навіны

Ці перарастуць вучэнні «Захад-2025» у вайну? Эксперты спрабуюць расшыфраваць сігналы Менску

Сумесныя вайсковыя вучэнні ўзброеных сілаў Расеі і Беларусі ў рамках праверкі Сілаў рэагавання Саюзнай дзяржавы на Абуз-Лясноўскім палігоне каля Баранавічаў, Беларусь. 19 лютага 2022 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Russian Defence Ministry / AFP / East News
Сумесныя вайсковыя вучэнні ўзброеных сілаў Расеі і Беларусі ў рамках праверкі Сілаў рэагавання Саюзнай дзяржавы на Абуз-Лясноўскім палігоне каля Баранавічаў, Беларусь. 19 лютага 2022 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Russian Defence Ministry / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Вайсковых манеўраў усё больш. У верасні ў нашай краіне пройдуць адразу некалькі вайсковых вучэнняў. Гэта ўжо нашумелыя «Захад-2025», а таксама цесна з імі звязаныя «Узаемадзеянне-2025», «Пошук-2025» і «Эшалон-2025». Пра буйныя вучэнні ў адказ на актыўнасць беларускіх ды расейскіх вайскоўцаў заявілі і краіны – удзельніцы блоку НАТО. Пры гэтым усе гавораць пра ўласныя выключна мірныя намеры.

«Мы, беларусы – мірныя людзі!» – гэта не толькі першы радок цяперашняга афіцыйнага гімну нашае краіны, але і, лічы, афіцыйная заява, з якою выступіла Міністэрства абароны рэжыму Лукашэнкі. Сёння кіраўнік ведамства генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін паведаміў пра перанос вучэнняў «Захад-2025» ад заходніх межаў углыб Беларусі дзеля зніжэння напружанасці ў рэгіёне, а таксама дзеля пацверджання гатовасці афіцыйнага Менску да дыялогу і кампрамісаў.

Апроч перадыслакацыі, плануюць таксама зменшыць колькасць войскаў, што будуць удзельнічаць у вучэннях, практычна ўдвая.

,,

«Беларусь праінфармуе ўсе дзяржавы пра захады, што будуць праводзіцца, і іх параметры. Пры тым мы таксама маем намер арганізаваць назіранне за гэтымі вучэннямі, каб усе маглі пабачыць, што адбываецца і што вучэнні сапраўды носяць абарончы характар», – заявіў памочнік міністра абароны ў пытаннях міжнароднай вайсковай супрацы Валерый Равенка.


Наколькі можна верыць міралюбным запэўніванням тых, хто за два дні да нападу расейцаў на Украіну з тэрыторыі Беларусі ў лютым 2022-га даваў украінскім вайскоўцам слова афіцэра, што нападу не будзе – пытанне рытарычнае, упэўнены прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў абароне і нацыянальнай бяспецы.

«Я пакуль што, з вайсковага пункту гледжання, не бачу прычынаў, каб, умоўна, расслабляцца нашым заходнім і паўднёвым суседзям. Бо мы бачым, што вайсковая прысутнасць нарошчваецца», – кажа Вадзім Кабанчук.

Дый нашая краіна – не такая ўжо і вялікая, каб адсунуць войскі на адлегласць, большую за адзін марш-кідок, дадае Кабанчук. Дык можа, тады гэтаму «жэсту міралюбнасці» ад Хрэніна варта шукаць найперш не вайсковае, а палітычнае тлумачэнне?

,,

«Лукашэнка, зразумела, мае на ўвазе і робіць некаторыя асцярожныя крокі, каб, з аднаго боку, не раззлаваць Маскву, а з іншага боку – усё-ткі паслаць нейкія пасы Захаду, што, маўляў, мы вам не спрадвечны вораг і мы хацелі б палепшыць адносіны», – тлумачыць палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юры Дракахруст.


Віктар Хрэнін. Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram
Вучэнні «Захад-2025» адсунуць ад межаў NATO. У Літве назвалі прычыну навіны

Але ці ёсць давер да гэтых пасаў? Падначаленыя Лукашэнку вайскоўцы скардзяцца, што ані Польшча, ані іншыя краіны НАТО на запрашэнні афіцыйнага Менску паназіраць за вучэннямі «Захад-2025» не адгукаюцца. І нават абвясцілі намер зладзіць у адказ уласныя манеўры.

«Што да заявы міністра нацыянальнай абароны Польшчы пра гэтак званыя буйныя вучэнні дывізійнага маштабу – іншага мы не чакалі. Ну і каб неяк адрэагаваць, мы пастанавілі правесці невялікае ротна-тактычнае вучэнне ў Гарадзенскім раёне, непадалёк ад мяжы з Польшчай», – падкрэсліў памочнік міністра абароны Равенка.

То бок на сёння напружанне ў рэгіёне аніяк не зніжаецца. Ці дойдзе, у выніку, да яшчэ аднаго ваеннага канфлікту – ці то з паўднёвымі, ці то з заходнімі суседзямі – пакажуць канкрэтныя чыннікі, тлумачыць Кабанчук.

«Гэта канцэнтрацыя ўдарнай групоўкі, канцэнтрацыя войскаў і вайсковай тэхнікі. Калі мы бяром пагрозу для Украіны, гэта мусяць быць дзясяткі тысяч вайскоўцаў – ну, скажам, групоўка каля трыццаці і болей тысячаў. Калі мы бяром краіны Балтыі, гэта можа быць адносна невялікая групоўка», – упэўнены палітык і былы вайсковец.

І як трывожны званочак, дадае эксперт, можна расцэньваць апошняе выказванне прэзідэнта ЗША Доналда Трампа пра тое, што Пуцін звар’яцеў.



Валера Руселік, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10