Пратэсты супраць адміністрацыі прэзідэнта ЗША Доналда Трампа пачаліся ў суботу ў ЗША пасля сваркі 28 лютага паміж Трампам, віцэ-прэзідэнтам ЗША Джэй Ды Вэнсам з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Сотні пратэстоўцаў сабраліся ва Ўэйтсфілдзе, штат Вэрмонт. Якраз туды на лыжны шпацыр з сям'ёю прыбыў віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Ды Вэнс.
Дэманстранты прыйшлі з плакатамі, на якіх кажуць Вэнсу, каб ехаў катацца на лыжах у Расею. Таксама шмат надпісаў з падтрыманнем Украіны: «Вэрмонт з Украінаю», «Падтрымлівайце Украіну, а не Пуціна».

«Пасля таго, што зрабіў учора, ён перайшоў усе межы», – заявіла ўдзельніца акцыі пратэсту Кары Жыру ў інтэрв'ю грамадскаму радыё Вэрмонту, паведамляе «Guardian».
Таксама шмат хто выйшаў на пратэст каля дылерскага цэнтру «Tesla» на Мангэтане ў Нью-Ёрку. Мітынг там звязаны з маштабнымі захадамі ў скарачэнні дзяржаўнага бюджэту, распачатымі генеральным дырэктарам «SpaceX» Іланам Маскам, які ўзначальвае нядаўна створаны Дэпартамент эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання (DOGE).
Аднак мітынгоўцы таксама скандавалі «Зяленскі – герой».
На дэманстрацыі можна было заўважыць украінскія сцягі, а на некаторых плакатах людзі пісалі, што Ілан Маск – «нацыст».
Украінскія сцяжкі былі і на акцыі супраць Маска ў Каліфорніі.

Арсен Рудэнка belsat.eu