навіны

Дзеці ў палоне вайны: Украіна змагаецца за вяртанне будучыні

Марш на падтрыманне ўкраінскіх дзяцей, 1 чэрвеня 2025 года, Лондан, Вялікая Брытанія. Фота: Mike Kemp/Getty Images
Марш на падтрыманне ўкраінскіх дзяцей, 1 чэрвеня 2025 года, Лондан, Вялікая Брытанія. Фота: Mike Kemp/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

На мінулым тыдні на падкантрольныя Украіне тэрыторыі з акупаваных вярнуліся дзве ўкраінскія дзяўчынкі дзякуючы намаганням ініцыятывы «Bring Kids Back UA». Гэта частка шырокай кампаніі вяртання ўкраінскіх дзяцей, незаконна вывезеных або ўтрымваных на акупаваных тэрыторыях і ў Расеі. Падчас другога раўнду беспасярэдніх перамоваў у Стамбуле Кіеў упершыню з рук у рукі перадаў Маскве частку спісу незаконна вывезеных з Украіны дзяцей. З патрабаваннем вярнуць іх дадому. 

Моцныя абдымкі і слёзы... радасці. На ўкраінскай мяжы блізкія сустракаюць дзяцей, якіх расейцы незаконна вывезлі з акупаваных украінскіх тэрыторыяў і ўтрымлівалі ў Расеі.

 

19,5 тысячы дзяцей, на вываз якіх Украіна не давала дазволу, застаюцца ў Расеі і анексаваным Крыме, згодна са звесткамі на старонцы «Дзеці вайны». 1345 дзяцей Украіне ўдалося вярнуць, іхныя гісторыі – у адпаведнай закладцы.

 

Дзеці сведчаць:

,,

«Сказалі, што нам трэба забыць украінскую мову».

 

«Хахлы, каструлі, фашысты... называў нас... Спальваў сцяг перад намі ўкраінскі».

 

«Там не запытваюцца, там змушаюць. "Тлумачальная" ці ў ізалятары зачыняць».


Чытайце таксама:
Перамовы Расеі і Украіны ў Стамбуле. Крыніца: ВВС

Перамовы ў Стамбуле скончыліся. Пра што дамовіліся бакі?

З часткаю вернутай дамоў моладзі працуе фонд «Галасы дзяцей». Надаюць псіхалагічную і псіхатэрапеўтычную дапамогу дзецям ды іхным бацькам, пацярпелым падчас вайны.

 

«Ёсць дзеці, якія правялі там тры месяцы ці тры гады. Яны вяртаюцца ў абсалютна фрустраваным, разабраным і траўматычным стане. У стане недаверу, турботы і трывогі. Пытаюцца, ці праўда, што іх усе пакінулі, што цяпер рабіць з такім жыццём. Ці праўда, што яны не патрэбныя Украіне. Вельмі цяжка адбудаваць базавы давер да свету і да людзей», – апавядае генеральная дырэктарка фонду «Галасы дзяцей» Алена Развадоўская.

 

Кіеў спрабуе паскорыць працэс вяртання. Падчас двухбаковых перамоваў у Стамбуле расейскай дэлегацыі публічна перадалі спіс – з больш як 300 прозвішчаў дзяцей, якіх шукаюць блізкія. Расейская прапаганда здзекліва закінула, што гэта і ёсць увесь украінскі спіс. Аналітыца цэнтру правоў чалавека «Зміна» Анісія Сынюк кажа, што ўвесь спіс сягае нават афіцыйных 19,5 тысячы.

,,

«Па-за статыстыкаю – дзеці, якія страцілі бацькоў і засталіся без апекі ў месцах ваенных дзеянняў. Мы не ведаем, у якім яны цяпер статусе, дзе яны і хто пра іх клапоціцца. Не ўлучаныя ў спісы дзеці, якія нарадзіліся ўжо падчас акупацыі, і поўнамаштабнай, і агулам, пачынаючы з 2014-га года. Гэта і крымскія дзеці, якіх вывозілі так званым цягніком надзеі і перадавалі ў расейскія сем'і».


Міжнароднае права забараняе перамяшчаць дзяцей з зоны канфлікту, мяняць грамадзянства ці ідэнтычнасць няпоўнагадовых. Пра гэта напісана ў Жэнеўскай канвенцыі і Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці, у Рымскім статуце і Канвенцыі аб генацыдзе.

 

За такую практыку Міжнародны крымінальны суд выдаў ордары на арышт Уладзіміра Пуціна і Марыі Львовай-Бяловай, упаўнаважанай у правах дзіцяці пры Пуціну.

Марш на падтрыманне ўкраінскіх дзяцей, 1 чэрвеня 2025 года, Лондан, Вялікая Брытанія. Фота: Mike Kemp/Getty Images
Марш на падтрыманне ўкраінскіх дзяцей, 1 чэрвеня 2025 года, Лондан, Вялікая Брытанія. Фота: Mike Kemp/Getty Images

У адным з шэрагу расследаванняў тэлеканалу «Дождь» – гісторыя шасцігадовага Вані з Данецкай вобласці, якога расейскія ўлады разлучылі з братамі і сёстрамі ды аддалі на ўсынаўленне расейскай сямʼі без згоды біялагічных сваякоў – насуперак міжнародным нормам. Прыёмная маці нявінна заявіла:

 

«Я прынамсі памяняла яму толькі прозвішча, і ўсё. Імя і імя па бацьку яму пакінула, месца нараджэння памяняла». 


Аднак, згодна з дакументамі ў распараджэнні «Дождя», Антаніна памяняла Івану і ягонае імя па бацьку. Дзяцей-сіротаў, якіх вывозілі з Данецкай вобласці яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання, рэгістравалі як расейскіх.

,,

«Самае страшнае, калі дзіцяці сціраюць асобу... А гэты выпадак, які мы раскапалі, калі хлопчыка ў Пскоўскай вобласці ўзяла сямʼя, дзе бацька – пскоўскі дэсантнік. І ведаеце, дзе ён сустрэў вайну ў 2024-м? У Кіеве», – кажа журналістка-расследавальніца тэлеканалу «Дождь» Нігіна Бяроева.


Пуцінскія і лукашэнкаўскія прапагандысты паказваюць сваім гледачам зусім іншае «кіно». З беларускага боку зацята вербуе дзяцей паралімпіец Аляксей Талай. Возіць іх на аздараўленне ў санаторыі, але фактычна забяспечвае інфармацыйна-ідэалагічнае падтрыманне расейскай акупацыйнай палітыкі. Грошы на гэта дае Аляксандр Лукашэнка з саюзнага бюджэту.

 

«Калі пачаўся гэты працэс, аздараўленне дзяцей, я неяк упусціў. Нават не ведаў, за што туды вывезуць. Мяне ўжо ў крымінальны суд за гэта. Гэта ўжо мярзотнікі далей няма куды!» – апраўдваўся Лукашэнка.

 

Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення збірала звесткі, датычныя перадусім дзяцей сіротаў, што траплялі ў Беларусь. Перадавала спісы і Украіне, і ў Гаагу.

,,

«Каб у выніку прыцягнуць Лукашэнку і ягоных памагатых да адказнасці за гэтыя злачынствы. Мы бачым, што з першага студзеня Лукашэнка дэ-факта спыніў вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Беларусь», – паведаміў кіраўнік НАУ Павел Латушка.


Прычынаў згортвання псеўдагуманітарнай праграмы рэжым не назваў. Ведаем аднак, што напярэдадні шэраг арганізацыяў і службовых асобаў, якія маюць дачыненне да вывазу дзяцей, трапілі пад міжнародныя санкцыі, а Лукашэнка – уласна пад справаводства Міжнароднага крымінальнага суда.

,,

«Назіраем палітызацыю міжнароднага правасуддзя: санкцыі супраць і суддзяў, і пракурора Міжнароднага крымінальнага суда. Таму мы мусім працаваць над альтэрнатыўным спосабам прыцягвання вінаватых да адказнасці – не толькі кіраўнікоў Беларусі і Расеі, а таксама сярэдняга менеджменту, які, уласна, на практыцы арганізоўвае незаконныя перамяшчэнні, мілітарызацыю, індактрынацыю ўкраінскіх дзяцей», – падсумавала Анісія Сынюк.


Каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці за агрэсію супраць Украіны, распрацоўваецца асобны адмысловы трыбунал, бо ніводны з існых судоў не мае паўнамоцтваў разглядаць такую справу. А вось у справе дэпартацыі і прымусовага перамяшчэнне дзяцей на гэты момант даступная толькі юрысдыкцыя Міжнароднага крымінальнага суда.

 

Юлія Цяльпук belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10