Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паляцеў у ЗША з амбітным заданнем: забяспечыць падтрыманне свайму «Плану перамогі» над Расеяй. Аднак падобна на тое, што план амерыканцаў не ўразіў, а ўкраінскі лідар апынуўся ў эпіцэнтры перадвыбарчай барацьбы і сутыкнуўся з рэзкаю крытыкаю рэспубліканцаў.
«План перамогі»
Упершыню пра «План перамогі» Уладзімір Зяленскі загаварыў напрыканцы жніўня, але без канкрэтыкі. У Офісе прэзідэнта толькі патлумачылі, што ён абымае вайсковае і эканамічнае падтрыманне Украіны, дыпламатычны ціск на агрэсара і палітычны прымус Расеі да міру. Рыхтавалі план ва ўмовах сакрэтнасці: паводле крыніцаў NV, дакумент бачылі цалкам з паўдзясятка асобаў.
Падчас візіту ў ЗША Зяленскі мусіў прэзентаваць «План перамогі» прэзідэнту Джо Байдэну, кандыдатам на прэзідэнцтва Камале Гэрыс і Доналду Трампу, а таксама прадстаўнікам Кангрэсу ЗША. «Гэтую вайну можна завершыць справядлівым мірам толькі на аснове глабальнай працы», ‒ заявіў Зяленскі, прыляцеўшы ў ЗША 22 верасня. Раней ён таксама падкрэсліваў, што рашэнні трэба прымаць хутка, з кастрычніка і да снежня 2024 года, тады план спрацуе.
Афіцыйна «План перамогі» апублікаваны не быў, але некаторыя падрабязнасці трапілі ў медыі. Паводле журналістаў, дакумент утрымлівае дэталёвы пералік зброі і тэхнікі, неабходнай Украіне, каб перамагчы Расею на полі бою. Падкрэсліваецца важнасць дазволу на выкарыстанне дальнабойных заходніх ракетаў для ўдараў углыб расейскай тэрыторыі.
З інфармацыі медыяў вынікае, што палітычны складнік плану абымае запросіны Украіны ў NATO і ўвогуле права Кіева быць сябрам любога альянсу, не звяртаючы ўвагі на пазіцыю якіх-кольвек трэціх краінаў. Эканамічны складнік прадугледжвае нарошчванне інвестыцыяў у вайсковую вытворчасць на тэрыторыі Украіны, а таксама ўзмацненне антырасейскіх санкцыяў.
Дыпламатычны складнік патрабуе працы з краінамі Глабальнага поўдня. Выступ Зяленскага на пасяджэнні Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку і шэраг кароткіх сустрэчаў з сусветнымі лідарамі на палях саміту былі разлічаныя якраз на гэты кірунак.
Паводле «NV», «План перамогі» закліканы стварыць перавагу Украіны перад патэнцыйнымі перамовамі пра заканчэнне вайны з Расеяй. У той жа час, як адзначылі крыніцы выдання, ініцыятыва Кіева не прадугледжвае замарожвання ваенных дзеянняў і адыходу ад украінскай формулы міру. Крыніцы Бі-Бі-Сі таксама падкрэсліваюць, што план не замяняе формулы міру. «Гэта, хутчэй, план захадаў для выканання формулы міру», – патлумачыў суразмоўца Бі-Бі-Сі.
Дапамога і расчараванне
Зяленскі заявіў, што «План перамогі» апынецца на стале ўсіх саюзнікаў Украіны, але пачаць ён пастанавіў менавіта з ЗША. Разлік украінскага лідара цалкам зразумелы: прэзідэнцтва Байдэна завяршаецца, яму не трэба думаць пра наступствы тых ці іншых рашэнняў для сваёй далейшай палітычнай кар’еры, таму ў гэты перыяд ён можа наважыцца на больш рашучыя крокі, чымся звычайна. Калі ў наступныя месяцы рашэнні ў межах «Плану перамогі» прадэманструюць сваю эфектыўнасць, то наступны прэзідэнт, ці то Гэрыс, ці то Трамп, не стануць адмаўляцца ад удалай стратэгіі. А пазіцыя Злучаных Штатаў прадвызначыць стаўленне да плану іншых саюзнікаў Украіны.

Аднак ініцыятыва Зяленскага адразу забуксавала. Яшчэ да перамоваў з Байдэнам аўтарытэтнае амерыканскае выданне The Wall Street Journal паведаміла, што саюзнікаў «План перамогі» не ўразіў. Паводле журналістаў, адміністрацыя Байдэна занепакоеная тым, што план Зяленскага не мае комплекснай стратэгіі і ўяўляе сабою «не больш за перапрацаваную просьбу перадаць большую колькасць узбраенняў» і зняць абмежаванні на ракеты вялікай далёкасці.
Перамовы Зяленскага з Байдэнам і Гэрыс адбыліся 26 верасня. Прэзідэнт ЗША традыцыйна выказаў поўнае падтрыманне Украіне, а таксама апавёў пра новы пакет вайсковай дапамогі. Сярод іншага Украіна ўпершыню атрымае авіябомбы «Joint Standoff Weapon», здольныя знішчаць цэлі на адлегласці 112 км, і яшчэ адну батарэю сістэмы паветранай абароны «Patriot».
Паводле Байдэна, два ключавыя складнікі перамогі Украіны ‒ гэта ўзмацненне пазіцыяў на полі бою і доўгатэрміновая дапамога на шляху да сяброўства ў NATO і ЕЗ. «Хачу дакладна сказаць: Расея не пераможа ў гэтай вайне. Расея не пераможа. Пераможа Украіна, і мы будзем стаяць побач з ёй на працягу ўсяго шляху да перамогі», ‒ заявіў Байдэн.
Аднак пра «План перамогі» публічна прэзідэнт ЗША нічога не сказаў.
Паводле «The Washington Post», галоўную просьбу Зяленскага ‒ дазволіць наносіць удары заходнімі дальнабойнымі ракетамі па аб’ектах у глыбокім тыле Расеі ‒ Байдэн адхіліў. «The Times» сцвярджае, што прэзідэнт Украіны пакінуў Белы дом расчараваны.
Сустрэчы з прадстаўнікамі Кангрэсу ЗША, відаць, былі яшчэ менш удалыя. Выданне «The New York Times» піша, што «зорная сіла» Зяленскага ў Кангрэсе згасае. Заканадаўцы паставіліся да візіту прэзідэнта Украіны больш спакойна, як раней. У сустрэчы 26 верасня ўзялі ўдзел толькі з два дзясяткі кангрэсменаў, рэспубліканцы задавалі «гнеўныя пытанні», а спікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан увогуле праігнараваў падзею.
,,«Шмат змянілася з таго часу, калі Зяленскага сустрэлі як героя падчас выступу перад абедзвюма палатамі Кангрэсу ў перапоўненай зале Палаты прадстаўнікоў два гады таму, значная частка рэспубліканцаў цяпер выступае супраць павялічэння дапамогі [Украіне]», ‒ канстатавала выданне «Wall Street Journal».
Атака рэспубліканцаў
Візіт у ЗША Зеленскі пачаў з наведвання вайсковага заводу ў Скрэнтане ў штаце Пенсільванія, дзе вырабляюць 155-міліметровыя артылерыйскія снарады для ЗСУ. Паездка пераважна сімвалічнага значэння справакавала скандал.
Рэч у тым, што Пенсільванія ‒ адзін з галоўных штатаў, дзе будзе вызначацца лёс будучых выбараў прэзідэнта ЗША. У Скрэнтане Зяленскага сустрэў губернатар Джоша Шапіра і некалькі кангрэсменаў. Усе яны ‒ дэмакраты. У Пенсільваніі прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі ў сустрэчы з прэзідэнтам Украіны ўдзелу не бралі. Гэты факт даў рэспубліканцам нагоду расцаніць візіт Зяленскага як акт публічнага падтрымання Дэмакратычнай партыі і звінаваціць ва ўмяшанні ў прэзідэнцкія выбары.

25 верасня спікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан заклікаў Зяленскага неадкладна звольніць амбасадарку Украіны Аксану Маркараву, якая арганізоўвала візіт у Пенсільванію: «Гэта паездка была яўна партыйнаю захадаю, закліканым дапамагчы дэмакратам, і відавочна ёсць умяшаннем у выбары».
Паралельна рэспубліканец ад штату Кентукі, кіраўнік Камітэту ў справе нагляду Джэймз Р. Комэр ініцыяваў расследаванне, ці не злоўжывала адміністрацыя Байдэна дзяржаўнымі сродкамі, выправіўшы Зяленскага вайсковым самалётам для наведвання заводу.
Таксама рэспубліканцы абурыліся тым, што ў інтэрв’ю «The New Yorker» Зяленскі назваў «зарадыкальным» кандыдата на віцэ-прэзідэнта ад рэспубліканцаў Джэя Ды Вэнса. Сенатар Джон Корнін зазначыў у звязку з гэтым, што Зяленскі мае «трымацца далей ад амерыканскай палітыкі».

Прэтэнзіі да Зяленскага выглядаюць яўна перабольшанымі. Фармат сустрэчы ў Пенсільваніі можа і быў памылкай, але яго цяжка назваць умяшаннем у выбары. Крытычныя выказванні наконт Вэнса ўзніклі не на пустым месцы, а сталі рэакцыяй на прапанову паплечніка Трампа, каб Украіна адмовілася ад часткі сваіх тэрыторыяў. Што датычыць палёту вайсковым самалётам, то ў Пэнтагоне патлумачылі: ім ляцелі прадстаўнікі ўраду ЗША ў службовых пытаннях, звязаных з дапамогай Украіне.
Аднак ва ўмовах вострай унутрыпалітычнай барацьбы для рэспубліканцаў візіт Зяленскага стаўся зручнаю нагодаю, каб ізноў атакаваць дзейную адміністрацыю. Пагатоў украінскае пытанне ёсць важным складнікам перадвыбарчай кампаніі Трампа.
Украінская карта Трампа
Трамп даўно абяцае, што імгненна спыніць вайну ва Украіне і пазбавіць амерыканцаў звязаных з гэтым канфліктам выдаткаў. Ён не раз рэзка выказваўся наконт палітыкі Зяленскага. Новую порцыю крытыкі Трамп выдаў на гэтым тыдні. Падчас перадвыбарчай акцыі ў Паўночнай Караліне ён ізноў назваў Зяленскага «найлепшым прадаўцом у гісторыі» і раскрытыкаваў адміністрацыю Байдэна за наданне дапамогі Кіеву, якая нібыта толькі зацягвае вайну. Паводле Трампа, афіцыйны Кіеў мусіў пайсці на саступкі, а цяпер Украіну «сцёрлі з твару зямлі», усе гарады пераўтварыліся ў руіны, «мільёны і мільёны» людзей загінулі. «Украіны няма. Гэта больш не Украіна», ‒ заявіў палітык.
Спачатку Трамп адмовіўся ад перамоваў з Зяленскім, пра што прасіў украінскі бок. Аднак потым усё-такі пагадзіўся на сустрэчу ў Нью-Ёрку 27 верасня.
Перад сустрэчаю Трамп сказаў журналістам, што мае намер дабіцца міру ва Украіне, спыніць смерці і разбурэнні. Аднак ухіліўся ад адказу, ці мусіць пры гэтым Украіна адмовіцца ад часткі сваёй тэрыторыі.
Глеб Нержын belsat.eu