Пуцін назваў свае ўмовы для пачатку перамоваў наконт Украіны: аддаць яму чатыры вобласці
14.06.2024, 15:32
Архіўнае фота. Уладзімір Пуцін падчас візіту ў Ташкент, Узбекістан. 28 траўня 2024 года. (Фота: Kremlin.ru)
podpis źródła zdjęcia
Таксама трэба прызнаць Крым расейскім і адмовіцца ад далучэння да NATO.
Уладзімір Пуцін 14 чэрвеня выступіў у Міністэрстве замежных справаў Расеі. Значную частку выступу ён прысвяціў вайне ва Украіне. Ён назваў свае ўмовы пачатку мірных перамоваў: аддаць тое, чаго ён не можа заваяваць.
Архіўнае фота. Уладзімір Пуцін падчас візіту ў Ташкент, Узбекістан. 28 траўня 2024 года. (Фота: Kremlin.ru)
Для пачатку мірных перамоваў, паводле Уладзіміра Пуціна, Украіна мусіць вывесці войскі з Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай вобласцяў – не толькі з тых частак, якія кантралюе Расея, а і з тых, кантроль над якімі захоўвае Украіна.
Гэтыя вобласці Расея кантралюе толькі часткова: каля трох пятых Данецкай, Луганскай і Запарожскай, каля 95 % Луганскай вобласцяў. Увосень 2022 года Пуцін фармальна анексаваў гэтыя рэгіёны, прычым рабіў гэта падчас адступлення расейскіх войскаў з новай «тэрыторыі Расеі». Неўзабаве пасля фармальнай анексіі быў вызвалены Херсон.
Пуцін таксама запатрабаваў «нейтральны, пазаблокавы, бяз’ядравы статус Украіны», яе «дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю», скасавання ўсіх заходніх санкцыяў супраць Расеі. Дадаў, што, на ягоную думку, пры адмове адказнасць за праліццё крыві будзе на Захадзе і Украіне:
,,
«Як толькі Кіеў заявіць, што гатовы да гэтага, і пачне рэальнае вывядзенне войскаў, а таксама абвесціць пра адмову ад уступлення ў NATO, мы неадкладна загадаем спыніць агонь і пачнём перамовы».
Таксама ён паабяцаў Украіне бесперашкоднае і бяспечнае адвядзенне войскаў. Пра анексаваны Расеяй украінскі Крым ён не згадваў ва ўмовах міру, але пазней дадаў, што Украіна мусіць у мірнай дамове прызнаць «новыя тэрытарыяльныя рэаліі», «статус Крыму і Севастопалю». Зусім не згадаў, што Расея акупуе невялікія часткі Харкаўскай і Мікалаеўскай вобласцяў.