Аналітыка

«Гэта фішка беларускай улады». Менск працягвае прадаваць падсанкцыйную драўніну ў Еўропу?

Драўніна
Драўніна на лесапільні ў паселішчы Ўупэртан (Wooperton), Вялікая Брытанія. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Dan Kitwood / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Падсанкцыйная беларуская і расейская драўніна, падобна, працягвае нелегальна ўвозіцца ў Вялікую Брытанію, а Казахстан усё яшчэ прадае небывалыя аб'ёмы дрэва ў ЕЗ. «Белсат» паспрабаваў разабрацца, як гэта звязана і пра якія аб'ёмы магчымай кантрабанды ідзе гаворка.

Нядобрае западозрылі ў Вялікай Брытаніі

Нядаўна «World Forest ID» выпусціў даследаванне, якое паказала, што экалагічна чыстая бяроза, якая ўвозіцца ў Вялікую Брытанію з Украіны, Польшчы, Эстоніі і Латвіі, насамрэч вырасла не там. Памылка была выяўленая ў 41 % вывучаных пробаў.

Па выніках тэстаў не было названае дакладнае паходжанне драўніны. Адзначаецца толькі, што месца паходжання 50 % пробаў нібыта з Польшчы было ўказанае няправільна. Такая ж сітуацыя з 33 % пробаў з Украіны, 30 % – з Эстоніі і 27 % пробаў з Латвіі.

Выканаўчы дырэктар галіновай гандлёвай асацыяцыі «Timber Development UK» Дэйвід Гопкінз распавёў «The Guardian», што няправільна прамаркераваная драўніна прывезеная, на ягоную думку, з Беларусі і Расеі.

,,

«Адкуль яшчэ гэта магло быць?» – пытае ён.


«Белсат» вывучыў гандлёвыя звесткі пра куплю Вялікай Брытаніяй драўніны, вырабаў з яе і драўнянага вугалю з Беларусі, Расеі, Украіны, Эстоніі, Латвіі і Польшчы. У 2021 годзе ўсе названыя краіны рэзка павялічылі продажы ў Вялікую Брытанію як у грашовым вымярэнні, так і ў тонах. Год аказаўся незвычайным у звязку з ростам цэнаў на драўніну ў свеце і з дэфіцытам, які склаўся ў 2020 годзе праз пандэмію каронавіруснай хваробы, а таксама з ростам будаўнічай галіны.

Фура з фанерай, якую везлі ў Еўропу. Фота: lubelskie.kas.gov.pl
У Польшчы затрыманая буйная партыя фанеры. Імаверна, яе везлі з Беларусі ў абыход санкцыяў навіны

Паводле звестак «UN Comtrade», Расея і Беларусь не экспартавалі драўніны, вырабаў з яе і драўнянага вугалю ў Вялікую Брытанію з 2022 года – у чэрвені таго года былі ўведзеныя санкцыі. У 2021 годзе Беларусь прадала ў Вялікую Брытанію драўніны на $ 61,4 млн. З 2015 года максімальны аб'ём продажаў склаў $ 4,2 млн. Расейскія продажы ў 2021 годзе дасягнулі $ 317,7 млн, што ў 2–3 разы больш за экспарт папярэдніх гадоў. Звесткі пра фізічныя аб'ёмы недаступныя, але тое, што ёсць, дазваляе зразумець, колькі Беларусь і Расея маглі зарабляць на экспарце ў Вялікую Брытанію.

Паводле інфармацыі Еўрастату, калі адкінуць 2021 год, то Латвія, якая і без таго была буйным дастаўцам дрэва ў Вялікую Брытанію, у апошнія гады павялічыла продаж туды на 200–300 млн еўраў у параўнанні з 2015–2020 гадамі. А фізічныя аб'ёмы продажаў у 2022 і 2024 гадах былі, напрыклад, на траціну вышэйшымі за ўзровень 2017 года і на 19 % вышэйшымі за ўзровень 2020 года.

Звесткі пра ўкраінскія продажы драўніны ў Злучанае Каралеўства ў грашовым вымярэнні падазрэнняў хутчэй не выклікаюць. Паводле інфармацыі «UN Comtrade», з 2015 да 2024 года яны былі ў дыяпазоне $ 12–21 млн на год, прычым вышэйшыя за ўсё продажы былі ў 2016 годзе. Для параўнання, Латвія ў 2020 годзе зарабіла на продажы дрэва ў Вялікую Брытанію 480 млн еўраў, а ў 2024 годзе – 678 млн еўраў.

У экспарце Эстоніі і Польшчы вялікіх скачкоў не назіралася.


Як беларускае дрэва ператвараецца ў замежнае

Журналістка «Бюро Медыя» Ксенія Вязнікоўцава адзначае: у цэлым нармальна, што пасля таго як беларускі і расейскі рынкі зрабіліся недаступныя для Вялікай Брытаніі, нішу маглі заняць іншыя краіны, як, напрыклад, Літва. Аднак у гэтым выпадку сітуацыя іншая, паколькі тыя еўрапейскія краіны, якія прадаюць драўніну ў Вялікую Брытанію, часцяком закупляюць яе нібыта ў Казахстане.

,,

«Калі паглядзець пастаўкі дрэва з Казахстану ў тыя ж Латвію, Польшчу і Літву, то будуць вялікія сумы за кошт таго, што Казахстан – адзін з буйных хабаў, які займаецца і займаўся кантрабандай лесу як мінімум з Беларусі.


Журналісты-расследавальнікі вывучалі гэтае пытанне ў 2022 годзе. Мы высветлілі, што якраз калі адпалі рынкі Беларусі і Расеі, быў анамальны ўсплёск продажу лесу і лесапрадукцыі з Казахстану і Кыргызстану. Хоць у адпаведнасці з прыроднымі асаблівасцямі гэтых краінаў там не можа быць ні такога аб'ёму, які яны пастаўляюць, ні ў прынцыпе пароды, якія прадаюцца ў Еўропу, там не растуць. Кіргізскі рынак адпаў з часам. Прынамсі, станам на 2023 год. Былі звесткі, што схемы праз Казахстан працягваюць працаваць», – кажа Ксенія Вязнікоўцава.

Таму яна лічыць, што ідэя Дэйвіда Гопкінза з «Timber Development UK» аб тым, што ў Вялікую Брытанію працягвае паступаць беларуская і расейская драўніна, вельмі блізкая да праўды. Суразмоўніца адзначае, што сітуацыя нашмат больш маштабная, чым імаверныя перапродажы беларускага дрэва ў Злучанае Каралеўства.

У Польшчы палююць на кантрабандыстаў


Грузавік з драўнінай едзе па кальцавой дарозе ў Рызе, Латвія. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Амара Маркеса / Sopa Images / Light Rocket праз Getty Images
Грузавік з драўнінай едзе па кальцавой дарозе ў Рызе, Латвія. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Амара Маркеса / Sopa Images / Light Rocket праз Getty Images

На гэтым фоне 12 траўня сталася вядома, што ў Польшчы затрымалі трох чалавек, якіх падазраюць у незаконным увозе ў Польшчу драўніны з Беларусі і Расеі.

Паводле звестак следства, адна з польскіх кампаніяў увозіла беларускую бярозавую фанеру праз кампаніі з Казахстану. Былі ўзятыя пробы тавару для лабараторных даследаванняў. Пакуль падазраваныя затрыманыя на тры месяцы, а пагражае ім ад трох гадоў пазбаўлення волі і штраф.

,,

«Гэта называецца паралельны транзіт, калі паводле дакументаў драўніна едзе з Казахстану, а па факце проста адгружаецца ў Беларусі і едзе наўпрост у краіны ЕЗ, – распавядае, як працуюць падобныя схемы, Ксенія Вязнікоўцава. – Наколькі я ведаю, асноўныя дастаўнікі [у трэція краіны] кантрабанднай драўніны – гэта Польшча і Латвія».


Сапраўды, з 2022 года продаж драўніны, вырабаў з яе і драўнянага вугалю з Казахстану ў Еўропу ўзляцелі. Прычым бум не заканчваецца дагэтуль. Паводле Еўрастату, за ўвесь 2021 год Казахстан прадаў 770 тонаў вышэй пералічаных тавараў у ЕЗ, а толькі за першыя тры месяцы 2025 года – ужо 12 417 тонаў, болей чым у 16 разоў больш. Асноўнымі пакупнікамі былі Эстонія, Нямеччына і Польшча.

Яшчэ ў 2023 годзе Латвія і Літва таксама былі аднымі з самых буйных пакупнікоў, а ў 2024 годзе рэзка знізілі закупкі, але не спынілі іх зусім.



Нашая суразмоўніца адзначае, што былі даказаныя выпадкі, калі беларусы адкрывалі ў краінах-суседках фірмы, каб перавозіць кантрабанду.

,,

«Мы звязваліся з імі як пакупнікі, яны даслалі нам ліпавыя дакументы, распавядалі, як будзе праходзіць паралельны транзіт, і прагаворвалі, што, вядома, ні ў які Кыргызстан ваш тавар заязджаць не будзе. Калі трэба ў Польшчу – паедзе адразу ў Польшчу», – кажа Ксенія Вязнікоўцава.


Яна лічыць, што не варта чакаць, што еўрапейцы перамогуць кантрабанду, бо некаторыя падробленыя дакументы выглядаюць вельмі пераканаўча.

«Разлік ідзе на тое, што мытня вельмі загружаная, людзі, якія там працуюць, не спецыялісты ў санкцыях і могуць шмат што прапускаць. У тым ліку праз чалавечы фактар, таму што плынь тавараў вялікая, а ўсё роўна ёсць норма прапушчальнасці», – працягвае журналістка.

Таксама не варта чакаць, што спыняцца спробы з боку Беларусі ўвозіць у Еўропу кантрабанду.

«Гэта фішка беларускай улады. Лукашэнка не моцны ў рэформах і аптымізацыі. І наогул з рынкам ён сябруе дрэнна. Ён умее толькі прыдумаць мутныя схемы і як з гэтага бюджэту нешта сабе накрасці. А як правесці нейкую рынкавую рэформу, яны [улады Беларусі] не разабраліся, таму што для іх няма сэнсу ніякага. У іх не стаіць задача папаўняць бюджэт, каб палепшыць жыццё насельніцтву», – робіць выснову Ксенія Вязнікоўцава.

Арсен Рудэнка / АБ belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10