...
Якуб Хруст belsat.eu