На IV Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету, якая распачалася 23 траўня ў Варшаве, арганізацыя былых беларускіх сілавікоў «BELPOL» прэзентавала даклад «Удзел рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны». Улады ведалі пра рыхтаванне нападу Расеі на Украіну задоўга да пачатку ўварвання і праз тры гады яшчэ больш уцягваюць нашую краіну і яе цывільнае насельніцтва ў вайну, сцвярджаюць белполаўцы.
«Рэжым ведаў і разумеў намеры Расеі»
Паводле дакладу, яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, да 20 лютага 2022 года ў Беларусь з Расеі беларускаю чыгункаю было перамешчана больш за 5 мільёнаў тон снарадаў, а да 23 лютага штодзень ішло павелічэнне падвозаў, што даказвае, што ўлады нашай краіны ведалі пра планы Уладзіміра Пуціна і разумелі, што гэта будуць не проста вучэнні.
«Графік руху цягнікоў узгадняецца з Беларускаю чыгункаю, з Міністэрствам абароны – гэта праца не аднаго дня і нават месяца. Для правядзення вучэнняў завозіцца пэўная колькасць экзэмпляраў снарадаў, так. Але калі гэта мільёны тонаў, то відавочна, што для вучэнняў гэта зашмат. З гэтага мы робім выснову, што рэжым ведаў і разумеў намеры Расеі, і калі ён кажа адваротнае, то гэта адкрытая хлусня».
Беларускае Міністэрства абароны і МУС надавалі канвой і спецтранспарт для перамяшчэння і снарадаў, і тэхнікі, і расейскіх войскаў па тэрыторыі нашай краіны. Планаванне суправаджэння, маршрутаў, запэўнівання бяспекі таксама арганізуецца сур’ёзна загадзя, а не ў дзень нападу, зазначаюць аўтары дакладу, і гэта таксама даказвае, што Лукашэнка быў у курсе рыхтавання вайны і браў у ім удзел.
«Міністэрства абароны ведала пра рыхтаванне ўварвання задоўга да яго пачатку і рабіла ўсё магчымае, каб увесці ў зман кіраўніцтва Украіны. Яно надало ўсю інфраструктуру для базавання войскаў, тэхнікі, захоўвання боепрыпасаў і да т. п. Усе гэтыя дзеянні рабіліся ўсвядомлена і паслядоўна», – кажа Мацвей Купрэйчык.
«Дапамога акупанту ў нападзе на мірную дзяржаву»
Пасля пачатку ўварвання і калі стала ясна, што «Кіева за тры дні» не будзе, Беларусь працягнула забяспечваць расейскія войскі канвоем, спецтэхнікаю, падвозам боепрыпрасаў, паліва, зарганізавала вываз і дастаўку ў Беларусь падбітай расейскай тэхнікі, яе рамонт, а таксама параненых расейскіх вайскоўцаў, іхнае лячэнне. Пры гэтым дактароў пад пагрозамі прымушалі хаваць інфармацыю пра страты Расеі, стаўленне расейскіх афіцэраў да параненых салдатаў, як яны распараджаліся іхнымі жыццямі і тое, што насамрэч адбывалася з расейскаю групоўкаю войскаў.

На дапамогу РФ пачалі мабілізоўваць эканоміку і цывільную інфраструктуру нашай краіны. Гэтак, з гомельскага аэрапорту ўзляталі і прызямляліся ў ім расейскія беспілотнікі
Беларускае Міністэрства абароны забяспечвала сувязь на ўсім маршруце расейскіх войскаў. Паводле інфармацыі «BELPOL», радыёрэлейная станцыя ў Ельску была разгорнутая ўжо 20 студзеня 2022 года.
«А гэта таксама трэба было спланаваць, падвезці асабісты склад, разгарнуць гэты вузел сувязі. Акрамя таго, рэжым Лукашэнкі хаваў інфармацыю, што да 2022 года была ўніфікаваная сістэма войскаў СПА і пераведзеная пад кантроль Расеі. Усё гэта – непасрэдны ўдзел у ваенным канфлікце – дапамога акупанту ў нападзе на мірную дзяржаву», – кажа Мацвей Купрэйчык.
Беларускія прадпрыемствы – на службе ў расейскай вайсковай прамысловасці
Сёння, на 4-м годзе вайны, Лукашэнка ўсё больш уцягвае Беларусь у яе, перабудоўваючы пад вайсковыя патрэбы РФ беларускую эканоміку, сцвярджаюць аўтары дакладу. На беларускіх цывільных прадпрыемствах вырабляецца тэхніка, дроны, часткі да іх, да снарадаў, мікрасхемы і да т. п.
На «БАЗт'юбе» ў Жодзіне, якое выпускала водаправодныя трубы, сёння выпускаюцца трубныя нарыхтоўкі для дэталяў рэактыўнага снарада, а на «Лёгмашы» – корпусы для паражальнай часткі рэактыўнага снарада калібру 122 мм – яны выкарыстоўваюцца ў рэактыўнай сістэме залпавага агню «Град».

На «Пеленгу» робяць прыцэльныя сістэмы для вайсковай тэхнікі РФ.
«Калі гэтыя прылады ўсталяваць на старую савецкую тэхніку, нават 1070-х гадоў, яна зробіцца цалкам моцнаю сучаснаю зброяй. А «Град» пры абстрэле накрывае выбраную плошчу, напрыклад, невялікую вёску, і знішчае там усё жывое. І да гэтага датычныя звычайныя працаўнікі беларускіх прадпрыемстваў», – кажа Мацвей Купрэйчык.
У Беларусі амаль цалкам вырабляецца дрон-выведнік «Чекан» – дзясяткі такіх беспілотнікаў нашая краіна перадала Расеі ў пачатку ўварвання. Дроны таксама вырабляе і прадае ў Расею Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.
На МЗКЦ вырабляецца шасі для самаходнай артылерыйскай сістэмы «Кааліцыя-СВ». Таксама шасі менавіта беларускай вытворчасці былі ўсталяваныя на «Іскандэры», які ўдарыў па Сумах 13 красавіка 2025 года.
Менскі «Інтэграл» робіць мікрачыпы для расейскай ракеты Х-69, а таксама мікрасхемы, экраны для баявой тэхнікі, расейскіх вайсковых базаў, прадпрыемстваў.
Беларускія палітычныя вязні шыюць вопратку для расейскіх вайскоўцаў
На беларускіх прадпрыемствах вырабляецца не толькі зброя, але і, напрыклад, палявыя касцюмы для расейскай арміі, іх шыюць у папраўчых калоніях, у тым ліку да гэтай працы прыцягваюць палітвязняў. А фабрыка «Целяханы», вядомая санкамі і лыжамі, цяпер вырабляе скрыні для расейскіх снарадаў.
«На «Цялаханах» робяцца скрыні для снарадаў 122 мм, «балванкі» для іх – на іншых беларускіх прадпрыемствах. Амаль поўны цыкл, толькі што пакуль выбухоўкаю гэтыя снарады ў нас не начыняюцца», – зазначае «BELPOL».
Акрамя таго, працаўнікі беларускіх прадпрыемстваў выязджаюць у камандзіроўкі ў Расею, а таксама на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі і ў Крым, каб там рамантаваць расейскую тэхніку ці перавозіць яе ў Беларусь.
У дакладзе закранутае таксама пытанне абыходу санкцыяў беларускімі прадпрыемствамі, якія працуюць на расейскую абаронную прамысловасць.
МЗКЦ, «Планар», «Інтэграл» – пад еўрапейскімі і ўкраінскімі санкцыямі, аднак ёсць дзясяткі беларускіх кампаніяў, а таксама створаных беларусамі на тэрыторыі ЕЗ, якія супрацоўнічаюць з буйнымі прадпрыемствамі і дапамагаюць ім абыходзіць санкцыі, – звяртае ўвагу «BELPOL». – Мы рабілі расследаванне, у якім апавялі, як дзве беларускі дапамагаюць пастаўляюць кварцавае шкло ў Беларусь з Нямеччыны. У «Збройным бароне» паказаная поўная схема вытворчасці прыцэлаў на тэрыторыі Беларусі. Санкцыі – не панацэя. Іх трэба ўводзіць не толькі супраць буйных кампаніяў, але і супраць дробных, якія ўключаныя ў гэтую сістэму, каб рэжыму стала дорага і нявыгадна ствараць усё новыя «пракладкі».

«Расейскія дроны – пагроза для Беларусі, Лукашэнку – пляваць»
Беларусь надае сваю паветраную прастору расейскім беспілотнікам і ракетам. Паводле былых сілавікоў, беларуская СПА можа і павінна фіксаваць чужыя аб’екты і збіваць іх, аднак яна гэтага не робіць. Гэта, паводле «BELPOL», гаворыць пра тое, што беларуская армія ведае, што, калі і па якім маршруце будзе запускацца і рухацца праз Беларусь. Акрамя таго, расейскія «Шагэды» ў выпадку збою ў маршруце могуць быць небяспечныя для беларускіх гарадоў, аднак «Лукашэнку на гэта напляваць», кажуць былыя сілавікі.
Асобная ўвага ў дакладзе надаецца ўдзелу Беларусі ў прымусовым перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей.
«У кастрычніку 2024 года «BELPOL» разам з партнёрамі падрыхтаваў даклад «Скрадзенае дзяцінства» пра садзеянне рэжыму РФ у незаконным перамяшчэнні, мілітарызацыі і палітычнай індактрынацыі ўкраінскіх дзяцей, – апавядае Купрэйчык. – Рэч у тым, што ў Беларусі гэтыя дзеці не проста аздараўляліся ў летніках. Ім давалі ў рукі зброю, расказвалі, як страляць. Гэта доказ мілітарызацыі дзяцей, гэта ваеннае злачынства. Акрамя таго, рэжым прымушае паверыць дзяцей, што яны не ўкраінцы, а прадстаўнікі «русского мира». Гэта палітычная індактрынацыя».
Рэпрэсіі супраць нязгодных з вайною
Тым часам, адначасова з удзелам у вайне ўладаў Беларусі, шмат хто з беларусаў і ў тым ліку беларускія вайскоўцы, не падтрымліваюць расейскай агрэсіі і суўдзелу ў ёй нашай краіны, сцвярджаюць былыя сілавікі і спасылаюцца на тое, што вялікая колькасць тых, хто перадаваў інфармацыю пра перасоўванне расейскіх войскаў у «Беларускі Гаюн» ды іншыя арганізацыі, былі вайскоўцамі, у тым ліку з высокімі званнямі, аж да палкоўнікаў. І гэта нягледзячы на тое, што ўлады адразу ж пачалі ідэалагічна апрацоўваць асабовы склад арміі, а таксама працаўнікоў прадпрыемстваў. Ідэолагі распаўсюджвалі расейскую прапаганду, запужвалі людзей, каб яны не перадавалі інфармацыі, таму ідэолагі таксама не павінны сысці ад адказнасці, зазначае Мацвей Купрэйчык.
Акрамя ідэалагічнага апрацоўвання, у барацьбе з нязгодаю людзей з расейскай агрэсіяй, улады напоўніцу запусцілі рэпрэсіўную машыну. ГУБАЗіК пачаў ствараць фэйкавыя чат-боты, а тых, хто адпраўляў у іх інфармацыю, затрымлівалі і прымушалі здымацца для «пакаянных» відэа.
«Рэжым хацеў запужаць і паказаць, што ўсё трымае пад кантролем. Насамрэч гэта не так, і шмат беларусаў усё яшчэ працягваюць надаваць інфармацыю, рызыкуючы жыццём. Працаўнікі прадпрыемстваў дасылаюць фотаздымкі таго, што ў іх вырабляецца, ідэнтыфікуюць гэтыя дэталі. І нашае заданне – гарантаваць іхную бяспеку, знаходзіць новыя віды сувязі, пра якія не ведае рэжым, не выкарыстоўваць тэлеграму», – зазначаюць прадстаўнікі «BELPOL».

«Беларусы не могуць пратэставаць адкрыта, але падпольна робяць шмат»
Таксама «BELPOL» апавядае пра вялізную колькасць «браку» на беларускіх прадпрыемствах, на што надоечы таксама скардзіўся Лукашэнка. Усё гэта не проста так – кажуць былыя сілавікі:
,,«Беларусы збольшага супраць вайны, але цяпер яны не могуць адкрыта пратэставаць, аднак падпольна робяць вельмі шмат. Хоць ёсць і меркантыльныя, якія прыходзяць на працу і ведаюць, што яны робяць. Яны абыякавыя і да вайны, і да Лукашэнкі – ім проста ўсё роўна».
На падставе ўсяго вывучанага і прыведзенага ў дакладзе матэрыялу «BELPOL» прыходзіць да адназначнай высновы: улады ведалі пра рыхтаванне Расеяй нападу на Украіну, зарганізаваў ёй дапамогу ў гэтым і працягвае гэта рабіць, а таксама ўчынілі рэпрэсіі супраць беларусаў, якія выступалі і выступаюць супраць удзелу Беларусі ў вайне.
Усю інфармацыю «BELPOL» задоўга да публікацыі перадаў Украіне і краінам NATO. На найбліжэйшы час арганізацыя запланавала некалькі новых расследаванняў і міжнародныя візіты, падчас якіх абмяркуюцца шляхі супрацьдзеяння Лукашэнку і Пуціну. Прадстаўнікі «BELPOL» перакананыя і хочуць данесці да палітыкаў, чыноўнікаў і простых жыхароў Еўразвязу: каб забяспечыць мірнае неба над Еўропаю, неабходна перамагчы рэжымы Беларусі і Расеі.
Ганна Ганчар belsat.eu