У 2022 годзе чацвёра маладых беларусаў стварылі ў Вільні відэапрадакшан «Sort of cinema», а ў чэрвені 2025-га пачнуць здымаць чарговы кароткі метр. Гэта будзе кранальная гісторыя ўзаемінаў маладога чалавека і ягонага дзеда, які пакутуе на дэменцыю. Сцэнар ужо напісаны: Менск, кастрычнік 2022-га, галоўнаму герою ўручаюць павестку ў ваенкамат… Магчыма, ролю дзеда выканае Аляксандр Ждановіч (Маляваныч). Але «часткаю мары» стваральнікаў стужкі можа стацца кожны з нас – збор на платформе «Gronka» працягнецца яшчэ некалькі дзён. Пра мары, драмы і гарызонты беларускага кіно размаўляем са стваральніцай і рэжысёркаю праекту «Sort of cinema» Лізаю Чэрнік.