У Офісе прэзідэнта загадзя папярэджвалі: Зяленскі не раскажа публічна ўсе дэталі плану. Але асноўныя напрамкі ён назваў 16 кастрычніка на паседжанні Вярхоўнай рады.
Вярхоўная рада Украіны 16 кастрычніка заслухала план перамогі ў вайне ад прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Паседжанне транслявалі ў сацсетках, на Youtube і па ўкраінскіх тэлеканалах.
Абноўлена. Вярхоўная рада Украіны адзінагалосна падтрымала план Зяленскага.
Праект змяшчае пяць асноўных пунктаў і яшчэ тры сектарныя дадаткі, частка пунктаў сакрэтная. У прэзентацыі было няшмат лічбаў ці назваў населеных пунктаў або відаў узбраенняў. План – стратэгічныя напрамкі і ідэі.
Украінскае выданне «Обозреватель» пераказала гэтыя пункты так:
- Геапалітыка. Запрашэнне Украіны ў NATO ужо зараз. Гэта мае стаць «фундаментальным для міру». Хоць само далучэнне да NATO – пытанне будучыні, а не цяперашняга часу, Уладзімір Пуцін мае пабачыць, што ягоныя геапалітычныя разлікі пройгрышныя.
- Абарона. Аперацыі на тэрыторыі Расеі, каб «расейцы пачалі разварочваць нянавісць у бок Крамлю», падтрымка ад партнёраў у фармаванні рэзервовых брыгадаў, паляпшэнне супрацьпаветранай абароны, зняцце забаронаў на ўдары па расейскіх вайсковых аб’ектах і наданне далёкабойнай зброі. Пункт мае сакрэтныя дадаткі.
- Стрымліванне. Няядравы пакет стрымлівання для абароны Украіны, праз які Расея мусіць зразумець, што на далейшую агрэсію «будзе адэкватны адказ». Гэты пункт мае сакрэтны дадатак.
- Эканоміка. Угоды са Злучанымі Штатамі і Еўразвязам, скіраваныя на абарону рэсурсаў і выкарыстанне эканамічнага патэнцыялу Украіны, каб забяспечыць мір праз эканамічную моц. А таксама санкцыі супраць Крамлю. Гэты пункт таксама мае сакрэтныя часткі.
- Будучыня. Украіна сярод іншага атрымае дасведчаны вайсковы кантынгент, які будзе здольны гарантаваць бяспеку ў Еўропе, нават замяніць амерыканскія войскі ў еўрапейскіх дзяржавах.
,,«Калі план падтрымаюць, мы можам скончыць вайну не пазней за наступны год», – казаў Зяленскі пра замежных партнёраў.
Зяленскі наракаў, што ад замежных партнёраў чуе шмат пра перамовы і мала пра справядлівасць.
Раней ён пераказваў план прэзідэнту ЗША Джо Байдэну і абодвум кандыдатам у прэзідэнты. Хадзілі чуткі, што план не ўразіў Дзяржаўны дэпартамент ЗША, ды дзяржаўны сакратар ЗША запэўніў, што план вывучаюць.
Расея, падобна, не мае плану мірнага ўрэгулявання, а мае толькі план капітуляцыі Украіны разам з краінамі Захаду. У першым Саміце міру Расея не ўдзельнічала, а другі саміт адклалі, магчыма, таму, што Расея не збіралася ўдзельнічаць і ў ім. Зяленскі перакананы, што Пуцін не хоча міру і не пачуе іншых.
Па сканчэнні выступу Зяленскага запланаваная нарада прэзідэнта з кіраўніцтвам парламенту і фракцыяў.
Алесь Наваборскі belsat.eu