Аналітыка

Прапаганда паказала, як плюе на дыпламатычныя нормы і беларускія законы. Што хацела сказаць?

  Графіці Дзмітрыя Урубеля, якое паказвае пацалунак Брэжнева і Гонэкера на Берлінскім муры, 22 сакавіка 2025 года, Берлін,Германія. Фота: Stefano Guidi / Getty Images
Графіці Дзмітрыя Урубеля, якое паказвае пацалунак Брэжнева і Гонэкера на Берлінскім муры, 22 сакавіка 2025 года, Берлін,Германія. Фота: Stefano Guidi / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Дзяржаўная прапаганда Беларусі нечакана выпусціла сюжэт аб працы нямецкіх дыпламатаў у краіне. З сачэннем, камерамі, абвінавачваннямі ды іншымі выпадкамі «не да законаў». Беларусам і Беларусі ад такіх паводзінаў уладаў лепш не стане, а вось Расея ў такім развіцці зацікаўленая. Пагатоў і Берлін падкінуў апошнім часам шмат нагодаў для незадаволенасці ў Маскве і Менску.

Міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэра Сіярта (злева) ў Беларусі. 13 лютага 2023 года. Крыніца: Szijjártó Péter / Facebook
Фашысты, камуністы і шпіёны. Хто з еўрапейскіх палітыкаў падтрымлівае рэжым Лукашэнкі навіны

Хлусня, жарты за 300 і «не да законаў»

Беларускі дзяржаўны прапагандыст Ігар Тур 29 траўня выпусціў сюжэт, у якім, не саромеючыся, прызнаўся: Беларусь сочыць за нямецкімі дыпламатамі. На дзяржаўным тэлеканале ОНТ паказалі, што спецслужбы здымалі з вуліцы на камеру сустрэчу, як заяўляецца, 3 красавіка 2025 года, працаўнікоў нямецкай амбасады ў адным з менскіх рэстаранаў з былым галоўным рэдактарам «Народнай волі» Іосіфам Сярэдзічам. Усярэдзіне рабілі іхныя фотаздымкі ды, паводле Тура, запісвалі саму размову, «але з нейкай прычыны мы [прапаганда. – Заўага рэд. belsat.eu] пастанавілі зместу гэтага шчабятання пакуль не апублікоўваць».

Пры гэтым Тур вінаваціць нямецкую амбасаду ў аплочванні артыкулаў пра Нямеччыну ў беларускіх незалежных медыях. Нават не з крытыкай улады, а проста з апісаннем гэтай краіны і нямецкага ладу жыцця. Тур прыводзіць цалкам нявінныя назвы апублікаваных такім чынам матэрыялаў: «Правілы жыцця немцаў, якія здзівяць беларусаў», «Нямеччына стала другой радзімай», «Студэнтаў з Беларусі чакаюць на вучобу ў Нямеччыну».

Пры гэтым сам прапагандыст неаднаразова прызнае: «заканадаўства нашага ў гэтым выпадку немцы не парушалі» дый «не забаронена рэкламаваць Нямеччыну ў беларускіх медыях за грошы». Але, заяўляе ён, законы не для Беларусі – у ёй «дыктатура справядлівасці, а не нейкая ілюзія дэмакратычнага фармалізму і бюракратыі».

Размова нямецкіх дыпламатаў у Менску. Здымак з відэа: ONT TV Channel / Youtube
Размова нямецкіх дыпламатаў у Менску. Здымак з відэа: ONT TV Channel / Youtube

Паводле Тура, віна нямецкай амбасады ў тым, што «замаўляла рэкламу ў тых, каго афіцыйна прызналі беларускія суды экстрэмісцкімі арганізацыямі». І гэта пры тым, што суды ў Беларусі нікога такімі не прызнаюць, яны толькі абвяшчаць пэўныя публікацыі і рэсурсы «экстрэмісцкімі матэрыяламі». «Экстрэмісцкімі фармаваннямі» арганізацыю прызнаюць без усялякага суда МУС і КДБ, і Тур, які з імі супрацоўнічае, мусіў бы пра гэта ведаць.

Больш за тое, Тур звязвае свой сюжэт з затрыманнямі журналістаў выданняў Babruisk.info, «Вечерний Бобруйск», «Вольнае Глыбокае» і «УзГорак», але гэтыя рэсурсы не былі нават прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не кажучы ўжо пра «экстрэмісцкія фармаванні». То бок няма нават фармальнай падставы ні да аблаваў на рэдакцыі, ні да абвінавачвання іх у супрацы з амбасадаю, калі, паводле самога ж Тура, законы не былі парушаныя.

Таксама Тур пералічвае, што аблавы закранулі выданні з Горак, Ганцавічаў, Ліды, Берасця, Менску, Маладзечна, Горадні, не называючы рэдакцыяў. Адзінае згаданае прапагандыстам выданне, якое было хоць нечым прызнанае, – баранавіцкі «Intex-Press», якое абвясцілі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ў красавіку 2023 года. Яно было даўно закрытае, а журналісты стварылі новае медыя – «Bar24». Але, кажа Тур, рабіць так не мелі права, ніякіх заканадаўчых аргументаў аднак не прыводзіць.

Свой сюжэт Тур суправаджае знявагамі, нізкімі жартамі, у тым ліку ў дачыненні былой міністаркі замежных справаў Нямеччыны Аналены Бэрбак, непрыстойным апісаннем побыту і паводзінаў нямецкіх дыпламатаў, калі яны кураць.

Ігар Тур выстаўляе абвінавачанні былой кіраўніцы МЗС Нямеччыны Аналене Бэрбак. Здымак з відэа: ONT TV Channel / Youtube
Ігар Тур выстаўляе абвінавачанні былой кіраўніцы МЗС Нямеччыны Аналене Бэрбак. Здымак з відэа: ONT TV Channel / Youtube

«Незалежна ад таго, як вы ставіцеся да нейкіх людзей або сілаў, з пункту гледжання дыпламатыі строга забаронена фінансаваць арганізацыі, прызнаныя па-за законам, у краіне, з якой у вас ёсць якія-ніякія стасункі. А што датычыць амбасады Нямеччыны ў Менску і ейнага кіраўніка, ім парушаць законы Беларусі, застаючыся ў Беларусі, забаронена ўсімі дыпламатычнымі нормамі. Ці падабаецца вам рашэнне беларускіх судоў? Не падабаецца, не мае значэння», – кажа Тур, хоць, паўторымся, ніводнае з пералічаных медыяў нікім і нічым не было прызнанае.

Далей Тур робіць самавыкрывальніцкае прызнанне беларускай прапаганды: нават расказы пра тое, як добра жывецца ў Нямеччыне, – ужо «штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве». А артыкулы пра асаблівасці нямецкага жыцця прапагандыст параўноўвае з подкупам Расеяй і Азербайджанам ультраправых нямецкіх дэпутатаў парламенту, як, напрыклад, Пэтэра Бістрана з «Альтэрнатывы для Нямеччыны». Пры гэтым ён адзначае, што нават карумпаваным нямецкім палітыкам жывецца лепш, як беларускім журналістам, якія публікуюць забаўляльныя і інфармацыйныя матэрыялы пра іншую краіну: справы супраць іх могуць закрыць, тады як айчынным медыям Тур абяцае новыя аблавы.

Аблава на журналістаў. Здымак з відэа: ONT TV Channel / Youtbube
Аблава на журналістаў. Здымак з відэа: ONT TV Channel / Youtbube

Нават Беларусь рэкламуе сябе ў замежных медыях

Валер Кавалеўскі, кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва, у каментары «Белсату» адзначыў, што такія паводзіны беларускіх спецслужбаў і прапаганды «не нармальныя». Ён падкрэсліў: супрацоўнікі нямецкай амбасады займаліся абсалютна законнаю легальнаю дзейнасцю, урэгуляванаю Венскімі канвенцыямі аб дыпламатычных стасунках. Але ў Беларусі, сказаў Кавалеўскі, «ёсць сталае адступленне ад гэтых нормаў, сталая спроба выкруціць іх такім чынам, каб звузіць прастору для нармальнай дзейнасці дыпламатаў».

Паводле суразмоўцы, такім стаўленнем улады Аляксандра Лукашэнкі робяць сабе антырэкламу для замежных дыпламатаў:

,,

«Адна іх прысутнасць і дзейнасць у Беларусі – гэта паказнік таго, што ў краіны ёсць прызнаная незалежнасць, прызнаны суверэнітэт. Асабліва ў такіх умовах складаных, як сёння, для Беларусі вельмі каштоўна, што на тэрыторыі нашай краіны працуюць дыпламатычныя прадстаўніцтвы краінаў, якія прызнаюць незалежнасць і шануюць суверэнітэт Беларусі».


Сістэма паветранай абароны «Patriot». Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Sean M. Worrell / US Army / Csis.org
Пакуль Трамп разважае пра вар’яцтва Пуціна, Расея нарошчвае паветраныя атакі. Што адбываецца на вайне і вакол яе Вайна

Кавалеўскі адзначыў, што сам Лукашэнка казаў пра неабходнасць палепшыць стасункі з краінамі Захаду, праводзіў для гэтага адмысловую нараду з кіраўніком МЗС, але такія дзеянні, што паказвае Тур, «цалкам супярэчаць» гэтаму. Паводле яго, «з такою рыторыкаю немагчыма разлічваць на тое, што заходнія краіны будуць імкнуцца да нармалізацыі стасункаў». Суразмоўца мяркуе, што Тур як блізкі да Лукашэнкі прапагандыст мусіў бы кіравацца ягонымі палітычнымі ўстаноўкамі, а не трансляваць ідэі, што ім супярэчаць.

Адносна ж прэтэнзіяў да таго, што Нямеччына рэкламавала сябе ў беларускіх медыях, Кавалеўскі адзначыў: Беларусь, як і іншыя краіны, робіць тое самае за мяжою. «Гэта нармальная практыка, яна абсалютна не забароненая», – адзначыў ён.

На думку суразмоўцы, Менск, замест таго каб псаваць стасункі з Нямеччынаю, мусіў бы паляпшаць іх, спрабаваць развязаць праблемныя пытанні ў двухбаковых стасунках, заклікаць да вяртання амбасадараў, «каб дыпламатычныя стасункі былі паўнавартаснымі, каб яны напаўняліся нейкім зместам».

Кавалеўскі не выключае, што да з’яўлення такіх сюжэтаў магла мець дачыненне Расея, бо «сварыцца яшчэ больш з заходнімі краінам не ў нацыянальных інтарэсах Беларусі».

,,

«Гэта не ў інтарэсах Беларусі, але гэта адназначна ў інтарэсах Расеі. Бачыць, каб адлегласць паміж Беларуссю і Еўропаю павялічвалася, каб аслабляліся двухбаковыя сувязі. Наколькі нават у такіх тактычных пытаннях Крэмль уплывае на пазіцыю рэжыму Лукашэнкі, гэта іншае пытанне», – сказаў ён.


Філіял расейскай прапаганды

Гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у сваю чаргу адзначыў, што не здзіўлены нападкамі прапаганды на нямецкіх дыпламатаў. Ён нагадаў: Тур «ужо неаднаразова браў удзел у рознага кшталту інфармацыйных, дый не толькі інфармацыйных», аперацыях КДБ. Тое ж, што цяпер у іх браў удзел прапагандыст, набліжаны да Лукашэнкі, на думку эксперта, якраз сведчыць, што ягоны сюжэт быў «разлічаны на гледача № 1, то бок на Аляксандра Лукашэнку».

Лукашэнка ж такім чынам можа дасылаць сігнал ураду Нямеччыны: «мы ўсё бачым, вы ў нас пад пільным наглядам», сказаў Фрыдман. Аднак, дадаў ён, нямецкія дыпламаты і так «выдатна ведаюць, дзе яны працуюць». Таму гісторык звязаў незадаволенасць немцамі перадусім з замежнапалітычнаю сітуацыяй. Ён нагадаў, што 22 траўня ў Вільні канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц паслаў сігнал Менску і Маскве, заявіўшы пра гатовасць Берліну абараняць краіны Балтыі. І ўжо пасля гэтага пачаліся атакі ў прапагандысцкіх рэсурсах на нямецкі ўрад, які пачалі параўноўваць з нацыстамі.

«Тое, што цяпер выходзіць гэтая гісторыя з дыпламатамі, – гэта такі працяг: «Нам не падабаецца, што робяць немцы, і нам вельмі гэта не падабаецца, і мы гэта ім паказваем». Гэта менавіта тая мова, якою Лукашэнка хоча размаўляць з Берлінам», – сказаў Фрыдман.

Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, 28 траўня 2025 года, Берлін, Нямеччына. Фота: Sean Gallup / Getty Images
Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, 28 траўня 2025 года, Берлін, Нямеччына. Фота: Sean Gallup / Getty Images
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе абароны і нацыянальнай бяспекі, былы намеснік камандзіра палка Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук падчас інтэрв’ю. Скрыншот: Белсат
Вадзім Кабанчук: Найлепей, каб вучэнні «Захад 2025» не адбыліся Гісторыі

Паводле яго, незадаволенасці Берлінам дадае таксама адсутнасць паляпшэння двухбаковых стасункаў. А трэцяе – гэта дамінаванне антынямецкіх наратываў апошнім тыднем у расейскай прапагандзе, якія ўзмацніліся пасля сустрэчы 28 траўня Мэрца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. «Філіялам» расейскай прапаганды гісторык якраз назваў беларускую, адзначыўшы іх сінхранізацыю супраць Нямеччыны.

Пры гэтым Фрыдман не чакае нейкай асаблівай рэакцыі з боку Нямеччыны на паводзіны Менску, бо яна нават не заўважыла фактычна заяваў Міністэрства абароны Беларусі 28 траўня пра тое, што супольныя з Расеяй вучэнні «Захад-2025» будуць адсунутыя ад мяжы з Еўразвязам.

«Яны [Мінабароны. – Заўвага рэд. belsat.eu] яе адмыслова адразу пераклалі на англійскую мову. Ім было важна закінуць гэтую заяву яшчэ да моманту, як сустрэнуцца Зяленскі і Мэрц. Бо і Зяленскі намякаў шмат разоў, што нешта можа адбыцца з Беларусі, а Мэрц падкрэсліваў значэнне Вільні і тое, што Нямеччына гатовая бараніць Літву», – сказаў гісторык, дадаўшы, што дакладнага маштабу вучэнняў насамрэч ніхто так і не ведае.

На ягоную думку, нямецкая рэакцыя на дзеянні Менску калі і будзе, то, найхутчэй, на вельмі нізкім узроўні. Фрыдман нагадаў, што Нямеччына і так ужо панізіла статус сваёй амбасады ў Менску, а таму дадатковых крокаў з яе боку чакаць не варта. Толькі калі правакацыі і пагрозы з боку ўладаў Беларусі будуць працягвацца. У тым ліку і таму, што «асаблівай зацікаўленасці ў тым, што адбываецца ў Беларусі, [у Берліне. – Заўвага рэд. belsat.eu] няма». І нашая краіна ўсё больш разглядаецца праз прызму расейскай палітыкі.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10