Беларускія аналітыкі сабраліся ў Варшаве 23 лістапада на «Belarus Future Unconference» – адроджаную ў выгнанні нефармальную канферэнцыю «Цэнтру новых ідэяў» пра тое, як змяніць Беларусь.
Заснавальнік «Цэнтру новых ідэяў» і дырэктар «Беларускай ініцыятывы» у «Chatham House» Рыгор Астапеня ў вітальным слове згадаў, што пяць гадоў таму на «антыканферэнцыі» ў Беларусі размаўлялі пра іншую будучыню: не пра пандэмію каронавірусу, пратэсты-2020 і поўнамаштабную вайну ва Украіну. Такога прадказаць тады не маглі. Цяпер на канферэнцыі хочуць «пазбавіцца ілюзіяў» і пры тым «знайсці аптымізм».
На сёлетняй «Антыканферэнцыі» зладзілі дзве шырокія дыскусіі і мноства паралельных вузкіх – ад абмеркавання трансфармацыі даследчага сектару да разважання пра ролю творчых людзей. «Белсат» пераказвае, што казалі на шырокіх дыскусіях.

Як думаць пра будучыню Беларусі ў крызіс?
Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юры Дракахруст адзначыў, што цвярозы аналіз пакуль малюе не надта добрыя перспектывы для Беларусі. Але ў якім-небудзь 1983 годзе нікому не прыйшло б у галаву, што Савецкі Саюз можа скласціся, як картачны домік. Цяпер, адзначыў ён, шмат разважаюць пра «deus ex machina», як то ці памрэ раптам Лукашэнка, ці спыніцца вайна ва Украіне. У той жа час для беларусаў у эміграцыі Беларусь становіцца «чорнай скрынкай»: незразумела, што дакладна адбываецца, бо бачныя толькі «цені на сцяне». Дэмакратычныя сілы ў выгнанні маюць падыход «павелічэння дабра»: здабыць больш дапамогі палітвязням ці палепшыць умовы для беларускіх студэнтаў за мяжой. Новыя стратэгічныя падыход пакуль толькі пачынаюць напрацоўваць. Частка палітыкаў у выгнанні выпрацоўвае стратэгію «прымірэння», якая будзе канкураваць з дзейнай візіяй дэмакратычных сілаў (так было амаль роўна 100 гадоў таму на Другой усебеларускай канферэнцыі, дзе частка актывістаў БНР прызналі БССР).
Дырэктарка «Цэнтру новых ідэяў» Леся Руднік бачыць самым рэалістычным сцэнар «аўтакратыі на 70 %». Пакуль аўтакратыя ў Беларусі працуе на максімум, у 2019-м была куды слабейшай. Цяпер яна чакае «адкату» і з боку ўладаў, і з боку амбіцыяў праціўнікаў аўтакратыі. Руднік лічыць малаімаверным, што праз 5 гадоў і рэжым Лукашэнкі, і ягоныя праціўнікі дасягнуць сваіх мэтаў. Жаданне «рухацца далей» ёсць – і гэта можа выяўляцца ў прапановах часткі дэмакратычных сілаў перамоваў з уладамі і, магчыма, «зніжэння градусу патрабаванняў». Цяпер, дадала яна, шмат спрачаюцца, бо блытаюць ацэнку сітуацыі з мэтамі, марамі і візіямі. Ейнае бачанне мэтаў такое: захаваць сваё, падтрымліваць амбіцыі адзін аднаго, падрыхтавацца да прымірэння ў грамадстве, захоўваць персанальныя сувязі і вырасціць новых лідараў.

Дырэктар «iSANS» і «Цэнтру беларускай салідарнасці» Уладзь Кобец згадаў, што ўключыўся ў дэмакратычны рух яшчэ ў савецкія часы, не раз бачыў нараджэнне і знікненне надзеяў. Ён нагадаў, што ў Беларусі расце новае пакаленне: ужо дарослыя тыя, каму ў 2020-м было 14–15 гадоў. А ўнутры сістэмы засталіся людзі, якія сталі інакш глядзець на ўладу пасля 2020 і 2022 гадоў. Кобец заклікаў думаць пра будучыню – і шукаць кансэнсусы ў грамадстве, то бок тое, на чым пагодзяцца і праціўнікі, і прыхільнікі рэжыму Лукашэнкі. Ён нагадаў: у Польшчы змены адбыліся «за круглым сталом, а не за разламаным».
Вядоўца Youtube-шоў «Мне тоже не нравится» Яўгенія Сугак прапанавала думаць, чым можна займацца грамадскім актарам: адукацыяй грамадства і саміх сябе, інфармаваннем беларусаў і еўрапейскіх партнёраў, размаўляць з людзьмі ў Беларусі мовай, адэкватнай цяперашняму стану, не забываць пра галоўную на сёння праблему – палітычных зняволеных.
,,Дракахруст сярод іншага выказаўся пра думку аб тым, што вызваленне палітвязняў цяпер ёсць галоўнай задачай. Ён прывёў аналогію: калі на вайне называюць галоўнай мэтай вызваленне ваеннапалонных, то з вайной нешта не так. Ён не мае адказаў на пытанні пра лепшыя мэты, але заклікае пытаць пра мэты і сродкі. Сугак на гэта адказала, што на войнах усё ж вызваляюць палонных – і не прызнаюць праз гэта паразы.
Як трэба мяняцца – і чаму трэба мяняцца?
Сузаснавальніца і кіраўніца кансалтынгу «Stratcomlab» Анастасія Рагатко згадала, што лабараторыю часта пытаюць, «як змяніць беларуса». Высакамернасць яна назвала адной з найвялікшых праблемаў грамадскага сектару Беларусі: хочуць «прыпадняць людзей над балотам», каб зразумелі, што сітуацыя ў Беларусі кепская. Грамадскі сектар, паводле яе, не разумаўляе з людзьмі, а спрабуюць вырашыць ложныя дылемы або тыя праблемы, «якія мы хочам, каб былі ў беларусаў». Беларусаў не трэба пераконваць, што зняволенне за каментар – гэта кепска, упэўненая яна. Рагатко заклікала «прызнаць рэальнасць» і перастаць чакаць новых вынікаў ад старых дзеянняў.
Грамадска-палітычны дзеяч Яраслаў Бекіш падкрэсліў, што любы праект карысны, калі за ім стаяць людзі і справы, калі праект мае мэту, а не проста «мы ўмеем забіваць цвікі, таму купім цвікі і малаток». У «гібрыдны час» патрэбныя гібрыдныя праекты і такія праекты, якія «ламаюць табу», даводзіў ён. Хакеры і дроны, жорсткая прапаганда і ботафермы, перамовы з уладамі – у такіх табуяваных справах ён і бачыць патэнцыял зменаў. У Беларусі, прывёў ён прыклад, немагчыма выходзіць на адкрыты пратэст, але можна сабатаваць праекты ўладаў.

Старшыня рады «Цэнтру новых ідэяў» Антон Раднянкоў лічыць, што ў дэмакратычнага руху цяпер «заела кружэлка». Беларусы, падкрэсліў ён, не дурныя і пачулі тэзы дэмакратычных сілаў. Праблема ў тым, што мноства цяперашніх ініцыятываў не вырашаюць праблемаў беларусаў, а толькі робяць тое, што хочуць самі. Ён заклікаў думаць пра аўдыторыю, шукаць новыя падыходы і не марнаваць сілы на тое, што не працуе.
Галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў спытаў, дзе ж тыя высакамерныя людзі, якія хочуць «змяніць беларуса» або лічыць сябе «больш якасным» за тых, хто застаецца ў Беларусі. Медыі ён лічыць самым дзейсным інструментам, які застаўся ў беларускіх дэмакратычных сілаў, і гэты інструмент працягвае ўплываць на беларусаў. Нават калі не наўпрост, а праз лабіяванне беларускіх інтарэсаў у замежных палітычных колах. Тыя, на каго можна было б уплываць, супраціўляюцца ўплыву: улады не хочуць змяняцца, «нейтральныя» беларусы не хочуць няпэўнасці, на Расею можна паўплываць хіба ахвяраваннямі Збройным сілам Украіны. Ён параіў вучыць замежныя мовы (каб размаўляць з тымі, хто можа паўплываць на сітуацыю ў Беларусі), фіксавацца на пазітыве, а не негатыве («СБ. Беларусь сегодня» дае сваім чытачам шмат нагодаў ганарыцца Беларуссю, адзначыў ён), запісацца ў трэнажорную залю і сачыць за здароўем (каб быць гатовымі да нечаканага развіцця падзеяў).

А дзе адказы на пастаўленыя пытанні?
Канферэнцыя завяршылася без падсумавання або прыняцця рэзалюцыі – пытанні былі пастаўленыя, але якія на іх далі адказы, не сказалі.
Антон Раднянкоў растлумачыў «Белсату», што фармат канферэнцыі і не прадугледжваў такога: 45-хвілінныя дыскусіі не могуць даць адказаў на ўсе пытанні. Ды «антыканферэнцыя» сабрала даволі шмат людзей: Раднянкоў бачыць у гэтым знак, што ўнутры дэмакратычнага руху бракуе абмеркаванняў.
«Калі мы ўсе пачынаем агучваць нашае бачанне шляху наперад, у нас з’яўляецца больш поўная карціна, які гэта можа быць шлях, – кажа Раднянкоў. – У нас у гэтым сімбіёзе з’яўляюцца новыя ідэі пра тое, калі, што і як мы можам рабіць. У мяне і ў шмат якіх удзельнікаў яны ўзніклі, калі ў нас адбываліся „ага!-моманты“ – калі да нас прыходзіла нейкая новая думка, новыя калабарацыі».
Леся Руднік растлумачыла «Белсату», што ад канферэнцыяў, на якіх пытаюць буйныя і амбіцыйныя пытанні пра будучыню і стратэгіі, не варта чакаць хуткіх вынікаў. Невядома, якой будзе будучыня, таму спачатку трэба ацаніць рэальнасць і зразумець, якія ёсць магчымасці, што ўжо няпроста.

«Мы арыентуемся на тыя веды, якія маем сёння, і таму людзі крышачку закрываюцца, не дазваляюць сабе памарыць, пабыць аптымістамі, падумаць пра вялікія рэчы, – даводзіць Руднік. – Скажам, што б мы маглі зрабіць, калі б у нас былі любыя рэсурсы і абсалютна выгодныя ўмовы? Такія канферэнцыі настройваюць людзей на гэткія думкі. Бывае карысным падумаць у візіянерскім фармаце пра тое, што можа атрымацца і куды мы можам рухацца, каб пасля гэта дастасаваць да рэальнасці».
Асабіста яе зачапіла тое, што казала Рагатко пра высакамернасць. Руднік разважае: няўрадавыя арганізацыі, даследчыкі і эксперты якраз павінны быць лідарамі думкі, ставіцца да сябе як да інтэлігенцыі і інтэлектуалаў. Калі хочуць нараджаць думкі, дык мусяць быць больш начытанымі за сярэднестатыстычнага чалавека, лепш разумець гістарычны кантэкст, палітычныя тэорыі ці сацыялагічныя звесткі. Але, падкрэсліла яна, гэта не азначае, што «мы лепей», а значыць, што яны маюць лепшае разуменне сітуацыі. І трэба, каб не саромеліся прапаноўваць, браць на сябе лідарскую пазіцыю, і не толькі крытыкаваць, а штосьці даваць грамадству.
Алесь Наваборскі belsat.eu