Падчас візіту ў ЗША на гэтым тыдні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі збіраецца прэзентаваць уладам Злучаных Штатаў свой план перамогі ў вайне з Расеяй. Дэталі напярэдадні раскрылі заходнія медыі.
Паводле The Times, план Уладзіміра Зяленскага складаецца з чатырох асноўных пунктаў: па-першае, запыт на заходнія гарантыі бяспекі, падобныя да пакту аб узаемнай абароне, заключаным у межах сяброўства ў NATO; па-другое, працяг уварвання Украіны ў Курскую вобласць Расеі з мэтай атрымаць тэрытарыяльны козыр; па-трэцяе, запыт на «канкрэтныя» сучасныя віды ўзбраення; і, па-чацвёртае, міжнародная фінансавая дапамога для разбуранай эканомікі Украіны.
Пры гэтым Зяленскі хоча «абараніць» амерыканскую дапамогу Украіне на выпадак перамогі на выбарах ЗША Доналда Трампа, які можа спыніць вайну, прымусіўшы Кіеў да тэрытарыяльных саступак.
Украінскі прэзідэнт адхіліў любое спыненне агню, любое «замарожванне вайны або любыя іншыя маніпуляцыі, што проста адкладуць расейскую агрэсію на больш позні этап». Адмаўляецца Украіна і ад перадачы якой-кольвектэрыторыі Расеі.
Некаторыя дэталі ўкраінскага плану раскрыў і сам Зяленскі ў інтэрв’ю «The New Yorker». Паводле яго, план змяшчае некалькі элементаў, звязаных з доўгатэрміновай бяспекай і геапалітычнай пазіцыяй Украіны. Сярод асноўных пунктаў – паскоранае ўступленне Украіны ў NATO і наданне заходняй вайсковай дапамогі з меншымі абмежаваннямі.
,,«План перамогі – гэта мост. Моцная Украіна прымусіць [Уладзіміра] Пуціна сесці за стол перамоваў. Я ў гэтым перакананы», – заявіў украінскі прэзідэнт.
Ён падкрэсліў важнасць рашучых дзеянняў заходніх партнёраў, калі яны не хочуць, «каб гэтая вайна працягвалася». Пры гэтым Зяленскі разумее, што гэта можа быць апошні шанц атрымаць істотную замежную дапамогу перад выбарамі ў ЗША.
Захад стаміўся ад вайны і скептычны да здольнасцяў Украіны
Як піша аглядальнік «The Times» Марк Галеоці, у ЗША ўжо азнаёміліся з некаторымі агульнымі контурамі плану і лічаць яго практычным. На Захадзе мяркуюць, што адною з мэтаў плану Уладзіміра Зяленскага ёсць утрыманне падтрымання саюзнікаў, прымушэнне «заставацца ў шэрагу».
Аднак, піша Галеоці, на Захадзе назіраецца значная «стомленасць ад Украіны» і расце адчуванне неабходнасці скончыць канфлікт, нават калі гэта азначае ўсталяванне «выродлівага міру». Тым не менш, дадае ён, у заходніх саюзнікаў няма адзінага меркавання, як мае завяршыцца вайна. Паводле аглядальніка, нават самыя адкрытыя саюзнікі Украіны скептычна ставяцца да таго, што Кіеву ўдасца ваенным шляхам вярнуць усю акупаваную тэрыторыю.
Непрыемным следствам гэтага ёсць тое, піша Галеоцці, што калі Украіна і далей будзе адмаўляцца прызнаваць якія-кольвек тэрытарыяльныя страты, то канфлікт ператворыцца ў «вечную вайну»:
«Пасля пэўнага моманту наступіць знясіленне, і ваенны канфлікт будзе вагацца паміж эпізодамі жорсткіх баёў і часовымі замірэннямі, але не скончыцца».
Паводле Галеоцці, «Украіна мусіць увесь час угаворваць, упрошваць і застрашваць сваіх саюзнікаў, каб не проста падтрымліваць і пашыраць іх дапамогу, але і не прымушаць Кіеў ісці на саступкі, якіх ён не жадае».
Раней паведамлялася, што Зяленскі плануе азнаёміць са сваім планам не толькі дзейную адміністрацыю ЗША, але і каманды Камалы Гэрыс і Доналда Трампа, галоўных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года.
Якуб Хруст belsat.eu