Як дзейныя ўлады ў Менску, так і выбраная прэзідэнтка ў выгнанні хацелі б прысутнічаць на мірных перамовах па Украіне. Гэтыя перамовы, выглядае, становяцца ўсё бліжэй. Ды ці магчыма, каб Беларусь на гэтых перамовах была актыўным удзельнікам, і ці не стане наша краіна «суцяшальным прызам» Пуціну?
Чаму мы пра гэта зноў пішам
Вайна ва Украіне трывае больш за 10 гадоў, а больш за 1000 дзён таму Расея ўчыніла поўнамаштабнае ўварванне. Цяпер вайна штодня забірае сотні жыццяў, але не прыводзіць да вырашальных зменаў. Усё часцей гучыць ідэя мірных перамоваў.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі мае план перамогі, кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін мае фактычна план капітуляцыі Украіны. Зяленскі лічыць, што патрэбная «пазіцыя моцных краінаў», каб прымусіць Пуціна пайсці на перамовы. Выбраны прэзідэнт Злучаных Штатаў Доналд Трамп не раз казаў, што хоча спыніць гэтую вайну. Два дні таму ён прызначыў дарадцу ў пытаннях Украіны, які, падобна, мае мірны план.
Як Аляксандр Лукашэнка, так і Святлана Ціханоўская хацелі б прадстаўляць Беларусь за сталом гэтых перамоваў.
Выбраная прэзідэнтка яшчэ паўтара года таму казала: «Мы не павінны дазволіць Пуціну атрымаць Беларусь як суцяшальны прыз». Тое ж Ціханоўская паўтарыла ў час сёлетняга візіту ў ЗША. На сёлетняй канферэнцыі «Новая Беларусь» ейны галоўны дарадца Франак Вячорка даводзіў: галоўная задача зараз – «каб мы былі не на стале, а за сталом перамоваў». Ён непакоіцца, што на Захадзе Беларусь успрымаюць найперш як суагрэсара ў вайне ва Украіне.
Лукашэнка ж ужо нават заяўляў, што праводзіў перамовы з нейкімі высокапастаўленымі прадстаўнікамі Захаду. Канкрэтна да гэтай заявы палітолагі ставяцца скептычна: можа, Лукашэнка проста хоча «выглядаць гульцом на міжнароднай арэне». Але ў тым, што Лукашэнка хоча за стол перамоваў па Украіне, не сумняюцца.

Акрамя таго, як стала вядома, кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2020 і лідар «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў нядаўна ездзіў у Берлін і вёў перамовы ў Бундэстагу, на якіх сярод іншага казаў пра ўдзел Беларусі ў перамовах па Украіне і пра тое, што замацаванне Беларусі ў «зоне ўплыву» Расеі будзе найгоршым сцэнаром. Як адзначае Reform.by, тэзы Дзмітрыева практычна супалі з ранейшымі заявамі палітолага Яўгена Прайгермана і памерлага міністра замежных справаў Уладзіміра Макея, а візіт былога палітвязня з наступным яго вяртаннем у Беларусь «не мог бы адбыцца без ухвалення ўладаў у Менску».
Палітычны прадстаўнік палка Каліноўскага Дзмітрый Шчыгельскі адзначаў, што ідэальным варыянтам было б, каб Беларусь прадстаўляла Ціханоўская замест Лукашэнкі, ды ён сумняваўся, што гэта рэалістычна. На перамовах, даводзіў ён, будуць абмяркоўваць не проста замірэнне ва Украіне, а новую архітэктуру міжнароднай бяспекі, бо створаная пасля Другой сусветнай вайны архітэктура ўжо не працуе. Пытанне пра Беларусь у такіх размовах будзе непазбежным, і, паводле Шчыгельскага, аднаго тэлефанавання з Масквы ці Пекіну хопіць, каб Лукашэнка паехаў на перамовы – або пайшоў на заслужаны адпачынак ці раптоўна сканаў. Тым часам прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету па абароне і нацыянальнай бяспецы, былы намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук не выключаў нават, што ваяры могуць бараніць Беларусь ад Расеі поплеч з Лукашэнкам, які «баіцца Расеі больш, чым Захаду».
У дэмакратычных сілаў ёсць жаданне «рухацца далей», гэта можа выяўляцца ў прапановах часткі дэмакратычных сілаў перамоваў з уладамі і, магчыма, «зніжэння градусу патрабаванняў», казала дырэктарка «Цэнтру новых ідэяў» Леся Руднік на нядаўняй «антыканферэнцыі». Ды цяпер, паводле яе, шмат спрачаюцца, бо блытаюць ацэнку сітуацыі з мэтамі, марамі і візіямі. У дэмакратычных сілах ніхто нібы не выключае перамоваў з рэжымам Лукашэнкі, але той не падае сігналаў аб гатовасці да перамоваў – хіба запрашае пакаяцца і адсядзець.
Як Беларусі трапіць за той стол – і ці стануць там слухаць?
Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі кажа «Белсату»: наўрад ці Лукашэнка ці Ціханоўская будуць фізічна знаходзіцца за сталом, але беларускія інтарэсы павінны быць улічаныя.

Лукашэнку наўрад ці запросяць, бо ён цалкам падкантрольны Крамлю і не будзе адстойваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі, ды й гэта не тыя перамовы, на якіх будуць слухаць, як ён адмаўляе факты агрэсіі з тэрыторыі Беларусі. Беларусь, нагадвае Кавалеўскі, стала часткай расейскага ўварвання ва Украіну. Лукашэнка сыграў адмоўную ролю, праз яго Беларусь трапіла ў складаныя абставіны: была створаная пагроза незалежнасці, заключаюцца новыя пагадненні, якія робяць Беларусь «расейскім ваенным пратэктаратам» і «зброяй супрацьстаяння». Хоць беларускія Узброеныя сілы не ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях, у Беларусі месцяцца расейскія вайскоўцы; Пуцін і Лукашэнка заяўляюць аб размяшчэнні ў Беларусі расейскай ядравай зброі (хай тую пакуль і не знайшлі); Беларусь надае Расеі палітычную, інфармацыйную і ідэалагічную падтрымку; вайскова-прамысловы комплекс Беларусі працуе на Расею.
Кавалеўскаму таксама цяжка ўявіць, як дэмакратычныя сілы Беларусі будуць прысутнічаць на перамовах між менавіта дзяржавамі. Праўда, яму цяжка і прадказаць фармат перамоваў. Меркавалася, што другі саміт міру пройдзе ў лістападзе, ды яго адклалі на нявызначаны час. А ў цяперашнім імпульсе да перамоваў важную ролю мела выбранне Трампа, няпэўныя пазіцыі якога моцна ўплываюць на дынаміку размовы, кажа Кавалеўскі. Ён не выключае, што размаўляць будуць Расея і ЗША, а астатнія будуць кансультаваць і чакаць вынікаў.
«Сёння задача – нанесці Беларусь на гэтую мапу, каб галоўныя ўдзельнікі гэтага працэсу маглі і павінны былі ўлічваць беларускі нацыянальны інтарэс, – кажа Кавалеўскі. – Гэта павінна было б уключаць і такія ўмовы, як, напрыклад, вывад расейскіх войскаў і ядравай зброі (калі яна была завезеная) з тэрыторыі Беларусі. Але таксама некаторыя аспекты ўнутрыпалітычнай сітуацыі, бо цяжка сабе ўявіць, як можна дамагчыся ўстойлівага міру ва Украіне, калі Беларусь будзе працягваць заставацца пад кантролем Масквы і калі яна можа зноў быць задзейнічаная дзеля таго, каб распачаць новую агрэсіў Расеі супраць Украіны».
,,«Я лічу, што гэта рэалістычна. Зараз вядзецца праца, ў тым ліку мая агенцыя гэтым займаецца, дзеля таго, каб данесці інфармацыю пра такія інтарэсы Беларусі ў гэтым працэсе. Ёсць магчымасць размаўляць наўпрост з тымі людзьмі, якія будуць мець дачыненне да мірнага працэсу».
Намеснік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету па транзіце ўлады Арцём Брухан у каментары «Белсату» выказвае ўпэўненасць у тым, што без удзелу Беларусі мірныя перамовы проста немагчымыя: Беларусь гэта незалежная дзяржава, якая была ўцягнутая ў рэгіянальны канфлікт. Абмяркоўваць пытанні міру без краіны, якая ўдзельнічала ў гэтым канфлікце як мінімум праз прадстаўленне тэрыторыі для агрэсіі, няправільна: цяпер не могуць, як 100 гадоў таму, неяк падзяліць незалежную краіну без ейнага ўдзелу.
,,«Я думаю, што Расея будзе зацікаўленая, каб беларускі бок удзельнічаў на ейным баку ў перамовах, – разважае Брухан. – Захад таксама разумее, што нягледзячы на тое, што Беларусь у гэтай вайне сатэліт, гэта ўсё ж такі незалежная дзяржава. І калі не ўлічваць інтарэсаў Беларусі – гэта фактычна пагадзіцца, што Беларусі больш не існуе».
Брухан нагадвае, што Злучаныя Штаты і дзяржавы Еўразвязу на вышэйшым узроўні не раз казалі, што незалежнасць Беларусі для іх у прыярытэце. Наўрад ці яны будуць сыходзіць з іншага.
Праграма максімум для Беларусі – каб яе на перамовах па Украіне прадстаўляла Ціханоўская, адстойвала інтарэсы беларускага народу, кажа Брухан. Але гэта ў ідэальным свеце, а свет не ідэальны. У вачах рэжыму Лукашэнкі ёсць свой ідэальны свет: «Менск-3». У гэтым свеце Беларусь на гэтых перамовах прадстаўляе Лукашэнка, гэтыя перамовы праходзяць у Менску, гэта дае легітымнасць Лукашэнкі праз вымушанае пацісканне рукі. Хутчэй за ўсё, будзе нешта сярэдняе: Лукашэнка будзе за сталом перамоваў, але інтарэсы беларускай дэмакратычнай супольнасці могуць быць артыкуляваныя дзяржавамі-партнёрамі дэмакратычнай Беларусі. Напрыклад, Польшчай ці Літвой.
«Канешне, трэба прыкладаць максімальныя высілкі дзеля таго, каб за сталом і прадстаўнік дэмакратычных сілаў прысутнічаў, – даводзіць Брухан. – Гэта такая сітуацыя, калі і рэжым, і дэмакратычная супольнасць не могуць наўпрост зараз пачаць між сабой дамаўляцца, бо рэжым гэтага не хоча, але гэтая сітуацыя можа падціснуць на рэжым, каб пачаўся дыялог».
Гэта малаімаверны сцэнар, адзначае суразмоўца, але дадае з іроніяй: «Беларусь – краіна магчымасцяў». І гэта не найгоршы сцэнар для Беларусі.
Але нават у сцэнары, калі ні Лукашэнка, ні Ціханоўская за сталом не прысутнічаюць, можна дамагчыся таго, каб хтосьці з Захаду адстойваў інтарэсы Беларусі, як то патрабаваў вывядзення з Беларусі расейскіх войскаў, лічыць Брухан. Гэта праца дэмакратычных сілаў, якая будзе весціся ў межах кантактнай групы з Еўрапейскім Звязам і стратэгічнага дыялогу са Злучанымі Штатамі.
«Гэта дасягненне дэмакратычных сілаў, што ёсць такія інструменты, праз якія на такім стратэгічным узроўні, інстытуцыйным узроўні можна даносіць інтарэсы Беларусі», – падкэрслівае Брухан.

Аналітык Еўрапейскай сеткі лідарства Кацярына Глод лічыць, што на перамовах па вайне ва Украіне наўрад ці будзе месца для Беларусі і што Беларусі на гэтых перамовах абавязкова трэба прысутнічаць. Яна кажа «Белсату»: наўрад ці ў заходніх краінаў будзе час ці ўвага на тое, каб уцягваць Беларусь у перамоўны працэс, які будзе і без таго складаным. Трэба завершыць вайну, дамовіцца на нейкіх умовах з Расеяй, што ўжо будзе складана, дамовіцца з усімі актарамі на супольную пазіцыю.
«Можа, расейскі бок запросіць Беларусь, – дапускае Глод. – Я думаю, Лукашэнка будзе ціснуць на Пуціна, каб ён на гэтым прысутнічаў, бо яму гэта патрэбна для ягонай легітымнасці. Але я не думаю, што самой Беларусі там патрэбна быць прадстаўленай».
Глод сумняецца, што Офіс Ціханоўскай зможа непасрэдна прысутнічаць на перамовах. Але адзначае: дэмакратычным сілам безумоўна трэба рабіць крокі, каб заходнія партнёры выстаўлялі патрабаванні, адпаведныя беларускім інтарэсам, даносіць сваё бачанне да Польшчы, краінаў Балтыі і Украіны. Суразмоўца бачыць прыкметы таго, што дэмакратычныя сілы размаўляюць на гэтую тэму.
Захад, паводле Глод, разглядае Беларусь як пратэктарат Расеі ў сэнсе вонкавай, але не ўнутранай палітыкі. Беларусь не разглядаюць як акупаваную расейскімі войскамі, на тэрыторыі Беларусі не ідуць баі і не падаюць бомбы. Пытанні кшталту вываду расейскіх войскаў з Беларусі Захад будзе лічыць пытаннямі саміх Беларусі і Расеі – пры чым рэжымаў, не народаў.
Ды Глод падкрэслівае: тое, што дэмакратычныя сілы Беларусі не будуць удзельнічаць у перамовах, не будзе значыць, што Захад аддасць Беларусь у якасці «прызу» ці «падарунку» Расеі.
,,«Палітыка так не працуе, – запэўнівае Глод. – Нават Трамп паважае межы краінаў. І ён, і заходнія краіны паважаюць тыя міжнародныя прынцыпы і правы, якія існуюць. Сказаць нават, што „ў гэтай угодзе вазьміце Беларусь“, такога не можа быць, бо гэта краіна, якая на сёння існуе».
Яна заклікае не хвалявацца аб тым, што Беларусь зробяць разменнай манетай. Які рэжым у Беларусі – то іншая справа. Але ўмовы, пры якіх Беларусь «здаюць», не будзе разглядаць ні Трамп, ні хтосьці іншы на Захадзе.
Алесь Наваборскі belsat.eu