Беларускаму рэжысёру Юрыю Сямашку не дазволілі сталы побыт у Польшчы на падставе карты паляка. Ён просіць юрыдычнага і фінансавага падтрымання. Пра гэта ён распавёў на сваёй старонцы ў Facebook.
Юрый Сямашка распавядае, што, хутчэй за ўсё, яму давядзецца пакінуць Польшчу.
«Сёння атрымаў адмову паводле апеляцыі на пастанову аб нявыдачы дазволу на сталае жыхарства паводле карты паляка. Прычына: пан не падаў дзейную працоўную дамову. Удзел з фільмам на "Берлінале" – не падстава не працаваць, мабыць.
,,Тое, што я да гэтага працаваў і плаціў падаткі, не даказвае, што я хачу застацца жыць у Польшчы. Пару дзён таму я нарэшце знайшоў працу, але тут прыходзіць ліст. У мяне ёсць 30 дзён, каб пакінуць Польшчу. Грошай на паездку па візу і юрыстаў практычна няма. Паездка ў РБ самы просты, але экстрэмальны варыянт», – дзеліцца рэжысёр.
Ён просіць дапамогі юрыстаў на выпадак, калі пастанову польскіх чыноўнікаў яшчэ можна абскардзіць. Дапамагчы рэжысёру фінансава, каб ён змог паехаць у Грузію па візу або аплаціць юрыстаў, можна тут. Таксама рэжысёр просіць падзяліцца досведам атрымання візы на падставе карты паляка ў Грузіі і дапамагчы там з часовым жытлом.
Юрый Сямашка быў сёлета на Берлінскім міжнародным кінафестывалі са сваім фільмам «Лебядзіная песня Фёдара Азёрава».
Арсен Рудэнка belsat.eu