навіны

Агрэсар не гатовы да міру. Чаму адкладзены саміт міру і якім будзе план перамогі

img
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапейскай рады Шарлем Мішэлем у апошні дзень саміту міру. Бюргеншток, Швейцарыя. 16 чэрвеня 2024 года. Фота: Alessandro Della Valle / Pool / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Украіна заявіла пра адмену другога саміту міру ў лістападзе. Тэрмін яго правядзення пакуль «павіс у паветры», нягледзячы на тое, што ўсе неабходныя дакументы Кіеў абяцае падрыхтаваць да пачатку лістапада. Што перашкаджае правядзенню гэтай падзеі, чаму яна такая важная і ці можа на ёй развязацца пытанне заканчэння вайны ва Украіне? «Белсат» сабраў галоўнае, што вядома на гэты момант.  

Дык будзе саміт ці не?

8 кастрычніка сталася вядома, што другі саміт міру ў пытанні Украіны, які папярэдне планаваўся на лістапад, не адбудзецца. Хутчэй за ўсё, ён пройдзе пазней, заявіла дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Дар'я Зарыўная.

Пры гэтым украінская чыноўніца адзначыла, што ўсё павінна быць гатовае да яго правядзення. Яна таксама ўдакладніла, што пакуль праходзяць тэматычныя канферэнцыі, прысвечаныя кожнаму з пунктаў формулы міру Уладзіміра Зяленскага, якія заканчваюцца прыняццем камюніке. Асноўныя палажэнні, прапісаныя ў гэтых камюніке, і зробяцца асновай для мірнага плану, што мае быць агучаны на другім саміце, падкрэсліла прадстаўніца Украіны.

Ужо праз два дні прэзідэнт Украіны пасля сустрэчы з Эманюэлем Макронам заявіў, што саміт мусіць адбыцца, але яго дакладная дата пакуль што невядомая.

«Наступны саміт міру мусіць адбыцца. У лістападзе план будзе на стале. Я не ведаю даты, я думаю, ніхто не ведае на сённяшні дзень. Але мы падрыхтуем усё, наконт чаго мы дамовіліся, у пачатку лістапада. План будзе з усімі падрабязнасцямі», – заявіў Уладзімір Зяленскі.

Адметна, што некаторыя медыі недакладна перадалі словы Зяленскага, праігнараваўшы інтанацыйнае раздзяленне, у выніку чаго словы прэзідэнта Украіны набылі іншы сэнс. Так, з фразы «наступны саміт міру мусіць адбыцца. У лістападзе план будзе на стале» атрымалася выказванне «наступны саміт міру мусіць адбыцца ў лістападзе…» – менавіта так напісала, напрыклад, расейскае выданне «РБК», а таксама некаторыя ўкраінскія медыі. Усё гэта спарадзіла хвалю публікацыяў пра тое, што Зяленскі нібыта зняпраўджвае словы Дар'і Зарыўнай і зноў кажа аб правядзенні саміту ў лістападзе, што насамрэч не так.

Чаму лістапад зрабіўся гадзінай ікс?

Пра свае намеры правесці другі саміт міру Украіна заявіла неўзабаве пасля першага саміту (ён адбыўся ў чэрвені 2024 года ў Швейцарыі, у ім узялі ўдзел прадстаўнікі больш як 90 краінаў, але не Расея).

У жніўні агенцтва «Bloomberg» паведамляла, што Уладзімір Зяленскі прапаноўваў прэм’ер-міністру Індыі правесці саміт у ягонай краіне, прычым да таго, як пройдуць выбары ў Злучаных Штатах Амерыкі (прызначаныя на пачатак лістапада).

13 верасня падчас прэс-канферэнцыі ў Кіеве Уладзімір Зяленскі паўтарыў сваю тэзу аб правядзенні ў лістападзе саміту, на які было прапанавана запрасіць і Расею. Таксама Зяленскі анансаваў сустрэчу з Джо Байдэнам, якому збіраўся прэзентаваць свой план перамогі.

Жорсткая прывязка правядзення саміту да выбараў у ЗША найперш была звязаная з імавернасцю прыходу да ўлады ў ЗША Доналда Трампа, які неаднаразова хваліўся, што дасць рады спыніць вайну ва Украіне, яшчэ нават да ўступлення на пасаду прэзідэнта (гэта значыць, да 20 студзеня 2025 года).

Метады, з дапамогай якіх ён збіраецца гэтага дамагчыся, Трамп апісаў яшчэ ў лютым 2024-га: тады ён падкрэсліў, што будзе ціснуць на Украіну праз пагрозы спынення ваеннай дапамогі, у той час як на Расею, наадварот, праз абяцанне павялічыць дапамогу Кіеву і ўзмацніць санкцыі супраць РФ. Акрамя таго, у чэрвені 2023 года Трамп дапускаў, што, калі яна хоча спыніць вайну, Украіна, магчыма, будзе вымушаная саступіць частку акупаваных тэрыторыяў Расеі.

Зяленскі ў ЗША – крокі да саміту

Усё гэта вымушала ўкраінскі бок спяшацца. Напрыканцы верасня Уладзімір Зяленскі выправіўся ў Злучаныя Штаты з афіцыйным візітам, каб прэзентаваць план перамогі кіраўніцтву краіны.

Але, падобна, гэты план быў успрыняты даволі прахалодна: у Белым доме палічылі, што гэта не паўнавартасная стратэгія завяршэння канфлікту, а набор пажаданняў. Пасля сустрэчаў з Зяленскім кіраўніцтва ЗША так і не дало дазволу на выкарыстанне далекабойнай зброі, што, паводле некаторых сведчанняў, было адным з ключавых пунктаў плану побач з гарантыямі бяспекі і ўступленнем Украіны ў NATO.

Паказваў Зяленскі свой план і кандыдату на прэзідэнта ад Рэспубліканскай партыі Доналду Трампу. Падчас сумесных заяваў па выніках сустрэчы Трамп зноў паўтарыў, што «не змяніў думкі» і расказаў пра «справядлівую ўгоду» паміж Расеяй і Украінай. Пры гэтым, як адзначылі аналітыкі, Трамп не казаў пра перамогу Украіны.

Прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, федэральная прэзідэнтка Швейцарыі Віёля Амгэрд, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Чылі Габрыель Борыч і прэм'ер-міністр Канады Жустэн Трудо выступаюць на апошняй прэс-канферэнцыі саміту міра. Бюргеншток, Швейцарыя. 16 чэрвеня 2024 года. Фота: Michael Buholzer / Pool / AFP / East News
Прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, федэральная прэзідэнтка Швейцарыі Віёля Амгэрд, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Чылі Габрыель Борыч і прэм'ер-міністр Канады Жустэн Трудо выступаюць на апошняй прэс-канферэнцыі саміту міра. Бюргеншток, Швейцарыя. 16 чэрвеня 2024 года. Фота: Michael Buholzer / Pool / AFP / East News

Якія тэмы на стале?

Украінскія ўлады неаднойчы падкрэслівалі, што ў другім саміце мусіць браць удзел і Расея і што на ім можа быць пастаўленая кропка ў вайне. Праўда, бачання таго, у якім фармаце Расея мусіць удзельнічаць у падзеі, ніхто не агучваў.

Ускосна гэтае пытанне закрануў амбасадар Украіны ў Турцыі Васіль Боднар. Ён адзначыў, што падчас саміту беспасярэдніх двухбаковых перамоваў паміж дзвюма краінамі не прадбачыцца.

,,

«Адною з найважнейшых мэтаў гэтага саміту ёсць дасягненне справядлівага міру ва Украіне. Мы не гаворым тут пра фармат, у якім Украіна і Расея сядзяць адна насупраць адной і Украіна слухае патрабаванні Расеі», – адзначыў Васіль Боднар.


Згодна з пазіцыяй украінскага амбасадара, прадстаўнікі Расеі і Украіны могуць правесці сустрэчы пры ўдзеле трэцяга боку.

Васіль Боднар бачыў гэта так: міжнародная супольнасць разам з Украінай збярэцца і складзе спіс неабходных крокаў, якія дазволяць усталяваць «справядлівы мір ва Украіне». На падставе гэтага спісу далей адбудзецца абмеркаванне таго, якія патрабаванні трэба будзе выставіць Расеі.

Акрамя таго, Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна не вядзе з заходнімі саюзнікамі перамоваў пра магчымасць спынення агню ў абмен на іх гарантыі. Гэтая тэма не абмяркоўвалася падчас сустрэчы з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Зяленскі адзначыў, што паведамленні пра магчымасць замірэння, распаўсюджаныя ў італьянскай прэсе, не адпавядаюць рэчаіснасці і гэта не ёсць прадметам дыскусіяў Украіны з іншымі партнёрамі.

А што наконт абмену тэрыторыяў на мір ва Украіне, пра што заяўляў Доналд Трамп у пачатку 2024-га? Сваю пазіцыю ў гэтым пытанні Уладзімір Зяленскі сфармуляваў яшчэ ў ліпені таго ж года ў інтэрв’ю французскаму выданню «Le Monde». Ён адзначыў, што такое рашэнне нельга прымаць без украінскага народу.

«Гэтага проста нельга зрабіць. Гэта супярэчыць Канстытуцыі Украіны», – сказаў Зяленскі, дадаўшы, што Украіна ніколі не аддасць сваіх тэрыторыяў, што іх здача ў любым выпадку «будзе не найлепшым варыянтам» і фактычна будзе азначаць перамогу Уладзіміра Пуціна.

У гэтым жа інтэрв’ю Зяленскі падкрэсліў, што выступае супраць замарожвання канфлікту, бо Расея пазней можа здзейсніць чарговую спробу захопу тэрыторыяў Украіны.

Відавочна, Украіна разлічвае на тое, што падчас другога саміту на абмеркаванне ўдасца вынесці формулу міру, прапанаваную Уладзімірам Зяленскім.

Так, дарадца прэзідэнта Украіны ў пытаннях камунікацыі Дмытро Лытвін адзначыў, што ў формуле міру дакладна сказана, як Украіна бачыць справядлівы мір.

«Менавіта на такой аснове працягнуцца перамовы з партнёрамі для ўзмацнення пазіцыяў Украіны»,прыводзіць словы Лытвіна выданне «Главком». Украінскі чыноўнік таксама дадаў, што гэты план будзе прадстаўлены Брытаніі, Францыі, Італіі ды Нямеччыне і будзе інструментам, здольным «падштурхнуць сітуацыю да рэалізацыі формулы міру».

Аднак дэталі плану перамогі Зяленскага пакуль невядомыя, ён паабяцаў агучыць іх пасля таго, як з ім азнаёмяцца саюзнікі Украіны. Паводле «The Times», план утрымлівае чатыры з пяці асноўных пунктаў: гарантыі бяспекі для Украіны ад Захаду, аналагічныя пакты аб узаемнай абароне пры ўступленні ў NATO, працяг ваенных аперацыяў у Курскай вобласці, запыт на сучасную зброю, а таксама міжнародную фінансавую дапамогу Украіне. Хаця пазней у Офісе прэзідэнта Украіны абверглі інфармацыю, пададзеную ў артыкуле, і назвалі яе падачу некарэктнаю.

Такім чынам, пакуль што на афіцыйным узроўні план перамогі Украіны нідзе не быў агучаны публічна.

Мясцовая жыхарка выносіць свае рэчы з жылога дому, які пацярпеў ад расейскай бомбы ў Мікалаеўцы, Данецкая вобласць, Украіна. 23 верасня 2024 года. Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News
Мясцовая жыхарка выносіць свае рэчы з жылога дому, які пацярпеў ад расейскай бомбы ў Мікалаеўцы, Данецкая вобласць, Украіна. 23 верасня 2024 года. Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News

Ці пойдзе на саміт Расея?

Што да самой Расеі і яе ўдзелу ў саміце, то 21 верасня прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што «прадстаўнікі Расеі ні ў якіх сустрэчах у рамках "бюргенштокаўскага працэсу" не ўдзельнічалі і ўдзельнічаць не збіраюцца». Яна таксама абвінаваціла Украіну і яе партнёраў у спробах «выставіць Расеі ўльтыматум аб капітуляцыі».

Паводле Захаравай, Расея гатовая да палітычна-дыпламатычнага ўрэгулявання канфлікту, але на ўмовах, прапанаваных Уладзімірам Пуціным. Як вядома, яшчэ перад першым самітам у чэрвені расейскі кіраўнік заявіў, што для пачатку перамоваў неабходны вывад украінскіх войскаў з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай вобласцяў, а таксама адмова Украіны ад далучэння да NATO.

Прыхільнікі Камуністычнай партыі Камуністы Расеі (КПКР) удзельнічаюць у акцыі пратэсту перад прадстаўніцтвам ЕЗ у цэнтры Масквы, Расея. 8 жніўня 2024 года. Фота: Tatyana Makeyeva / AFP / East News
Прыхільнікі Камуністычнай партыі Камуністы Расеі (КПКР) удзельнічаюць у акцыі пратэсту перад прадстаўніцтвам ЕЗ у цэнтры Масквы, Расея. 8 жніўня 2024 года. Фота: Tatyana Makeyeva / AFP / East News

Наўрад ці з гэтага нешта выйдзе

Украінскі палітычны аглядальнік Яўген Магда ў размове з «Белсатам» выказаў вялікае сумненне ў тым, што саміт можа адбыцца ў лістападзе. Ён адзначыў, што шмат усяго ўжо было сказана пра будучы ўдзел у саміце расейскай дэлегацыі, але разумення таго, якім чынам яе можна прыцягнуць на сустрэчу, дасюль няма. Таму на рэалізацыю гэтай задумы суразмоўца глядзіць скептычна. 

,,

«Пазіцыя Расеі такая: пакуль украінскія войскі на тэрыторыі Расеі, мы перамоваў весці не будзем. А тады ўзнікае пытанне: а пакуль расейскія войскі застаюцца на тэрыторыі Украіны, то як мы маем паводзіцца? Гэта, на маю думку, стварае пэўныя праблемы і пытанні. Таму я думаю, што нам трэба сканцэнтравацца на ўзмацненні ўнутраным, а не на тым, каб будаваць пясочныя замкі самітаў міру, да якога агрэсар абсалютна не гатовы», – адзначыў Яўген Магда. 


Суразмоўца падкрэсліў, што Уладзімір Зяленскі вельмі сур’ёзна думае пра тое, як паводзіцца пасля правядзення выбараў у ЗША, бо пра план міру гаворка вядзецца ўжо больш за месяц, але ён так нідзе і «не ўсплыў».

«Таму паўстае сур’ёзнае пытанне: што ж гэта за такі дакумент, які ўжо паказалі некалькім палітыкам, а ён дасюль нідзе не з’явіўся?» – кажа Яўген Магда.

На думку палітычнага аглядальніка, ідэя паказаць план і Камале Гэрыс, і Доналду Трампу, як гэта зрабіў Зяленскі падчас наведвання ЗША ў верасні, была не вельмі правільнай, бо ён можа стацца закладнікам канфліктаў, што могуць узнікнуць паміж кандыдатамі на фінішнай лініі прэзідэнцкай кампаніі.

Тут яшчэ дадаўся факт адмены сустрэчы ў фармаце Рамштайн у звязку з ураганам Мілтан, які лютуе ў Злучаных Штатах, і таму ў Джо Байдэна застаецца вельмі мала часу на тое, каб ухваліць якія-небудзь важныя для Украіны пастановы.

«Па сутнасці, я думаю, што пасля 5 лістапада [дзень выбараў прэзідэнта ў ЗША. – Заўв. belsat.eu] такіх пастановаў не будзе», – адзначыў суразмоўца.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10