Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 946-ы дзень. Расея не спыняе наступ на Данбасе, абстрэлы мірных жыхароў і энергетычнай інфраструктуры, пагрозы ядравай зброі. «Белсат» расказвае, што вядома на раніцу 26 верасня.
Як піша Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны, за мінулы дзень зафіксавалі 189 баявых сутыкненняў – інтэнсіўнасць баёў даволі высокая, але не рэкордная. Найбольш атак было на пакроўскім, курахаўскім і ліманскім напрамках, таксама расейскія войскі спрабавалі наступаць на харкаўскім, купянскім, краматорскім, тарэцкім, врэменеўскім, арэхаўскім, прыдняпроўскім напрамках. Паводле ЗСУ, за дзень расейскія войскі страцілі 1400 вайскоўцаў, 10 танкаў, 44 баявыя бронемашыны, 71 артылерыйскую сістэму, 7 сродкаў супрацьпаветранай абароны, 105 аўтамабіляў, 22 адзінкі спецтэхнікі.
За мінулы дзень таксама зафіксавалі ўдары чатырма ракетамі, 118 кіраванымі авіябомбамі, 4600 абстрэлаў, з якіх 109 – з рэактыўных сістэмаў залпавага агню. Паветраныя сілы за ноч збілі 66 з 78 ударных беспілотнікаў тыпу іранскіх «Shahed» (прынамсі чатыры праляталі над Беларуссю) і 4 з 4 кіраваных ракет «Х-59/69». 26 верасня абстрэлы і ўдары працягнуліся, запускалі ў тым ліку ракеты «Кінжал».

Ды ў выніку ракетнай атакі ў Адэскім раёне загінула 62-гадовая жанчына. У Запарожжы трапілі ў жылую забудову, паранілі сем чалавек, у тым ліку 14-гадовага хлопца. На Івана-Франкоўшчыне і Мікалаеўшчыне пашкодзілі энергетычную інфраструктуру, былі адключэнні абанентаў. У Кіеве аскепкі дронаў выклікалі пажары ў дамах і пашкоджанні машынаў, сярод іншага ўпалі на тэрыторыю дзіцячага садка.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што Расея працягвае наступаць на паўночным Захадзе ад Крамянной, у Тарэцку, на паўднёвым усходзе ад Пакроўску, прасунуліся вакол і ўнутры Вуглядару, Украіна працягвае адбіваць пазіцыі ў Ваўчанску, абодва бакі не маюць прасоўвання ў Курскай вобласці Расеі.
Уладзімір Пуцін, адзначае ISW, працягвае пагражаць ядравай зброяй – імаверна, каб адпудзіць Захад ад дазволу Украіне біць заходняй зброяй па вайсковых аб’ектах у Расеі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі тым часам з трыбуны Генеральнай асамблеі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў кажа, што Расея плануе атакаваць тры пакуль не кранутыя атамныя электрастанцыі Украіны, каб пазбавіць украінцаў святла ўзімку. Украінскі «Энергаатам» раніцай 26 верасня паведміў, што мінулай ноччу быў зафіксаваны чарговы пралёт расейскага беспілотніка на крытычна нізкай вышыні недалёка ад прамысловай пляцоўкі Ровенскай АЭС.
Брытанская выведка звяртае ўвагу на атакі на Вуглядар, Тарэцк, Пакроўск і Часаў Яр. Падобна, што Расея атакуе адначасова розныя напрамкі, каб расцягнуць украінскія сілы, але праз гэта сама не можа сабраць на адным напрамку сілы, дастатковыя для значнага эфекту.
Зяленскі абмеркаваў свой мірны план з прэзідэнтам Злучаных Штатаў Джо Байдэнам. Афіцыйна Белы дом адрэагаваў стрымана. Ананімныя крыніцы «The Wall Street Journal» у Дзяржаўным дэпартаменце ЗША сцвярджаюць, што мірны план «не ўразіў», бо там «няшмат новага» і няма «ўсеабдымнай стратэгіі». Але ў плане добра прапісаная частка пра просьбы аб зброі і запыт на зняцце забароны ўдараў заходнімі далёкабойнымі ракетамі па тэрыторыі Расеі. Часткі пра палітычную рэформу і эканамічную падтрымку прапісаныя менш канкрэтна. У Белым доме, паводле WSJ, спадзяваліся пачуць ад Кіева нешта канкрэтнае, што адміністрацыя Байдэна магла б падтрымаць за апошнія чатыры месяцы працы дзейнага прэзідэнта ЗША.
Ды пасля сустрэчы з Зяленскім у Нью-Ёрку Байдэн правёў сустрэчу з лідарамі больш як трох дзясяткаў краінаў, яны падпісалі супольную дэкларацыю падтрымкі і аднаўлення Украіны. Неўзабаве ЗША абвясцілі пра новы пакет вайсковай дапамогі Украіне: снарады для «HIMARS» і артылерыі, баявыя машыны, патрульныя лодкі і іншае, агулам на 375 млн долараў. Зяленскі таксама абмеркаваў з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам узмацненне ўкраінскай супрацьпаветранай абароны і навучанне вайскоўцаў – Францыя бліжэйшым часам мае падрыхтаваць і абсталяваць украінскую брыгаду. Рыхтуецца сустрэча па ядравай бяспецы – Францыя ёсць лідарам адпаведнай міжнароднай групы.
Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падтрымала ўкраінскую «формулу міру», выступіла ў падтрымку вяртання Украінай сваіх тэрыторыяў, а таксама падкрэсліла, што толькі дэмакратычна выбранае кіраўніцтва Беларусі можа быць гарантам бяспекі для Украіны і іншых суседзяў.
Расея тым часам, як даведалася «Reuters» ад еўрапейскіх выведнікаў, распачала сакрэтную праграму з Кітаем па вытворчасці далёкабойных дронаў «Гарпія-3» – беспілотнікі маюць вырабляць на заводзе ў Кітаі. Міністэрства замежных справаў Кітаю адмаўляе гэтыя абвінавачванні, Белы дом жа выказвае занепакоенасць і нагадвае Кітаю пра абавязак прадухіляць такую вытворчасць. А ўкраінскае выданне «Defense Express» атрымала фота расейскага «Шагэду» з абсталяваннем для працы з амерыканскім спадарожнікавым праектам «Starlink».
Алесь Наваборскі belsat.eu