Сёння ў закрытым рэжыме судзілі актывістку Ніну Багінскую, у выніку яе вызвалілі без пакарання, а крымінальную справу спынілі. Аднак праваабаронца Павел Сапелка тлумачыць, што гэта не азначае спынення крымінальнага пераследу.
Павел Сапелка адзначыў, што асуджэнне без прызначэння пакарання паводле арт. 79 Крымінальнага кодэксу адносіцца да так званых «іншых мераў крымінальнай адказнасці» на ўзор умоўнага асуджэння і асуджэння з адтэрмінаваннем выканання пакарання.
«Гэта не азначае спынення крымінальнага пераследу: суд выносіць абвінаваўчы прысуд без прызначэння пакарання. Прадугледжанае ў выпадку вынясення такога прысуду прафілактычнае назіранне ў дачыненні чалавека, які дасягнуў пенсійнага ўзросту, азначае абавязак цягам тэрміну судзімасці "папярэдне паведамляць органу ўнутраных справаў пра змяненне месца жыхарства, выезд дзеля асабістых справаў у іншую мясцовасць на тэрмін, большы за адзін месяц, і з’яўляцца ў названы орган на яго выклік у прызначаны тэрмін ды пры неабходнасці даваць тлумачэнні адносна сваіх паводзінаў і ладу жыцця"», – кажа юрыст.
Тэрмін судзімасці ў такім выпадку, паводле Паўла Сапелкі, складае два гады пасля ўваходу прысуду ў законную сілу.
Нагадаем, што 78-гадовую актывістку вінавацілі паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу – «Неаднаразовае парушэнне закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў». У аснове абвінавачання былі адміністратыўныя пратаколы і судовыя пастановы за 2024 год. Усе яны датычаць выкарыстання нацыянальнай сімволікі, адзін пратакол быў складзены за майку з надпісам: «Не вайне!»
Багінская прынесла з сабой на паседжанне дыск з запісам прамовы Аляксандра Лукашэнкі. 20 кастрычніка 2020 года ён сказаў пра актывістку: «Вы глядзіце толькі, Ніну Багінскую не забірайце з плошчаў».
Раман Шавель belsat.eu