«BELPOL», Freedom House Ukraine і іншыя праваабарончыя арганізацыі перадалі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе новыя дакументы са сведчаннямі ўдзелу рэжыма Лукашэнкі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей. «Белсат» паспрабаваў высветліць у прадстаўнікоў гэтых арганізацыяў падрабязнасці справы.
У дакуменце, падрыхтаваным «BELPOL» сумесна з арганізацыяй «Freedom House Ukraine» і цэнтрам правоў чаловека «ZMINA», прыводзяцца факты пра «перамяшчэнне, палітычную індактрынацыю і мілітарызацыю больш як 2200 дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторыяў».
Заяву аб перадачы дакументаў у Міжнародны крымінальны суд апублікаваў сёння таксама дырэктар прадстаўніцтва Freedom House ва Украіне Юрый Юркевіч, які згадаў усіх датычных да гэтага расследавання: у прыватнасці, кіеўскую і вільнюскую каманды «Freedom House», цэтр правоў чалавека «ZMINA», украінскую грамадскую арганізацыю «Рэгіянальны цэнтр правоў чалавека».
«Таксама хачу падзякаваць «Belpol» за канфідэнцыйную інфармацыю і «Вясна. Правы чалавека ў Беларусі / Viasna. Human rights in Belarus» за дакументаванне і працу для аднаўлення справядлівасці», – адзначыў Юркевіч у сваёй заяве.
Дэталі расследавання абяцаюць прадставіць 4 кастрычніка.
«Белсат» паразмаўляў з прадстаўніком арганізацыі «BELPOL» Уладзімірам Жыгарам і паспрабаваў высветліць некаторыя акалічнасці гэтай справы.
«Гэтай працай «BELPOL» займаўся цягам года. Мы скрупулёзна, а галоўнае – у поўнай цішыні, збіралі ўсе магчымыя доказы і разам са сваімі партнёрамі аналізавалі дадзеную інфармацыю, яе структуравалі. 4 кастрычніка будзе апублікаваны шырокафарматны даклад (гэта будзе толькі яго адкрытая частка). Так, фактычна «BELPOL» усталяваў усіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны, якіх прывозілі ў Рэспубліку Беларусь. Мы ведалі, хто ехаў, куды яны ехалі, мы ведалі, хто іх суправаджаў, дзе яны размяшчаліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, мы ведаем, хто гэта ўсё фінансаваў. І ўсе гэтыя дадзеныя, плюс яшчэ велізарны масіў інфармацыі былі апрацаваныя і перададзеныя ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе», – адзначыў Уладзімір Жыгар.
Прадстаўнік «BELPOL» паведаміў, што адной з першапачатковых матывацыяў правядзення гэтага расследаванне было тое, каб украінскія партнёры ведалі пра гэтых дзяцей, іхныя прозвішчы, месца іх знаходжання і каб Украіна пасля магла гэтых сваіх грамадзянаў выратоўваць, магчыма, нават у рамках абменаў.
,,«Ужо пасля гэтага пачалася больш маштабная праца па тым, каб прыцягнуць ужо зусім па іншым трэку рэжым Лукашэнкі да адказнасці. Таму што, на наш погляд, на погляд «BELPOL», віна Лукашэнкі абсалютна даказаная», – кажа прадстаўнік арганізацыі былых сілавікоў.
Уладзімір Жыгар выказаў спадзяванне, што гэтая праца прынясе свой плён, бо «Лукашэнка – гэта міжнародны злачынца, і ўжо пара б гэта афіцыйна аформіць».
Прадстаўніца цэнтру правоў чалавека «ZMINA» Анісья Сынюк адзначыла, што пры зборы матэрыялаў фокус быў у першую чаргу не на самім перамяшчэнні дзяцей і на яго акалічнасцях, а на тым, што непасрэдна адбывалася з гэтымі дзецьмі на тэрыторыі Беларусі. Расследавальнікаў цікавіла, якія для іх складалі праграмы навучання, у тым ліку ў школах, якія праводзіліся пазакласныя і культурныя мерапрыемствы, сустрэчы з палітыкамі і, безумоўна, з прадстаўнікамі вайсковых частак і мясцовых органаў правапарадку.
«Мы хацелі паказаць і растлумачыць, што перамяшчэнне [дзяцей] – гэта толькі частка гэтай сістэмы. Гэтая сістэма супольная. І беларускі рэжым бярэ ўдзел у той палітыцы, якую распачала Расея, а беларуская тэрыторыя выкарыстоўваецца Расеяй як частка гэтай сістэмы», – сказала прадстаўніца Анісья Сынюк.
У якасці ілюстрацыі суразмоўніца прывяла прыклад, што вядомыя факты, калі дзеці спачатку знаходзіліся ў беларускіх лагерах, а потым аказваліся ў лагерах у Расеі – на яе думку, дзяцей прапускаюць праз гэтую сістэму пастаянна, каб іх перавыхоўванне было найбольш эфектыўным.
Пры гэтым Анісья Сынюк заўважае, што, беручы ўдзел у перавыхоўванні ўкраінскіх дзяцей, рэжым Лукашэнкі не ставіць перад сабой мэты зрабіць з іх беларусаў.
,,«З іх робяць расейцаў, гэта проста робіцца расейскімі агентамі на тэрыторыі Беларусі», – адзначыла Анісья Сынюк.
Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка вельмі нервова ставіцца да таго, што яго абвінавачваюць у вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторыяў. Так, у чэрвені 2023 года ён адрэагаваў на заявы аб прыцягненні яго да крымінальнай адказнасці за гэтае ваеннае злачынства, не мінуўшы згадаць, што гэтую справу ён рабіў разам з Уладзімірам Пуціным.
«Ну, прыйшоў гэты хлопец, Лёша Талай. Ён ваюе, ён туды-сюды ездзіць, гэтых дзетак цягне, дзесяць разоў там звяртаўся. Я выйшаў на Пуціна, кажу: слухай, давай мы частку саюзнага бюджэту выдаткуем на гэтых дзетак. Ну вось так і пачалі прывозіць. Аздаравілі, яны з'ехалі. З'язджаць не жадаюць! А мяне ў крымінальны суд! За што?» – заявіў Лукашэнка.
Казаў ён пра гэта і ў жніўні 2024 года на выступе ў менскім аэрапорце. Тады ён заявіў, што будзе і надалей «падтрымліваць» дзяцей з Данбаса і што гэтыя паездкі будуць фінансавацца з саюзнага бюджэту, а ўсе абвінавачанні і пагрозы крымінальнай адказнасцю – «гэта проста смешна». «Мы гэта рабілі і будзем рабіць, нягледзячы ні на якія папрокі», – сказаў тады Лукашэнка.
Згадаў пра Міжнародны крымінальны суд у Гаазе ён і зусім нядаўна, прычым не аднойчы. Першы раз – падчас святкавання Дня міжнароднага адзінства ў Менску. Тады Лукашэнка адзначыў, што на гэты раз ужо Літва збіраецца ініцыяваць «у Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе разгляд беларускага пытання» з мэтаю прыцягнуць яго да адказнасці і «выключыць з павесткі» (маўляў, напярэдадні мірных перамоваў паміж Украінай і Расеяй). І нарэшце падчас сустрэчы з кіраўніком так званай ДНР Дзянісам Пушыліным, які 19 верасня 2024 года прыехаў у Беларусь.
У сакавіку 2023 года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці РФ Марыі Львовай-Беловай. Абодва яны абвінавачваюцца ў ваенным злачынстве, звязаным з незаконнай дэпартацыяй украінскіх дзяцей. У красавіку мінулага года Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прызнала прымусовую дэпартацыю дзяцей з Украіны ў Расею актам генацыду.
Раман Шавель belsat.eu