Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін абвясціў, што параметры вучэнняў «Захад-2025» знізяць, а самыя манеўры перанясуць ад заходніх межаў углыб нашай краіны. Пры гэтым яшчэ 10 дзён таму палкоўнік з Вайсковай акадэміі Андрэй Багадзель пагражаў суседзям «Арэшнікам» і ядравай зброяй.
Кіраўнік Мінабароны Віктар Хрэнін 28 траўня заявіў, што «асноўныя манеўры» супольных з Расеяй вайсковых вучэнняў «Захад-2025» адсунуць ад межаў краінаў NATO ўглыб тэрыторыі Беларусі. Да таго ж «будуць зніжаныя параметры вучэнняў».
«Робім гэта, шчыра кажучы, не спадзеючыся на канструктыўную рэакцыю ў адказ. Робім у большай ступені для дэманстрацыі нашым саюзнікам і партнёрам па ўсім свеце праўдзіва міралюбнай пазіцыі Рэспублікі Беларусь», – сказаў міністр.
У Літве, зрэшты, кажуць, што галоўная прычына – не «міралюбнасць», а вайна ва Украіне: Расея і Беларусь не могуць дазволіць сабе вялікіх маштабаў, бо гэта проста фізічна немагчыма. Так сказаў начальнік Штабу абароны Узброеных сілаў Літвы Рэмігіюс Балтрэнас.
Пры гэтым яшчэ 10 дзён таму намеснік начальніка факультэту Генштабу Узброеных сілаў Вайсковай акадэміі Андрэй Багадзель пагражаў, што падчас гэтых вучэнняў можа быць адпрацаванае выкарыстанне «Арэшніку» і тактычнай ядравай зброі. Чаму змянілася рыторыка Менску?
Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юры Дракахруст прызнае, што такія міралюбныя заявы да пэўнай ступені сапраўды зніжаюць напружанасць. «Такі жэст мае рацыю», – кажа ён у каментары «Белсату».
«Асаблівую перасцярогу, зразумела, выклікаюць расейскія войскі, бо ўласна ад Беларусі, толькі ад Беларусі, вайсковага нападу ніхто асабліва не чакае. Чаму перасцерагаюцца гэтых вучэнняў "Захад"? Бо там будуць расейскія войскі. У гэтай сітуацыі Лукашэнка хоча неяк знізіць вастрыню».
Аналітык не схільны думаць, што Расея скарыстаецца гэтымі манеўрамі дзеля новага нападу на Украіну з беларускай тэрыторыі, як гэта было на вучэннях «Саюзная рашучасць», пасля якіх і пачалася поўнамаштабная вайна. Сярод аргументаў – планавы характар цяперашніх вучэнняў, на адрозненне ад тых, што былі ў 2022 годзе.
Акрамя таго, паводле Дракахруста, цяпер «Крэмль танчыць танга з Доналдам Трампам» і напад на краіны NATO або паўторнае ўварванне ва Украіну з тэрыторыі Беларусі нават прэзідэнта ЗША ўразіла б:
,,«Нават для Трампа гэта было б крута. І гэта пахавала б ягоныя міратворчыя планы. Думаю, што гэта яго б раззлавала. А ён асоба рэзкая. Таму гэта аніяк не ўпісваецца ў цяперашнюю гульню Пуціна. Так, Пуцін не хоча асабліва мірыцца, аднак у разгар перамоваў адкрываць новыя франты – абсурд».
Суразмоўца «Белсату» дадаў, што «Пуцін ужо ва Украіне дэманструе агрэсіўнасць, і дэманстраваць яе яшчэ і тут – мнагавата». «Ісці на поўную канфрантацыю з Трампам Пуцін не гатовы», – падкрэсліў журналіст.
Жэст з адсоўваннем вайсковых вучэнняў ад межаў краінаў NATO ён паставіў у адзін шэраг з іншымі «асцярожнымі крокамі». Гэта і нядаўнія вызваленні палітвязняў, і «бязвіз» для ЕЗ:
«Лукашэнка мае на ўвазе імавернае паляпшэнне стасункаў з Захадам і робіць некаторыя асцярожныя крокі, каб, з аднаго боку, не раззлаваць Маскву, а з другога – даслаць нейкія пасы Захаду, што мы вам не адвечны вораг, мы б хацелі палепшыць стасункі. Лукашэнка хоча гуляць трохі ў сваю гульню, крышачку збалансаваць расейскі ўплыў. Нейкія міралюбныя жэсты як мінімум не шкодзяць».
Аднак нельга выключаць правакацыі, «вострай аперацыі», як сказаў Дракахруст, падчас вучэнняў «Захад». Дый прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінету ў пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Вадзім Кабанчук зазначае: заяву пра перанос манеўраў углыб Беларусі зрабіла асоба, якая напярэдадні вайны «давала слова афіцэра» міністру абароны Украіны, што з беларускай тэрыторыі нападу не будзе.

Да таго ж, як падкрэсліў Кабанчук у каментары «Белсату», Беларусь не такая вялікая краіна, каб казаць, што вучэнні «ў глыбіні тэрыторыі» – гэта недзе зусім далёка ад межаў з NATO:
,,«Беларусь не такая вялікая краіна, каб мы маглі разважаць, дзе будуць сканцэнтраваныя войскі: на самых межах ці недзе ў глыбіні краіны. Лічаныя гадзіны – і гэтыя войскі будуць там, дзе ім патрэбна быць. З вайсковага пункту гледжання не бачу прычынаў, каб нашыя суседзі расслабляліся».
Паводле прадстаўніка АПК, для ўварвання ва Украіну расейцам спатрэбіцца групоўка з некалькіх дзясяткаў тысяч вайскоўцаў, а вось для правакацыі – нашмат менш:
«У выпадку эскалацыі ім дастаткова канцэнтрацыі адносна невялікай групоўкі, напрыклад, у ваколіцах Горадні для пагрозы для Літвы ці Польшчы».
Кабанчук падсумаваў, што асабіста для Лукашэнкі будзе небяспечна, калі «Пуцін пойдзе на яшчэ адную авантуру». «Бяда Лукашэнкі ў тым, што ён не можа гэтаму перашкодзіць», – сказаў суразмоўца «Белсату».
Валера Руселік, Сцяпан Кубік belsat.eu