навіны

Прывід адмены выбараў у Беларусі: сімптом палітычнага страху

img
Выбарчы ўчастак. Менск, Беларусь. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Прапанова Сыранкова адмяніць прамыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі – адзін з сімптомаў крызісу рэжыму Лукашэнкі, але не сведчаць ні пра яго хуткі крах, ні нават пра тое, што такія прапановы будуць абавязкова рэалізаваныя.

У Беларусі даўно няма вольных выбараў, і тым не менш выбарчы рытуал заставаўся адною з апораў аўтарытарнага рэжыму. Таму прапанову лідара Камуністычнай партыі Беларусі Сяргея Сыранкова скасаваць прамыя прэзідэнцкія выбары і перадаць права абіраць кіраўніка дзяржавы Усебеларускаму народнаму сходу варта разглядаць не як экзотыку, а сімптом крызісу цяперашняй палітычнай сістэмы.


Выбары, паводле інтэрпрэтацыі нядаўняга кандыдата на прэзідэнцтва Сыранкова, – гэта «пекла для беларускага народу». З ягонага пункту гледжання, няма сэнсу праходзіць некалькі колаў гэтае «пекла», калі ёсць «цудоўны досвед Кітаю», дзе кіраўніка краіны прызначаюць чальцы падкантрольнага рэжыму сходу. Раней і Лукашэнка называў гэты прыклад, так што Сыранкоў толькі агучвае тое, што было б, на ягоную думку, прыемна пачуць Лукашэнку, але так і не было зрэалізавана. 


За памкненнем адмовіцца ад прамых прэзідэнцкіх выбараў хаваецца не толькі жаданне спрасціць працэдуру, але і страх: сістэма пачынае баяцца нават цалкам кантраляваных сцэнараў, калі тыя могуць выклікаць сацыяльнае або палітычнае напружанне. Падчас электаральнай кампаніі кіроўны рэжым як бы мяняе скуру і робіцца ўразлівы, і нездарма шэраг аўтарытарызмаў абрынуўся менавіта падчас выбараў. 


Аляксандр Лукашэнка ў 2022 годзе казаў: «вось мы недзе праявілі слабасць [не прапанавалі пры змене Канстытуцыі выбары прэзідэнта на УНС – Заўв. аўт.]… Але мы гэта ўжо ўпусцілі. Гэта не катастрофа. Будзе неабходнасць – мы да гэтага вернемся. Але не цяпер, і, можа быць, не нам да гэтага вяртацца». То бок праект падаецца Лукашэнку прыцягальным, але не актуальным. Ён застаецца ў капілцы варыянтаў дзеянняў.

Нават сфальсіфікаваныя выбары ў аўтарытарных сістэмах выконваюць тры крытычныя функцыі: легітымізацыю, унутраную мабілізацыю і замежнапалітычную дэманстрацыю. Праз гэты рытуал улады сцвярджаюць: «мы тут не проста так, нас абралі». Гэта таксама момант унутранай актывізацыі – для чыноўнікаў, прапаганды, вертыкалі. І, нарэшце, выбары даюць магчымасць камунікаваць з міжнароднаю супольнасцю – дэманстраваць «працэс», «інстытуцыі», «нармальнасць».


Адмова ад выбараў – гэта адмова ад усіх гэтых функцыяў. Як слушна адзначае ў «Двубоі» гісторык Аляксандр Фрыдман, факт абмеркавання такіх сцэнароў сведчыць пра тое, што Лукашэнка прынамсі іх не забараняе. Аднак такое рашэнне, калі б яно было прынятае, нясе кіроўнаму рэжыму новыя рызыкі:

,,

«Калі прэзідэнта абірае не народ, а сама ўлада, гэта будзе мець зусім іншую легітымнасць нават сярод чынавенства. Без рытуальнай сувязі з грамадствам, нават сцэнічнай, уся вертыкаль можа паступова страчваць унутраны сэнс».


Чытайце таксама:
Стэнд «усебеларускага народнага сходу» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, Беларусь. 24 красавіка 2024 года. Фота: Валерый Картуль / 1prof.by

Эканамічная лібералізацыя, абнаўленне вонкавай палітыкі, адмова ад выбараў? Чаго чакаць ад «усебеларускага сходу»

Ужо сёння лідарка дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская заяўляе, што паколькі няма выбараў, то і «інаўгурацыя без выбараў – пустая фармальнасць, яна не зробіць Лукашэнку легітымным. Яго не прызнаюць ні беларусы, ні міжнародная супольнасць. Ягоны рэжым трымаецца толькі на рэпрэсіях, страху і падтрыманні Крамля».


Але тэарэтычная адмова ад рытуалу прамых народных выбараў гэта не пустая фармальнасць, не прывядзенне да нормы таго, што ёсць па факце. Нават Лукашэнка кажа: «не пайшоў на гэты крок, каб не адбіраць гэтага права выбару ў народу».


Лукашэнка трохі шкадуе, што не зрэалізаваў гэтай прапановы пры апошняй змене Канстытуцыі, катастрофы, паводле яго, не было б. Але, відаць, аргументаў на карысць гэтага варыянту было замала.

Вось хапіла аргументаў унесці ў Канстытуцыю Усебеларускі народны сход, у красавіку 2025 года мусіў гэты новы, быццам бы самы галоўны прадстаўнічы інстытут, сабрацца і заслухаць справаздачы, прыступіць да рэальнай дзейнасці, але па факце без тлумачэння прычынаў не сабраўся. Давесці да канца праект пакуль не ўдалося, а абяцалі зрабіць з УНС «калектыўнага Лукашэнку» для захавання пераемнасці рэжыму. Толькі Лукашэнка пакуль нікуды сыходзіць не збіраецца


Спроба перадаць абранне прэзідэнта Усебеларускаму народнаму сходу можа спрацаваць як кароткатэрміновы сцэнар. Але яна не здольная гарантаваць устойлівасці сістэмы нават на сярэдні тэрмін. Гэта сімптом разгубленасці, а не палітычнага бачання. І таму сам факт з’яўлення такіх прапановаў гэта не прыкмета сілы. Гэта знак таго, што рэжым усё менш давярае нават самому сабе.


Паўлюк Быкоўскі, старэйшы аналітык «Media IQ» для belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10