Вайна

Ці пасыпаўся ўкраінскі фронт? Адказвае эксперт

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Оперативне командування «Північ» Сухопутних військ Збройних Сил України / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Украінскі генерал Дмытро Марчанка абмаляваў не вельмі радасную карціну ва ўкраінска-расейскай вайне, адзначыўшы, што «фронт пасыпаўся». «Белсат» спытаў у эксперта, ці сапраўды ўсё так складана для ўкраінцаў на перадавой і што насамрэч могуць абазначаць словы генерала.

Сітуацыя даволі цяжкая


«Фронт пасыпаўся» – менавіта такія словы прагучалі з вуснаў украінскага генерал-маёра Узброеных сілаў Украіны начальніка Галоўнага ўпраўлення развіцця і суправаджэння матэрыяльнага забеспячэння ЗСУ Дмытра Марчанкі. Ён адзначыў, што ўкраінскія войскі працягваюць страчваць пазіцыі ў Данецкай вобласці ў звязку з прасоўваннем расейскіх войскаў, якія ўжо амаль захапілі Сэлыдава.

,,

«Усе мы ведаем, я не адкрыю ваенную таямніцу, калі скажу, што фронт у нас пасыпаўся. На жаль, у Сэлыдаве ўжо зайшлі «оркі» [расейскія вайскоўцы. – Заўв. рэд. «Белсату»] і там замацоўваюцца. Я думаю, у хуткім часе яны абыдуць яго і захопяць цалкам, што дасць ім тактычны выхад на Пакроўск. Гэта вельмі для нас дрэнна», – прыводзіць словы генерала Марчанкі «Deutsche Welle». 


Па каментар адносна словаў Марчанкі «Белсат» звярнуўся да выканаўчага дырэктара Украінскага цэнтру бяспекі і супрацы Дмытра Жмайла.

Наш суразмоўца адразу адзначыў, што сітуацыя для ўкраінскіх войскаў на фронце складваецца сапраўды даволі цяжкая, бо расейцы ціснуць з розных кірункаў, і асноўная мэта для іх цяпер горад Курахава, што дазволіць ім выраўнаваць лінію фронту па ўмоўнай лініі Вуглядар – Курахава – Пакроўск. З гэтай прычыны расейскія войскі засяроджваюць на тым кірунку асноўныя сілы, маючы колькасную перавагу над украінцамі ў дзесяць разоў. Такі націск вымушае ЗСУ адступаць, каб зберагчы жыцці вайскоўцаў.

Але ў той жа час, адзначыў Дмытро Жмайла, нельга казаць, што фронт пасыпаўся і што войскі сталі некіраванымі. А таму, на думку суразмоўцы, заява генерала Марчанкі «не адпавядае рэчаіснасці».

Калі б гэта было так, то мы б былі сведкамі такой жа з’явы, якая назіралася на пачатку поўнамаштабнага ўварвання, калі расейскія войскі праходзілі за содні неймаверныя адлегласці ад пяцідзесяці кіламетраў і больш.

«Зараз жа, калі паглядзець на ўсе мапы… можна сказаць, што так, мы вымушаныя адступаць, пры гэтым наносячы вельмі балючыя страты расейцам, але фронт дакладна не пасыпаўся», – мяркуе Жмайла.



Мэты расейскіх войскаў



Як адзначае Дмытро Жмайла, націск расейскіх войскаў сапраўды стрымаць вельмі цяжка, бо іх колькасна больш, у дадатак у іх больш артылерыі. Гэты наступ меўся пачацца ў дваццатых днях кастрычніка, але крыху затрымаўся, расейцы да яго рыхтаваліся і ціснуць менавіта па лініі Вуглядар – Курахава – Пакроўск. Гэта галоўны кірунак іхнага ўдару.

Усе іншыя ўдары, у тым ліку ў запарожскім крунку ды іншых, маюць больш адцягвальны характар з мэтаю палепшыць сваё тактычнае становішча і прымусіць украінцаў трымаць у гэтых месцах рэзервы.

Другі важны для расейцаў кірунак, на думку суразмоўцы, – купянска-ліманскі. А глабальная задача ўсіх гэтых дзеянняў – поўная акупацыя Данецкай і Луганскай вобласцяў. Гэта тое заданне, якое Пуцін ставіў перад сваёй арміяй яшчэ на лета 2022 года.

,,

«Таму асабліва важна тое, пра што мы камунікуем з заходнімі партнёрамі: падтрыманне і глабальная змена стратэгіі ў вайне. Бо тая дапамога ад Захаду, на жаль, пакуль не пра паражэнне Расеі, не пра перамогу Украіны. Гэта выключна для таго, каб не дапусціць паражэння Украіны», – адзначыў Дмытро Жмайла. 


Ён дадаў, што да часу, пакуль не паражаны расейскі вайскова-прамысловы комплекс, пакуль украінцы не дамагліся далёкабойнай зброі, здольнай перабіць гэтыя лагістычныя сувязі, на жаль, расейцы будуць аднаўляць свой патэнцыял. І да часу, пакуль іхная перадавая будзе атрымліваць усё неабходнае, будуць яшчэ і падобныя «балючыя прасоўванні» іхных войскаў, адзначыў Жмайла.


Навошта расейцам Вуглядар і Курахава?



Курахава і Вуглядар для расейцаў нічога не значаць у стратэгічным плане, мяркуе суразмоўца «Белсату».

,,

«Тут значэнне выключна ідэалагічнае. Сама так званая спецыяльная ваенная аперацыя, якую распачаў Пуцін, пачыналася з нагоды вызвалення так званага народу Данбасу, што не адпавядае рэчаіснасці. Таму ў іх тут, па сутнасці, адна ідэалагічная мэта: цалкам акупаваць Данецкую і Луганскую вобласці як першы этап сваёй спецыяльнай ваеннай аперацыі. Вось яны і намагаюцца рухацца да гэтай мэты. Менавіта на данецкім кірунку яны канцэнтруюць свой асноўны кулак і адпаведна хочуць як найхутчэй выканаць гэтае заданне», – адказаў эксперт. 


Навошта расейцам паўночныя карэйцы?



Што да папаўнення расейскіх войскаў паўночнакарэйскімі салдатамі, то Дмытро Жмайла адзначае, што Расейская Федэрацыя, нягледзячы на ўсю сваю магутнасць, не змагла справіцца з Украінай. А паколькі тэмпы мабілізацыі знізіліся, нягледзячы на высокія выплаты, якімі кіраўніцтва спрабуе заманьваць новых кантрактнікаў, то і спатрэбіўся гэты «паўночнакарэйскі кантынгент».

Што да Паўночнай Карэі, то яе зацікаўленасць у тым, каб атрымаць дапамогу Расейскай Федэрацыі ў тэхналогіях, у тым ліку ядравых, у авіяцыі, бо паўночнакарэйскія лётчыкі пачалі навучанне ў РФ, і, самае галоўнае, атрымаць досвед у сучаснай высокотэхналагічнай вайне, каб далей пагражаць Сеулу і яго хаўруснікам: Японіі і ЗША.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: factor.am
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: factor.am

Калі казаць пра пералом сітуацыі на фронце, то тая колькасць паўночнакарэйскіх салдатаў, якія рыхтуюцца ўступіць у бой, на думку эксперта, для гэтага пакуль недастатковая. Ён нагадаў, што цяпер каля 2600 паўночнакарэйскіх вайскоўцаў ужо на Куршчыне, а рыхтуюцца ўступіць у бой каля 12 тысячаў, сярод іх 500 афіцэраў і тры генералы.

«Яны [карэйцы. – Заўв. рэд. «Белсату»] у першую чаргу скіроўваюць сваіх байцоў сілаў спецыяльных аперацыяў, але гэтыя сілы спецыяльных аперацыяў крутыя выключна на меркі самой Паўночнай Карэі, якая рэальна не брала ўдзелу ў баях з 1953 года», – адзначыў суразмоўца «Белсату».

Дмытро Жмайла таксама падкрэсліў, што цяпер вельмі важна, каб свет зразумеў: Украіна ваюе не толькі з Расейскаю Федэрацыяй, а ўжо з дзвюма краінамі, Расеяй і Паўночнай Карэяй. Апошняя ёсць найбольш падсанкцыйным рэжымам, найбольшым ізгоем у свеце.

«І гэта ўжо не вайна супраць Украіны, гэта вайна супраць заходняй дэмакратыі і цывілізацыі. Таму мы ўсё ж такі спадзяёмся, што і адказ на такія дзеянні будзе адэкватны. А таксама спадзяёмся, што Сеул нарэшце здыме сваё эмбарга адносна паставак зброі, і мы неўзабаве атрымаем лінейку паўднёвакарэйскага ВПК. А гэта і танкі K2, і самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі K9, і рэактыўныя сістэмы K239, якія лічацца канкурэнтамі «Himars’а», што значна павысіць нашую абараназдольнасць у гэтай вайне», – падсумаваў Дмытро Жмайла.

Руслан Ігнатовіч / Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10