18 чэрвеня спаўняецца 100 дзён з таго часу, калі ў Беларусі паводле ўказаў Аляксандра Лукашэнкі змянілася кіраўніцтва Савету Міністраў і Нацыянальнага банку. І хоць ніякіх істотных змяненняў у эканамічнай палітыцы краіны пакуль не адбылося, ужо цяпер можна заўважыць шэраг тэндэнцыяў, якія будуць уплываць на Беларусь надалей.
100 дзён таму, 10 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка змяніў кіраўніцтва Нацыянальнага банку і ўраду. Новым прэм’ер-міністрам зрабіўся тагачасны старшыня Менскага аблвыканкаму Аляксандр Турчын, а кіраўніком Нацбанку – тагачасны старшыня ўраду Раман Галоўчанка, які з манетарнай палітыкай датуль быў амаль не звязаны. Тым не менш, паводле Лукашэнкі, Галоўчанка таксама эканаміст, бо яго «жыццё навучыла эканоміцы больш, чым каго-небудзь».
Лукашэнка выказаў спадзеў, што Турчын з Галоўчанкам «знойдуць агульную мову і нарэшце паставяць з ног на галаву некаторыя пытанні нашай эканомікі, датычныя яе фінансавання».
Прычыны зняцця мінулага кіраўніка Нацбанку Паўла Калавура, які кіраваў установаю з 2014 года, дакладна невядомыя. Гэта магла быць як ягоная нязгода з выдачай крэдытаў расейскім прадпрыемствам у канцы 2024 года, гэтак і ягоныя спробы абмежаваць выдачу крэдытаў неплацежаздольным дзяржаўным прадпрыемствам або проста спробы захаваць незалежнасць Нацбанку ад ураду.

18 сакавіка Турчын, каментуючы асцярогі адносна палітыкі новага тандэму, заявіў, што «ва ўрадзе і Нацбанку працуюць дастаткова кампетэнтныя людзі, якія разумеюць усе выклікі і рызыкі». Сам ён паабяцаў, абіраючы паміж вялікім ростам і макраэканамічнай стабільнасцю, рабіць стаўку на другое. Тым не менш Лукашэнка патрабаваў ад Турчына «не праваліць» па выніках года рост ВУП (за студзень – красавік ён вырас на 2,8 % пры плане на год 4,1 %), адзначаў «невялікі мінус» у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, зніжэнне гандлёвага абароту з Расеяй і рост інфляцыі (у траўні гадавая інфляцыя склала 7,1 % пры плане ўладаў 5 %). Турчын тлумачыў гэта «аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі прычынамі» ды расказваў, што баіцца «чорных лебедзяў», напрыклад, праблемаў у вонкавым гандлі і санкцыйнага ціску.
Цэны растуць, але гэта добра
У цэлым прызначэнне Турчына прэм’ерам было ўспрынятае даволі пазітыўна. Гэтак, палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў адзначаў, што гэта адносна «ліберальны эканаміст», які «выступаў за прадпрымальніцтва, за эканамічна свабодныя рэчы». І што ягоная кандыдатура лепшая за «нейкага заўзятага антырыначніка». Дарэчы, ужо 15 красавіка ўрад Беларусі лібералізаваў цэнаўтварэнне, што, праўда, справакавала інфляцыю.

Анастасія Лузгіна, экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC, у каментары «Белсату» адзначыла, што Турчын яшчэ падчас прызначэння казаў пра важнасць эвалюцыі, а не рэвалюцыі. А таму і рэзкіх зменаў у эканамічнай палітыцы пры ім пакуль не адбылося, паставіць эканоміку «з ног на галаву», як таго хацеў Лукашэнка, не выйшла. Тыя ж дзеянні, якія рабіў урад, заставаліся ў рамках ранейшых тэндэнцыяў, падкрэсліла Лузгіна. У тым ліку і змякчэнне цэнавага рэгулявання, бо пэўныя касметычныя крокі рабіліся і раней. Да таго ж, да лібералізацыі цэнаўтварэння саспелі неабходныя ўмовы, у тым ліку істотна знізілася рэнтабельнасць кампаніяў.
,,«З прыходам Турчына, можа быць, да гэтага трошкі больш рашуча падышлі», – сказала Лузгіна.
Эканамістка Аліса Рыжычэнка ў сваю чаргу назвала аслабленне рэгулявання цэнаў адным з нешматлікіх станоўчых вынікаў дзейнасці новага прэм’ера, хоць «рана ці позна ўрад – быў бы там Турчын на чале ці нехта іншы – усё роўна б прыйшоў да гэтых захадаў, бо фінансавы стан прадпрыемстваў, асабліва гандлю, пакідае жадаць лепшага». І хоць гэта і спрычынілася да росту інфляцыі, «яна павялічваецца не рэзка, плаўна, хай і не ўваходзіць у тыя паказнікі, якія ставіў перад сабой урад па выніках года». На думку Рыжычэнкі, калі б улады працягнулі стрымліваць цэны, то праз некаторы час усё магло б зрабіцца яшчэ горшым, аж да 20-адсоткавай інфляцыі, што было б «вялікім ударам для насельніцтва Беларусі».
Што датычыць прынятай урадам праграмы развіцця на 2025–2029 гады, то яна, паводле Анастасіі Лузгіной, утрымлівае «агульныя словы». Абвешчанае ў праграме павелічэнне будаўніцтва арэнднага жытла было прыкметнае яшчэ летась. Цяпер жа гэта афіцыйна замацавалі ў планах. Важным эканамістка назвала тое, што ў стратэгіі развіцця запісана, што насельніцтва ў 2029 годзе мае плаціць 100 % кошту паслуг ЖКГ. Але гэта, на ейную думку, таксама нельга назваць рэвалюцыйным рашэннем, бо доля кампенсацыі жыллёва-камунальных паслугаў насельніцтвам і так расла.

Раман Аляксандравіч мяняе прафесію
Адносна ж Галоўчанкі на чале Нацыянальнага банку выказваліся асцярогі, што пры ім рэгулятар страціць рэшту самастойнасці, якая была з ранейшым старшынём Калавурам. Самога ж новага старшыню параўноўвалі з Пятром Пракаповічам, пры якім беларускі рубель перажыў некалькі буйных дэвальвацыяў і які, як і Галоўчанка, таксама не меў профільнай адукацыі. Пры гэтым былі і спадзевы, што новы кіраўнік Нацбанку «паспрабуе не руліць сам, а прыслухвацца да меркавання і парадаў, можа быць, часткі каманды, якая застанецца пасля адыходу Калавура».
Але ўслед за Калавурам пазбавіліся і ад ягоных намеснікаў, якія б маглі стрымліваць новага кіраўніка Нацбанку. Ужо 27 сакавіка быў звольнены першы намеснік Сяргей Калечыц, а 22 траўня выйшлі ў адстаўку таксама Дзмітрый Калечыц і Дзмітрый Лапко. Замест іх у Нацбанк былі прызначаныя намеснік старшыні адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандр Ягораў, які раней узначальваў Банк развіцця, першы намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун і намеснік кіраўніка апарату Савету Міністраў Дзяніс Скабялка. Прызначаючы Ягорава, які раней удзельнічаў у падтрыманні арыентаваных на экспарт прадпрыемстваў і праграмаў імпартазамяшчэння, Лукашэнка загадаў загрузіць Нацбанк «на ўсю катушку» нават пытаннямі, не ўласцівымі для яго.
Як адзначыла Лузгіна, цяпер у Нацбанк прыйшлі ў асноўным не банкіры, а «людзі трошкі з іншым бэкграўндам». Рыжычэнка ж была больш катэгарычнай: Галоўчанка заняў пасаду, у якой ён не разумее «ад слова нічога». На ейную думку, Галоўчанку ў цэлым прызначалі, каб Нацбанк страціў сваю незалежнасць як фінансавага інстытуту, і ўсё ідзе менавіта да гэтага.
,,«Усё сведчыць аб тым, што Нацбанк зараз будзе працаваць канкрэтна паводле ўказу ўраду Беларусі, а менавіта напампоўваць беларускія прадпрыемствы, асабліва дзяржаўныя, грашыма для таго, каб праводзіць нейкія мадэрнізацыі, чарговыя інвестпраекты фінансаваць, якія ў выніку не будуць прыносіць ніякага прыбытку. Бо, на жаль, усю структуру эканомікі трэба мяняць для таго, каб пачалі працаваць нейкія інвестпраекты прыбыткова», – сказала Рыжычэнка.
Яна адзначыла, што за першы квартал 2025 года крэдытаванне юрыдычных асобаў ужо павялічылася на 12 % у параўнанні з мінулым годам. Акрамя таго, змянілася структура крэдытавання: калі раней выдаваліся кароткатэрміновыя крэдыты, якія выкарыстоўваліся прадпрыемствамі як абаротныя сродкі, то цяпер павялічылася доля доўгатэрміновых крэдытаў (ад двух гадоў).
«Фактычна ідзе тэндэнцыя да таго, каб прадпрыемствы бралі працяглыя крэдыты, магчыма, пад больш выгадныя ўмовы, чым кароткатэрміновыя, бо фінансавы стан прадпрыемстваў не дазваляе ім выплачваць адсоткаў паводле кароткатэрміновых крэдытаў, і ўкладвалі гэтыя сродкі ў нейкія інвестпраекты, у мадэрнізацыю», – сказала Рыжычэнка.
Фактычна Нацыянальны банк Беларусі адмовіўся ад сваёй галоўнай мэты, уласцівай для ўсіх цэнтральных банкаў, – падтрымання фінансавай стабільнасці, заявіла Лузгіна. Замест гэтага ён цяпер ссоўваецца «ў бок большага эканамічнага росту за кошт гэтага стымулявання, што, вядома, не зусім правільна, на мой погляд», дадала эканамістка. Прадстаўніца BEROC нагадала, што нават Цэнтрабанк Расеі імкнецца захаваць якраз фінансавую стабільнасць, у тым ліку за кошт эканамічнаму росту.

Тым не менш, адзначыла Лузгіна, фінансавая сістэма Беларусі пакуль працягвае працаваць стабільна, у тым ліку дзякуючы вонкавым і ўнутраным фактарам. Гэтак, у выніку патаннення долара ў свеце беларусы прадаюць валюту, Нацбанк яе купляе, і ў выніку ў тым ліку павялічваюцца золатавалютныя рэзервы. Аднак стабільнасці валютнага рынку пагражае рост адмоўнага сальда гандлёвага балансу: могуць узнікнуць рызыкі, калі попыт на валюту будзе вышэйшы за прапанову, што можа прывесці да зніжэння курсу рубля, сказала Лузгіна.
Трэба мяняць усю сістэму
У цэлым Лузгіна адзначыла, што на свае пасады Турчын і Галоўчанка заступілі ва ўмовах запаволення росту ВУП, паскарэння росту інфляцыі, пагаршэння сальда гандлёвага балансу. Але гэта аб'ектыўныя эканамічныя трэнды, якія прагназаваліся на гэты год. Улады ж краіны, захоўваючы моцны дзяржаўны ўплыў на эканоміку, спрабуюць стымуляваць эканамічны рост з дапамогай унутраных інвестыцыяў, што, аднак, не дазваляе павялічыць рост ВУП у сітуацыі абмежаваных магчымасцяў беларускай эканомікі, улучна з вострым дэфіцытам кадраў.
Рыжычэнка ж падкрэсліла, што ў цэлым у беларускай палітычнай сістэме хто б ні стаяў на чале Савету Міністраў і Нацбанку, рашэнні ўсё адно прымаюцца Лукашэнкам.
,,«І без ягонага ведама і дазволу немагчыма праводзіць якіясьці палітычныя і эканамічныя рашэнні і рэалізоўваюць іх», – сказала яна.
Паводле Рыжычэнкі, эфектыўнасць беларускай эканомікі застаецца на ранейшым узроўні, бо «сістэма дзяржаўнага кіравання ў корані не мяняецца» – рашэнні вертыкалі ўлады «абсалютна далёкія ад эфектыўнага кіравання дзяржавай і эканомікай». На ейную думку, мы бачым толькі спробы пратрымацца на плаве і «не ўпасці зусім ніжэй за тыя паказнікі, якія ў галаве Лукашэнкі ёсць дапушчальнымі».
Макар Мыш belsat.eu