навіны

Еўразвяз абмяркуе падтрыманне Украіны на сотні мільярдаў долараў – Макрон

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. Фота: Stringer / Anadolu, Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Краіны Еўразвязу збяруцца на пазачарговы саміт 6 сакавіка, дзе абмяркуюць еўрапейскую абаронную архітэктуру і падтрыманне Украіны на сотні мільярдаў долараў. Пра гэта расказаў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон «La Tribune».

«Мэта гэтай сустрэчы – узмацніць падтрыманне Украіны і даручыць Еўрапейскай камісіі як мага хутчэй пачаць маштабнае супольнае фінансаванне, бо на карту пастаўленая нашая бяспека, – сказаў Эманюэль Макрон. – Таму саміт 6 сакавіка вельмі важны. Гэтае маштабнае фінансаванне, верагодна, складае сотні мільярдаў еўраў».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт ЗША Доналд Трамп на прэс-канферэнцыі. Вашынгтон, ЗША. 28 лютага 2025 года. Фота: President.gov.ua

«Свабоднаму свету патрэбны новы лідар». Як у Еўропе і ЗША рэагуюць на сварку Трампа з Зяленскім

Аналітыка

Ён адзначыў, што працуе над дыялогам паміж Украінай і Злучанымі Штатамі, нягледзячы на сутыкненне паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаваў 28 лютага ў Белым доме:

«Я думаю, што акрамя раздражнення, неабходна, каб усе вярнуліся да спакою, павагі і прызнання, каб мы маглі рухацца наперад на практыцы, бо стаўкі занадта высокія».

Эманюэль Макрон перакананы, што ЗША мусяць аднавіць дыялог з Украінаю:

«Відавочнае прызначэнне амерыканцаў – быць на баку ўкраінцаў, я ў гэтым не сумняваюся. Тое, што Злучаныя Штаты рабілі цягам апошніх трох гадоў, цалкам адпавядае іх дыпламатычным і вайсковым традыцыям. Я хачу даць амерыканцам зразумець, што сыход з Украіны не ў іх інтарэсах».

Паводле прэзідэнта Францыі, адмова амерыканцаў ад падтрымання Украіны прывядзе да таго, што далей Расея атакуе іншыя еўрапейскія краіны, а саюз Кітаю і Расеі ўзмоцніцца.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10