Кіраўнік Нацыянальнага цэнтру абароны персанальных звестак Андрэй Гаеў апавёў пра новыя выцекі асабовых звестак, якія ўдалося выявіць ягонаму ведамству, а таксама агулам закрануў пытанне выцекаў інфармацыі, адзначыўшы, што не час расслабляцца.
Колькасць інцыдэнтаў з выцекам звестак за апошнія гады скарачаецца, але гэта не значыць, што пагроза знікла, адзначыў Андрэй Гаеў падчас форуму «Digital Expo».
,,«На мінулым тыдні мы атрымалі інфармацыю пра выцекі асабовых звестак, якія мелі месца. Самі кампаніі, падобна, яшчэ пра гэта не ведаюць. Прыкметы здарэння сведчаць, што выцекі адбыліся праз упаўнаважаных асобаў гэтых арганізацыяў», – паведаміў Гаеў.
Як высветлілася, інцыдэнты закранулі кампаніі, што працуюць у сферы відэаназірання і будаўніцтва. У гэтых выпадках, паводле Гаева, кампаніі не забяспечылі неабходнага тэхнічнага і арганізацыйнага ўзроўню абароны звестак. Цяпер робяцца адпаведныя захады.
Гаеў заклікаў бізнес больш сур’ёзна ставіцца да кіравання інфармацыйнаю бяспекаю: страты могуць быць не толькі рэпутацыйныя, але і фінансавыя. Ён падкрэсліў: цэнтр абароны звестак ствараецца не дзеля пакарання, а для папярэджання і дапамогі, і заклікаў карыстацца рэсурсамі, якія яны публікуюць у адкрытым доступе.
Акрамя гэтага, Гаеў паведаміў, што цягам мінулага і гэтага года праводзіўся маніторынг выканання Закону аб персанальных звестках – сістэмных парушэнняў не выяўлена. Але паколькі прававое поле патрабуе актуалізацыі, падрыхтаваны новы законапраект, які з улікам усіх прапановаў можа ўнесці змены ў дзейнае заканадаўства.
Нагадаем, што перыядычна атакі на інфармацыйныя сістэмы дзяржаўных установаў ладзіць суполка «Кіберпартызаны». Найперш у іхную ўвагу трапляюць арганізацыі, датычныя да палітычных рэпрэсіяў у краіне, і прадпрыемствы, якія прыносяць даход атачэнню Лукашэнкі.
Паведамленняў ад суполкі пра атакі на кампаніі, звязаныя з відэаназіраннем ці будаўніцтвам, не паступала. Апошняя акцыя, якую зладзілі «Кіберпартызаны» на беларускія ўстановы, – кібератака на Банк развіцця Рэспублікі Беларусь. Яна адбылася 25 сакавіка, на Дзень Волі. Тады на галоўнай старонцы банку былі размешчаныя банеры з Пагоняй і гімн слуцкіх паўстанцаў, які стаў у свой час гімнам БНР.
Раман Шавель belsat.eu