Коштам сотняў тысяч жыццяў Расея акупавала пятую частку Украіны, але Украіна захавала незалежнасць. Пуцін не дасягнуў сваіх мэтаў, якіх гэтак і не здолеў выразна сфармуляваць. «Белсат» згадвае, што адбылося за 1000 дзён поўнамаштабнай вайны.
Вайна ва Украіне пачалася больш за 10 гадоў таму: у 20-х днях лютага 2014-га, калі Расея стала перакідваць свае войскі – «зялёных чалавечкаў» без знакаў адрознення – ва ўкраінскі Крым. Анексія паўвострава адбылася амаль бяскроўна: загінулі шасцёра. У красавіку 2014 года Расея распачала вайну на Данбасе. У выніку гэтай фазы Украіна страціла кантроль над часткамі Данецкай і Луганскай вобласцяў, дзе былі ўтвораныя прарасейскія гэтак званыя ДНР і ЛНР. Вайна на Данбасе забрала не менш як 13 200 жыццяў – пераважна, жыццяў украінцаў па абодва бакі канфлікту.
Дзеянні Расеі выклікалі міжнароднае асуджэнне і санкцыі. Расея страціла ў рэпутацыі і эканоміцы, але Уладзімір Пуцін не страціў жадання ваяваць. Імаверна, у лютым – сакавіку 2021 года ён пастанавіў распачаць поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Калі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, якога ўкраінцы падазравалі ў жаданні капітуляваць перад Пуціным, не захацеў здаваць радзімы. Пуцін пачаў вайну 1000 дзён таму, 24 лютага 2022-га. Украіна рыхтавалася да нападу, але не здолела спыніць яго на мяжы.
Што з мэтамі
Пуцін раз за разам паўтарае: мэты «спецыяльнай ваеннай аперацыі» (толькі так у Расеі дазволена называць вайну супраць Украіны) – гэта «дэмілітарызацыя, дэнацыфікацыя і абарона мірнага насельніцтва Данбасу ад генацыду». Што канкрэтна гэта значыць, Пуцін так і не патлумачыў: мэты мяняюцца, але не фармулююцца. У мілітарызацыю Украіны ейныя саюзнікі ўкладваюць дзясяткі мільярдаў долараў (і падумваюць пра мілітарызацыю ўсёй Еўропы), прыкметы нацысцкіх ідэяў усё больш заўважныя ў самой Расеі, а на Данбасе амаль не засталося мужчынаў рэпрадуктыўнага ўзросту – толькі не праз выдуманы «украінскі генацыд», а праз мабілізацыю на расейскую вайну.

Імаверна, пачатковаю мэтаю было паўтарэнне «крымскага трыумфу»: хуткай і амаль бяскроўнай акупацыі, толькі гэтым разам прынамсі паловы, а то і ўсёй Украіны. Расейская прапаганда перад поўнамаштабным уварваннем хвалілася, што Расея возьме Кіеў «за тры дні». Гэта выглядала падобным да праўды, калі глядзець толькі на голыя лічбы: вайсковы патэнцыял Расеі большы паводле любога з паказнікаў. У гэта верылі нават у ЗША. Не ўлічылі таго, што ў лічбах не вымяралася. Бітва за Кіеў трывала месяц з невялікім, у выніку Расея адвяла войскі ад украінскай сталіцы, назваўшы гэта «жэстам добрай волі».
Мэты Украіны відавочныя: заданне максімум – вярнуцца да міжнародна прызнаных межаў 1991 года, задача мінімум – не здавацца. Зяленскі прапаноўваў дэталёвы план перамогі, які, праўда, не ўразіў саюзнікаў. Што да мэтаў Пуціна, то яны, падобна, зводзяцца не да заваявання тэрыторыі, а да капітуляцыі Украіны і пазбаўлення яе незалежнасці. А менавіта цяпер Пуцін, магчыма, чакае, што выбраны прэзідэнт Злучаных Штатаў Доналд Трамп проста пойдзе яму насустрач, не папрасіўшы ад яго ніякіх саступак. План Трампа можа быць іншы, але ён пакуль не раскрыты.
Што з тэрыторыямі
Расея кантралюе крыху менш за 20 % тэрыторыі Украіны. Расея фармальна анексавала Крым у 2014 годзе, а ў верасні 2022-га – Запарожскую, Данецкую, Луганскую і Херсонскую вобласці Украіны. З гэтага Расея кантралюе цалкам толькі Крым, амаль цалкам – Луганскую вобласць, акупавала каля 72 % Запарожскай (без абласнога цэнтру – Запарожжа), 61 % Данецкай і 58 % Херсонскай вобласцяў (ужо два гады – без Херсону). Пуцін сцвярджае, што перадача яму чатырох названых вобласцяў – гэта ягоная перадумова для пачатку перамоваў.
Украіна кантралявала каля 4,2 % Курскай вобласці, або 0,007 % тэрыторыі Расеі на піку аперацыі, цяпер трымае каля траціны ад таго. Але аперацыя была не дзеля захопу Расеі, а адцягвання расейскіх войскаў з іншых кірункаў ды, магчыма, «козыру» на патэнцыйных мірных перамовах. У Расеі на афіцыйным узроўні і ў дзяржаўных медыях украінскую аперацыю ў Курскай вобласці быццам бы не заўважаюць (нават калі Расея зазнае там цяжкія страты). Дый расейцы агулам стаміліся ад вайны і намагаюцца яе не заўважаць.

Калі глядзець на мапу ўсёй Украіны, цяжка разглядзець змены лініі фронту за апошнія два гады (пасля вызвалення Херсону). Але калі добра прыглядзецца, Расея за апошнія месяцы наступае: так, толькі за кастрычнік Украіна страціла сваіх тэрыторыяў больш, чымся цяпер кантралюе расейскіх. Пагаворвалі нават, што «фронт пасыпаўся». Ды наступ даецца Расеі рэкорднымі стратамі: цаною тысяч жыццяў бярэ паселішчы, ад якіх сама пакінула толькі руіны.
Што са стратамі
Загінулі сотні тысяч асобаў, забітых і цяжка параненых разам больш за мільён. Дакладную колькасць назваць цяжка: ва ўмовах вайны незалежны падлік стратаў немагчымы, ёсць толькі ўскосныя незалежныя ацэнкі і заявы бакоў канфлікту.
Расея страціла забітымі ніяк не менш за 77 тысяч вайскоўцаў з пачатку поўнамаштабнай вайны: столькі імёнаў сабралі «Медиазона» і Бі-Бі-Сі. На падставе справаў аб спадчыне яны мяркуюць, што агулам загінулі каля 120 тысяч вайскоўцаў. Максімальную ацэнку дае Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны: Расея з пачатку поўнамаштабнай вайны страціла больш за 724 тысячы вайскоўцаў забітымі і цяжка параненымі, больш за 9300 танкаў (на вайну ўжо выпраўляюць танкі з рэквізіту «Мосфильма»), 19 тысяч браняваных машынаў, 20 тысяч артылерыйскіх сістэмаў, па тры сотні самалётаў і верталётаў, 28 караблёў… Расея рэдка прызнае свае страты, часцей ігнаруе ці адмаўляе. Або закідвае фантастычнымі версіямі: напрыклад, флагман Чарнаморскага флоту (той самы «расейскі вайсковы карабель», які абаронцы вострава Змяіны слалі куды далей) затануў, бо хтосьці не згасіў цыгарэты.

Украіна страціла забітымі не менш за 30 тысяч вайскоўцаў. Паводле амерыканскіх ацэнак, больш за 57,5 тысячы забітымі і 250 тысячаў параненымі. Расея заяўляе, што Украіна страціла больш за 900 тысяч вайскоўцаў забітымі і параненымі, ды афіцыйныя расейскія звесткі даўно не выклікаюць аніякага даверу: напрыклад, у канцы 2022 года Міністэрства абароны Расеі «назнішчала» ва Украіне 55 амерыканскіх установак HIMARS, у той час як ва Украіне былі толькі 20 такіх, і Пэнтагон заяўляў, што ўсе яны цэлыя.
Страты мірнага насельніцтва Украіны склалі, паводле падлікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, амаль 12 тысяч асобаў загінулымі і амаль 25 тысячаў параненымі з пачатку поўнамаштабнай вайны да кастрычніка 2024 года. Расея сцвярджае, што ў прыфрантавых вобласцях загінулі 82 цывільныя асобы, але ААН не можа праверыць гэтых звестак.
Што з эканомікай і палітыкай
За першыя два тыдні поўнамаштабнай вайны Расея сталася сусветным лідарам у колькасці накладзеных на краіну санкцыяў. Мноства расейскіх банкаў былі адлучаныя ад міжбанкаўскай сістэмы SWIFT, «Вялікая сямёрка» выставіла абмежаванне на цану расейскай нафты, на Захадзе замарозілі расейскія актывы на 260 мільярдаў еўраў (і прынамсі частку даходаў з гэтых актываў перадаюць Украіне). Беларусь як суагрэсарка таксама трапіла пад моцныя абмежаванні.
Але санкцыі не павалілі расейскую эканоміку: Расея рыхтавалася ад вайны (у адрозненне ад Еўропы, якая цяжка пазбаўляецца энергетычнай залежнасці), праз разумную палітыку Цэнтрабанку пазбегла вострага фінансавага крызісу, знайшла альтэрнатыву страчаным рынкам і шляхі абыходу санкцыяў (дзеля гэтага Расея завяла цэлы «ценявы флот»). Валавы ўнутраны прадукт Расеі нават расце праз рост вайсковых выдаткаў. Ёсць прыкметы таго, што расейская эканоміка сутыкнецца са значнымі праблемамі ў 2025 годзе і што Пуцін занепакоены эканамічнаю стабільнасцю ў доўгатэрміновай перспектыве. Ды расейскай эканоміцы прагназуюць крах ужо з тысячу дзён – таксама як, напрыклад, прагназуюць, што ў Расеі «скончацца ракеты». Пакуль жа ні эканоміка не павалілася, ні ракеты не скончыліся, а на дадатак да ракетаў з’явіліся кіраваныя авіябомбы.
Расея з Кітаем, Іранам і Паўночнаю Карэяй утвараюць тое, што некаторыя называюць воссю зла. Расея абстрэльвае Украіну іранскімі дронамі-камікадзэ «Shahed-136» і паўночнакарэйскімі снарадамі, у Курскай вобласці Расею бароняць прынамсі 10 тысяч вайскоўцаў КНДР. Кітай падтрымлівае Расею ўскосна: напрыклад, пастаўкамі мікраэлектронікі для вайсковых мэтаў і экспартам безлічы «мірных» тавараў і тавараў падвойнага прызначэння. Ды ёсць нюанс: у «саюзнікаў» Расеі насамрэч свае мэты і мала супольных з Расеяй інтарэсаў, што відаць, напрыклад, з саміту BRICS ці Менскай канферэнцыі аб бяспецы. Напрыклад, расейскія энерганосьбіты радая купляць Індыя, але за рупіі, якія Расея не можа вывесці і вымушаная інвеставаць у Індыю. Нягледзячы на пэўныя поспехі Расеі ў Афрыцы, Глабальны поўдзень і Трэці свет не ператварыліся ў прарасейскі блок. Некаторыя вымушаныя мірыцца з Расеяй – як заціснутая між Расеяй і Кітаем Манголія, якая была вымушаная прыняць Пуціна ў госці, нягледзячы на ордар на ягоны арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда.

Украінская эканоміка, вядома, моцна пацярпела ад вайны: і наўпрост ад абстрэлаў (якія пэўны час былі скіраваныя найперш на энергетычную інфраструктуру), і ўскосна ад, напрыклад, захопу Расеяй Запарожскай АЭС або наступстваў патопу пасля падрыву Расеяй Кахоўскай ГЭС. Але, напрыклад, медыянныя заробкі ў Расеі і ва Украіне засталіся параўнальнымі: каля 590 і 415 долараў адпаведна. Захад працягвае падтрымліваць Украіну, ды дае толькі 10 % абяцанай дапамогі. Магчыма, Захад баіцца распаўзання вайны або не можа змяніць міралюбнай парадыгмы. А можа, рэч, хутчэй, у грошах, якіх трэба вельмі шмат і на вайну, і патэнцыйна на аднаўленне Украіны па вайне (яшчэ два гады таму Зяленскі казаў, што на аднаўленне спатрэбіцца больш за 1 трыльён долараў).
І чым бы ні скончылася гэтая вайна, ужо ясна, што і Расею, і Украіну чакае дэмаграфічны крызіс на шмат гадоў.
Што далей
Гэта невядома. Увесь свет чакае, што пастановіць Трамп. Выбраны прэзідэнт найбуйнейшай эканомікі свету казаў, што хоча «спыніць вайну» і можа зрабіць гэта «за 24 гадзіны». Як менавіта, ён не ўдакладняў: ёсць толькі здагадкі і выказванні асобаў з ягонага атачэння, што ён хоча замарозіць вайну на лініі фронту. Пуцін не дае сігналаў, што гатовы да саступак, і дакладна не пагодзіцца на «план Халка» – проста вывесці войскі з Украіны.
Украінцы не здаюцца, хоць стомленыя і ўжо не настолькі матываваныя, як у пачатку поўнамаштабнай вайны. Бальшыня расейцаў лічыць вайну шкоднай і хоча мірных перамоваў. Ды хоць Крэмль не адважваецца на новую хвалю адкрытай мабілізацыі, а добраахвотнікаў на вайну даводзіцца завабліваць выплатамі да 150 тысяч долараў, расейцы не перастаюць ваяваць – за месяц дэзертуе прыблізна столькі ж, колькі гіне за дзень.
Алесь Наваборскі belsat.eu