Зніклая палітычная дзяячка Анжаліка Мельнікава хацела атрымаць доступ да заявак на падтрыманне ініцыятываў, якія прыходзяць у «BYSOL», у тым ліку з Беларусі. Пра гэта расказаў сузаснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак. Гэта была дзейнасць не ў рамках Каардынацыйнай рады, расказалі «Белсату» чальцы КР.
Андрэй Стрыжак расказаў, што пасля канферэнцыі «Новая Беларусь» у 2024 годзе ён упершыню пабачыўся з Анжалікай Мельнікавай.
,,«Падчас размовы яна прапанавала далучыцца да фінансавання ініцыятываў у межах праграмы "BYSOL". Мельнікава прапанавала € 5000, але ж хацела ўдзельнічаць у ацэнцы заявак ад ініцыятыў, якія мы прымаем і з Беларусі, і ад структураў па-за яе межамі. Забягаючы наперад, такая практыка ў межах "BYSOL" немагчымая – нельга прыйсці з вуліцы з грашыма і атрымаць доступ да заявак», – распавядае Стрыжак.
Ён кажа, 5 тысяч еўраў – гэта невялікая сума, дастатковая хіба што для зусім невялікай ініцыятывы. Але давесці справу да канца Мельнікава не змагла.
«Мяне троху здзівіла, што пасля напаміну пра справу Анжаліка паабяцала вярнуцца да яе пазней, але ж больш ніколі не вярнулася. Але ж так бывае ў грамадскім сектары – часам ідэі і праекты хутка нараджаюцца і так жа хутка паміраюць нерэалізаванымі», – зазначае Стрыжак.
Ён задаецца пытаннем: калі гэта не была агульная ініцыятыва Каардынацыйнай рады, то чые грошы прапаноўвала Мельнікава?
«І калі пафантазіяваць, то для спробы атрымаць доступ да заявак, што прыходзяць у "BYSOL", і дадзеных пра людзей, што іх падаюць, такая "інвестыцыя" выглядае як цалкам сабе пад'ёмныя траты», – кажа Стрыжак.
«Белсат» спытаў у віцэ-спікеркі Каардынацыйнай рады Станіславы Гліннік, ці хацела КР рабіць штось такога кшталту.
«Дакладна [ініцыятыва] не ўсёй Каардынацыйнай рады, спытайце фракцыю, мабыць, ад фракцыі», – кажа Гліннік.
Цяперашні спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан, які ўваходзіць у францыю «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» разам з Мельнікавай, таксама не чуў пра такія планы КР.
«Не, гэта не была ініцыятыва Каардынацыйнай рады. Хутчэй ейная асабістая», – сказаў ён.
Раней кіраўнік НАУ і намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінеце Павел Латушка расказаў выданню «Rzeczpospolita», што Мельнікава «стварыла сваю ўласную прэмію памерам 10 тысяч еўраў для людзей, у якіх ёсць новыя ідэі і якія хочуць рэалізоўваць розныя праекты».
Анжаліка Мельнікава займала пасаду спікеркі Каардынацыйнай рады да Арцёма Брухана. Пра ейнае знікненне стала публічна вядома ў канцы сакавіка. Пазней высветлілася, што Мельнікава мела рамантычныя стасункі з Аляксеем Лабеевым, агентам спецслужбаў Беларусі.
Арсен Рудэнка belsat.eu