Гісторыі

Серыял «Акрэсціна» – літоўскі ці беларускі? У Вільні працягваецца суд паміж Марынічам і Курэйчыкам

Працэс здымак першай серыі серыялу «Акрэсціна»
Працэс здымак першай серыі серыялу «Акрэсціна». Фота: andrei.kureichik / Facebok
podpis źródła zdjęcia

У Гарадскім судзе Вільні 9 чэрвеня адбылося чарговае паседжанне ў справе спрэчкі аб аўтарскіх правах на серыял «Акрэсціна» паміж кіраўніком «Malanka Media» Паўлам Марынічам і рэжысёрам Андрэем Курэйчыкам. Андрэй апавёў «Белсату», што было на судзе.

Суд адмовіўся зрабіць працэс закрытым


«Акрэсціна» задумвалася як серыял, прысвечаны сумна вядомаму цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў у Менску. Яго пілотную серыю знялі тры гады таму, аднак яе дасюль не паказалі гледачам. Андрэй Курэйчык, рэжысёр і аўтар сцэнара, мяркуе, што гэта таму, што з самога пачатку мэтаю праекту не быў выхад фільму на экраны.


Паводле рэжысёра, беларускую частку каманды выкраслілі са спісу аўтараў фільму, а замест яе з’явілася літоўская. Аўтарскія правы на «Акрэсціна» і разглядаюцца ў судзе. Што адбывалася падчас паседжання 9 чэрвеня, «Белсат» даведаўся са словаў Андрэя Курэйчыка.


Рэжысёр апавёў, што спачатку Павел Марыніч хадайнічаў, каб суд зрабілі закрытым, «каб ніякай інфармацыі не выцякала да людзей, да прэсы».

,,

«Матываваў гэта тым, што ён не хоча казаць, адкуль сродкі на праект, бо гэта ўразлівая інфармацыя. Але суд з ім не пагадзіўся і працэс застаўся адкрытым, бо гэта важная інфармацыя для беларускага грамадства, і няма ніякіх падставаў рабіць яе сакрэтнаю паводле законаў Літвы, – зазначае Курэйчык. – Марыніч жа з самога пачатку імкнуўся зрабіць справу закрытаю. Суд ужо год ідзе, і ніхто з ягонай каманды не даваў ніякай інфармацыі, пакуль я не апублічыў гэта ўсё».


Чытайце таксама:
Беларуская рэжысёрка Ліза Чэрнік у Вільні, Літва. 11 траўня 2025 года. Фота: Белсат

Мары, драмы, гарызонт... Рэжысёрка Ліза Чэрнік – пра стужку аб Беларусі, якую зніме ў Вільні за шэсць тыдняў

Паводле Курэйчыка, мэта кіраўніка «Malanka Media» – забраць правы ў беларускіх аўтараў, бо ёсць літоўская каманда, якая цяпер выйшла на пярэдні план.


«На паседжанні прысутнічала літоўская рэжысёрка Рамуне Кудзманайце. Яна казала, што над фільмам працавала шмат літоўцаў, таму гэта не беларускі, а больш літоўскі праект», – зазначае суразмоўца.


«Мне сорамна, што беларусы яго не бачаць»


Курэйчык агучыць сваю пазіцыю на наступным паседжанні, якое адбудзецца ў пачатку жніўня. Рэжысёр мае намер рабіць націск на тое, што серыял рабіўся для беларусаў беларускаю творчаю камандаю:


«Літоўцы там з’явіліся пасля. Пра гэта агулам мала хто ведаў, а для мяне няясна, з якой мэтай іх увялі. Я буду казаць, што гэта важны для беларусаў праект, прысвечаны Сяргею Ціханоўскаму. Я яго напісаў як трыб’ют Сяргею, і мне сорамна, што беларусы яго не бачаць, а ён ляжыць там недзе на паліцы ў Марыніча ці на «Маланцы».

Кіраўнік «Malanka Media» Павел Марыніч. Фота: Наша Ніва
Кіраўнік «Malanka Media» Павел Марыніч. Фота: Наша Ніва

Курэйчык падкрэслівае: кампанія Марыніча атрымала грант на фільм – больш за 400 тысяч еўраў, а ў дадатак вярнула ПДВ (падатак на дададзеную вартасць) пасля таго, як увяла літоўскіх аўтараў, каля 50 тысяч еўраў (ПДВ могуць вяртаць літоўскія кінематаграфісты, беларусы такога права ў Літве не маюць). На думку беларускага рэжысёра, «цітры фільму выдаюць рэальную карціну, таму яго і не паказваюць» – беларуская каманда ў іх увогуле не фігуруе, а ў якасці рэжысёра пазначаны літовец.


Андрэй Курэйчык сцвярджае, што яму нічога не заплацілі за стужку, над якой ён працаваў больш за 8 месяцаў, сабраў каманду, зрабіў усю творчую частку.

,,

«Была дамоўленасць, што мы – супрадзюсары гэтага праекту і я таксама атрымаю прадзюсарскі ды аўтарскі заробак. Але мне нічога не заплацілі. Агулам я не дзеля грошай гэта рабіў, і не яны для мяне найважнейшыя, а каб гэта было беларускае кіно. У мяне цяпер добры заробак, я працую ў добрым універсітэце [выкладае ў Ейлаўскім універсітэце. – Заўвага рэд.], але і пра аплату буду падымаць пытанне падчас гэтага суда», – кажа Курэйчык.


«Трэба будзе трошкі перарабіць»


Галоўная мэта рэжысёра, аднак, – вярнуць добрае імя беларусаў, беларускіх аўтараў у серыял, а таксама зрабіць так, каб стужка была «адлюстраваннем беларускага, а не літоўскага пункту погляду, на нашыя падзеі, на «Акрэсціна».


«Бо цяпер яны трошачкі падкручваюць. Я бачыў фільм, суд прымусіў іх паказаць. І там трэба будзе трошкі перарабіць», – кажа рэжысёр.

Рэжысёр Андрэй Курэйчык. Фота: kureichik / Facebok
Рэжысёр Андрэй Курэйчык. Фота: kureichik / Facebok
Чытайце таксама:
Музыкант і выканаўца галоўнай ролі ў фільме «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» Вячаслаў Кміт. «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» – першы поўнаметражны фільм беларускага рэжысёра Юрыя Сямашкі. Варшава, Польшча. 25 студзеня 2025 года. Фота: Белсат

«Беларусы разбяруць гэты фільм на цытаты». Гутарым з Вячаславам Кмітам, які дэбютаваў летась у кіно, а сёлета едзе на Берлінале

Курэйчык упэўнены, што пасля сканчэння разбору беларусы ўбачаць серыял, бо «літоўскі суд – даволі празрысты, базуецца на стандартах Еўразвязу, таму так ці інакш фільм дойдзе да гледача».


Павел Марыніч адмовіўся каментаваць сітуацыю.


«Каментароў не будзе, пакуль ідзе суд», – адказаў «Белсату» медыяменеджар.


Літоўская рэжысёрка Рамуне Кудзманайце, якая прысутнічала на судзе, раней апавядала «Нашай Ніве», што брала ўдзел у працы над серыялам са студзеня да чэрвеня 2022 года. Паводле яе, Андрэй Курэйчык напісаў сцэнар і здымаў фільм, але раптам змантаваў яго за тыдзень, «кінуў недароблены прадукт» і з’ехаў. Тады да Кудзманайце звярнуліся Павел Марыніч і прадзюсар Артурас Двіняліс з просьбаю падправіць гэтую пілотную серыю.

Працэс здымак першай серыі «Акрэсціна». Фота: andrei.kureichik / Facebok
Працэс здымак першай серыі «Акрэсціна». Фота: andrei.kureichik / Facebok

Літоўская кінематаграфістка прызнавала, што ў цітрах насамрэч ёсць памылка – яна павінна быць падпісаная як рэжысёрка постпрадукцыі, а не як проста рэжысёрка.


«Але тое, што Курэйчык піша ў сваіх выказваннях, што маё прозвішча ўзялі, каб адмыць грошы прадзюсару, – гэта абсалютны паклёп на мяне і на прадзюсараў», – казала рэжысёрка.


Серыял «Акрэсціна» здымаўся ў 2022 годзе. У ім былі запланаваныя 8 серыяў, адзнялі аднак адну, пілотную, у якой узялі ўдзел украінскія і беларускія акторы ды музыкі: Павел Гарадніцкі, Маргарыта Ляўчук, Андрэй Ткачоў ды іншыя.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10