Улады мяркуюць, што ў гэтым «цэнтры духоўнага развіцця» дзеці будуць выконваць усё, нават богаслужэнні.
Месцам для святыню станецца дзіцячы садок № 6 у Наваполацку, які пераабсталююць у «духоўны цэнтр з храмам у гонар прападобнага Сергія Раданежскага – апекуна навучэнцаў». «Асноўнымі прыхаджанамі ў ім стануць дзеці. Дзіцячы хор з Наваполацку будзе выконваць богаслужэнні. Іканастас будзе зроблены так, каб праглядалася ўсё, што адбываецца ў алтары. Дзеці атрымаюць наглядны навучальны дапаможнік. Акрамя таго, у гэтым цэнтры духоўнага развіцця будуць класы для заняткаў музыкаю, нядзельная школа для збору моладзевых брацтваў, а таксама актавая зала з кіназалаю», – паведаміў БелТА Епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій.
У кіназале дзіцячай святыні будуць паказваць праваслаўныя фільмы, таксама плануецца адкрыць там «трапезную».
Старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла, што гэта «дапаможа далучыць маладое пакаленне да традыцыйных праваслаўных каштоўнасцяў».
Нагадаем: у Беларусі больш за 10 гадоў рэалізуецца Праграма супрацы паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускаю праваслаўнаю царквою. Напрыклад, у межах гэтай праграмы ў некаторых школах увялі асновы праваслаўнай культуры.
Але ўлады Беларусі ўсё больш актыўна спрабуюць навучыць дзяцей не толькі «праваслаўным каштоўнасцям», але і вайне. Ужо адкрыліся вайскова-«патрыятычнага» клубы ў школе, перапісаныя падручнікі па гісторыі, ладзяцца вайскова-«патрыятычныя» лекцыі. А зусім маленькіх дзяцей з Бальшавіцкага санаторнага дзіцячага садка Гомельскага раёну (што б гэта ні было) нядаўна пераапраналі ў вайсковую ўніформу ў гонар «36-й гадавіны вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў з Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан».
Тэса Анэйда belsat.eu