Латвія, Літва і Эстонія выказалі незадаволенасць у сувязі з тым, што Вялікая Брытанія не запрасіла іх кіраўнікоў на саміт аб Украіне, які пройдзе ў нядзелю 2 сакавіка.
На гэтую акалічнасць звярнула ўвагу еўрапейская дыпламатычная крыніца выдання «Sky News».
Саміт, арганізаваны прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Кірам Стармэрам, збярэ больш за дзясятак еўрапейскіх лідараў і будзе прысвечаны расейска-ўкраінскай вайне і пытанням еўрапейскай бяспекі. У ім таксама возьме ўдзел прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Крыніца падкрэсліла, што адсутнасць балтыйскіх краінаў на сустрэчы можа быць успрынятая Масквой як знак іх ізаляцыі: «Расея і нашая грамадскасць пабачаць у гэтым сігнал, што нас прадаюць не толькі ЗША, але і Вялікая Брытанія з Францыяй».
Паводле інфармацыі, Кір Стармэр правядзе тэлефонную размову з лідарамі Балтыі, аднак гэта не лічыцца паўнавартасным адпаведнікам асабістай прысутнасці.
Балтыйскія краіны, якія на ўсходнім флангу NATO, уваходзяць у лік найбольш актыўных прыхільнікаў Украіны. Нягледзячы на невялікія памеры, яны вылучаюць значныя рэсурсы на абарону і застаюцца найбольш рашучымі крытыкамі палітыкі Уладзіміра Пуціна ў Еўропе.
Саміт у Вялікай Брытаніі плануюць выкарыстаць для абмеркавання падтрымання Украіны, у тым ліку ініцыятывы стварэння міжнародных сілаў «гарантыяў бяспекі», якія маглі б быць уведзеныя ў краіну для забеспячэння спынення агню, калі ЗША дамовяцца з Масквой і Кіевам.
Пасля скандалу ў Белым доме прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармэр, паводле выдання «Bild», узяў на сябе ролю пасярэдніка паміж Украінай і ЗША. Ён правёў тэлефонныя размовы з Уладзімірам Зяленскім і Доналдам Трампам, а таксама запрасіў еўрапейскіх лідараў на саміт аб Украіне, які адбудзецца ў нядзелю ў Лондане.
Паводле прэс-сакратара Стармэра, ён працягвае падтрымліваць Украіну і імкнецца дасягнуць трывалага міру. Брытанскія медыі адзначылі, што адрозна ад іншых еўрапейскіх палітыкаў Стармэр не стаў адкрыта падтрымліваць Зяленскага, што можа сведчыць аб ягоным жаданні быць пасярэднікам у перамовах.
Вядома, што самалёт Уладзіміра Зяленскага ўжо прызямліўся ў Лондане. Сёння ў другой палове дня, паводле звестак «Sky News», Зяленскі і Стармэр правядуць сустрэчу.
Раман Шавель belsat.eu