Дэмакратычныя сілы не могуць праводзіць следчых дзеянняў і караць агентаў, а часта не маюць дастаткова доказаў, але перадаюць звесткі сілавым структурам краінаў, дзе знаходзяцца меркаваныя агенты, кажа Франак Вячорка.
Выданне «Наша Ніва» высветліла, што фатограф Іван Мішчук, які актыўна здымае падзеі і сходы беларусаў у Польшчы, мае дзейны пашпарт прыкрыцця на імя Івана Мішына.
Іван Мішчук прыцягнуў увагу арганізацыі былых сілавікоў «BYPOL» яшчэ ў другой палове 2023 года, сцвярджае «Наша Ніва». Паводле выдання, тады прадстаўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў папярэдзіў пра наяўнасць у Мішчука дакументаў прыкрыцця «Кіберпартызанаў», прэзідэнта Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Яўгена Бурага, а таксама Офіс Святланы Ціханоўскай, бо Мішчук здымаў падзеі ABBA, рабіў фота прадстаўніцы «Кіберпартызанаў» і дзеячаў дэмакратычнага руху.
Чаму пра гэта адразу не расказалі публічна?
Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў «Белсату»: звычайна ў выпадках, калі арганізацыі дэмакратычнага руху атрымліваюць доступ да звестак пра меркаваных агентаў, то яны прымаюць рашэнне, ці перадаваць гэтыя звесткі расследавальнікам або прэсе, ці дастаткова доказаў і ці варта ўзгадняць публікацыю з мясцовымі сілавымі структурамі. Кожная сітуацыя, падкрэсліў Вячорка, індывідуальная.
Такія сітуацыі трэба ідэнтыфікаваць, трэба выкрываць патэнцыйных агентаў і своечасова інфармаваць службы тых краінаў, дзе яны знаходзяцца, кажа Вячорка. Ён тлумачыць:
,,«У нас няма магчымасці праводзіць следчыя дзеянні ці караць гэтых людзей. І вельмі часта няма доказнай базы, каб прыцягнуць чалавека да адказнасці».
«У Польшчы, Літвы, Чэхіі і іншых краінаў гэта ёсць, – працягвае Вячорка. – Мы ведаем, што ёсць выпадкі, калі людзі былі асуджаныя за шпіянаж, былі пакараныя, былі пазбаўленыя відаў на жыхарства… Але гэта робяць тыя краіны, дзе непасрэдна такія сітуацыі здараюцца. Нашая задача – гэта своечасова гэтую інфармацыю перадаваць».
«BYPOL» першым выявіў, што Мішчук мае два пашпарты, расказвае Вячорка. Гэта прыпала на перыяд канфлікту ў арганізацыі, які прывёў да падзелу на «BYPOL» і «BELPOL». Але чальцы арганізацыі перадалі інфармацыю польскім следчым і магчымым пацярпелым, кажа Вячорка.
«Непасрэдна Офіс ніякіх дачыненняў не меў з гэтым чалавекам, – дадае Вячорка. – Ясна, што ён быў унесены ў чорныя спісы. То бок ён бы не мог пранікнуць на нейкія івэнты. Але непасрэдна следчыя дзеянні праводзяць службы тых краінаў, у якіх такія сітуацыі здараюцца. Не ўся інфармацыя трапляе адразу ў public.
,,Мы просім беларусаў захоўваць пільнасць, уважлівасць, звяртаць увагу на падазроныя сітуацыі, паведамляць пра гэта.
Можна паведамляць у "BELPOL", можна паведамляць нават у паліцыю Польшчы, Літвы, Чэхіі – дзе вы знаходзіцеся – пра любыя такія рэчы, таму што спецслужбы і лукашэнкаўскія, і пуцінскія працуюць супраць дэмакратычнай супольнасці. Часам гэта спробы інфільтрацыі, часам дакументацыі людзей. Нядаўна на мітынгу ў Літве проста быў наняты хлопец, які здымаў для лукашэнкаўскага рэжыму.
Гэта рэчаіснасць, у якой мы жывем, яна поўная небяспекі і пагрозаў, і нам трэба проста заўжды захоўваць пільнасць. І правяраць, верыфікаваць людзей. Дзякуючы "Кіберпартызанам", інструменты для верыфікацыі існуюць».

Яўген Буры расказваў «Нашай Ніве», што ABBA пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне пачала праводзіць верыфікацыю партнёраў, выявіла два пашпарты Мішчука, афіцыйна перадала інфармацыю пра яго «ў адпаведныя структуры Польшчы». Паводле яго, Азараў перадаваў Офісу Ціханоўскай звесткі пра Мішчука ў выглядзе дакладной запіскі.
Прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юліяна Шаметавец, якой Мішчук праводзіў фотасесію, згадала ў каментары «Нашай Ніве», што пасля здымак ёй казалі, што Мішчук можа мець «нейкія сувязі з рэжымам». Яна з калегамі аналізавала сітуацыю: што казаў, куды хадзілі здымацца, якую спасылку на фота скінуў – «нічога такога не знайшлі».
Выкрыццё меркаванага агента без публічнага абвяшчэння пра тое, што ў яго ёсць другі пашпарт, хоць і закрыла фатографу дарогу ў некаторыя колы, не мела рэальных практычных наступстваў, лічыць «Наша Ніва». Іван Мішчук дагэтуль застаецца ў Польшчы, актыўна знаёміцца з эмігрантамі ў чатах, фатаграфуе іх, мо нават жыве ў статусе абароненага палітычнага ўцекача.
Чаму б не назваць усіх імёнаў?
Прадстаўнік аб’яднання «BELPOL» Уладзімір Жыгар тлумачыў «Белсату», для чаго могуць выдавацца пашпарты прыкрыцця, і адзначаў, што не ўсе ўладальнікі такіх пашпартоў ёсць супрацоўнікамі спецслужбаў – могуць быць і завербаванымі агентамі. І калі ў чалавека ёсць такі дакумент, гэта не значыць, што чалавек – менавіта дзейны агент.
Такія пашпарты робяць пад пэўную задачу, расказаў Жыгар, і потым іх захоўвае орган, які выдаў пашпарт. Напрыклад, чалавеку могуць даць пашпарт прыкрыцця, каб падсадзіць яго ў камеру да падазраванага і каб нават працаўнікі ізалятару нічога не ведалі. Гэта можа рабіцца не «пад палітыку», хоць можа выкарыстоўвацца і ў палітычных справах.
Жыгар падкрэсліў, што ў «BELPOL» ёсць база ўсіх пашпартоў прыкрыцця – «гэта тысячы асобаў, якія жылі, жывуць у Беларусі». Але, дадаў ён, для публікацыі гэтых звестак патрэбныя рэсурсы і час. Журналістам, актывістам і палітыкам, якія не ўпэўненыя ў асобах, з якімі кантактуюць, суразмоўца параіў звяртацца ў «BELPOL» для іх правярання.
***
Апошнім часам звесткі пра наяўнасць у той ці іншай асобы пашпарта прыкрыцця неаднаразова з’яўляліся ў медыях. Гэта і супрацоўнік КДБ Аляксей Лабееў, які меў пашпарт прыкрыцця на імя Аляксей Гардзееў, удзельнічаў у правакацыі з удзелам прапагандыста Грыгорыя Азаронка і быў датычны да знікнення спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. Гэта, як піша «Наша Ніва», і муж журналісткі незалежных медыяў Вольгі Сямашкі Фёдар Гарбачоў з пашпартам на імя Віктара Макавеева.
Беларускі расследавальніцкі цэнтр з удзелам іншых расследавальнікаў мінулаю восенню раскрыў яшчэ сем пашпартоў на двух супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўлення выведкі, якія ўвайшлі ў давер да валанцёраў, праніклі ў апазіцыйную арганізацыю і пазней заснавалі фірму ў Польшчы. Дзмітрый Пратасевіч і Георгій Назаранка – гэта альтэрнатыўныя асобы выведніка Юрыя Кізюка. Максім Кандратовіч і Міхаіл Еўстраценка – гэта насамрэч Міхаіл Паветка.
У 2023 годзе ў блогера Максіма Кузняцова, вядомага як Злы Дальнабой, выявілася цэлая калекцыя: разам з сапраўдным пашпартам у яго былі яшчэ дакументы на прозвішчы Навальны, Васільеў, Навумаў, Занеўскі, Беражноў. Аказалася, што ён быў агентам ГУБАЗіК.
Алесь Наваборскі belsat.eu