Менская канферэнцыя па бяспецы, імаверна, задумвалася як альтэрнатыва Мюнхенскай. А атрымалася максімум клубам, за далучэнне да якога можна атрымаць хвалю крытыкі.
Генеральны сакратар Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ – Расея, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан) Імангалі Тасмагамбетаў казаў яшчэ ў ліпені, што Менская канферэнцыя мае стаць «еўразійскай альтэрнатывай» Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы – сапраўды буйной міжнароднай канферэнцыі, якая праводзіцца з 1963 года. Той самай, на якой у 2007 годзе Уладзімір Пуцін абвясціў свету пра разварот Расеі на антызаходні курс.
Тасмагамбетаў, што праўда, удакладняў: АДКБ не мае мэты стаць супрацьвагай NATO. Але афіцыйны Менск чакае якраз адваротнага: пра гэта адкрыта пішуць праўладныя палітолагі, а Аляксандр Лукашэнка на канферэнцыі кажа пра супрацьстаянне «калектыўнаму Захаду» – NATO і саюзнікам.
Першая Менская канферэнцыя прайшла год таму. Не падобна, каб яна прынесла нейкія адчувальныя вынікі. Напрыклад, у АДКБ казалі, што канферэнцыя «адназначна ўмацавала ролю і месца АДКБ у сістэме рэгіянальнай і глабальнай бяспекі, пацвердзіла здольнасць Беларусі да правядзення міжнародных мерапрыемстваў высокага ўзроўню, накіраваных на пошук кампрамісных рашэнняў у працэсе пераходу да шматпалярнасці». Заяўлялі, што «сінхронная пазіцыя» мае стаць яшчэ адным голасам «у капілку глабальнай бальшыні» за «справядлівы свет» і супраць «аднабаковых санкцыяў».
Але з той канферэнцыі не было ані заўважных кампрамісных рашэнняў між Захадам і антызаходнімі дзяржавамі, ані надыходу шматпалярнасці, ані зняцця санкцыяў. Як паказаў нядаўні саміт BRICS, у антызаходніх дзяржаваў мала супольных інтарэсаў, а замест выразнага полюсу – размытая вось.
Менская канферэнцыя, падобна, была нават менш прадстаўнічай за саміт BRICS. Афіцыйна ў Менску кажуць пра «600 удзельнікаў з 45 краінаў», ды поўнага спісу не публікуюць. Самыя вядомыя ўдзельнікі: Аляксандр Лукашэнка, міністры замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, Сірыі – Басам Сабаг, Вугоршчыны – Петэр Сіярта. Прыехалі таксама дзяржаўныя сакратары АДКБ, Садружнасці незалежных дзяржаваў, Канферэнцыі па ўзаемадзеянні і захадаў у пабудове даверу ў Азіі, дзяржаўны сакратар «саюзнай дзяржавы» – іхныя імёны звычайна нават апускаюць што ў беларускіх, што ў замежных медыях.
Самай гучнай навіной пра канферэнцыю для замежных медыяў стаў якраз удзел у ёй Сіярта. Вугоршчына – чалец NATO і Еўразвязу, супраць якіх фактычна скіраваная канферэнцыя. Сіярта крытыкаваў шэраг заходніх палітыкаў. Іншыя ж прадстаўнікі дзяржаваў NATO і Еўразвязу, падобна, на Менскую канферэнцыю не прыехалі – як не збіраюцца прыязджаць на анансаваную канферэнцыю аб супрацьдзеянні нелегальнай міграцыі.
На гэтым увага да канферэнцыі на Захадзе амаль скончылася. Хіба некаторыя цытуюць выказванні Лукашэнкі пра паўночнакарэйскіх салдатаў у расейскім войску і чарговыя ягоныя заклікі да перамоваў. Грунтоўнай аналітыкі ці глыбокай занепакоенасці адносна гэтай канферэнцыі не адшукаць.
Кіраўнік «Агенцтва еўраатлантычнай інтэграцыі» Валер Кавалеўскі кажа «Белсату», што жаданне Лукашэнкі стаць пасярэднікам у міжнародных канфліктах «маларэалістычнае і даволі фантазійнае»: Лукашэнка – не нейтральны бок, а саўдзельнік у вайне Расеі супраць Украіны. Кавалеўскі адзначае, што Лукашэнка дэманструе адмаўленне ад агульнавядомых фактаў: так, Лукашэнка нядаўна адмаўляў, што Беларусь давала Расеі сваю тэрыторыю для нападу на Украіну.
,,«Ці можа такі чалавек быць зацікаўлены ў тым, каб такія перамовы сапраўды дасягнулі справядлівага выніку?» – пытае Кавалеўскі пра Лукашэнку.
Што да разважанняў Лукашэнкі пра «шматпалярнасць», Кавалеўскі нагадвае: такія краіны, як Беларусь, зацікаўленыя перадусім у тым, каб працавала міжнароднае права і ўмавоўваліся міжнародныя арганізацыі, як то Арганізацыя аб’яднаных нацыяў, Арганізацыя бяспекі і супрацы ў Еўропе, Рада Еўропы. Луквшэнка ж, кажа Кавалеўскі, працуе супраць таго, каб наяўная сістэма міжнароднага права дзейнічала эфектыўна, і спрыяе спробам стварыць новыя інстытуты і фармаванні, якія кідаюць выклік сістэме міжнароднага права. А ў выніку могуць пацярпець інтарэсы Беларусі – калі Кітаю і Расеі стане можна беспакарана ігнараваць сістэму міжнароднага права.
Украінскі журналіст Віталь Портнікаў у каментары «Белсату» нагадвае, што перамоваў і нават перадумоваў для перамоваў між Расеяй і Украінай цяпер няма. Калі такія перамовы ўсё ж адбудуцца, прысутнасць на іх прадстаўніка Беларусі будзе залежыць ад таго, ці зможа той выконваць ролю пасярэдніка. У 2014 годзе Лукашэнка яшчэ мог выглядаць пасярэднікам між Расеяй і Украінай, цяпер жа «мы цудоўна разумеем, што гэта чалавек, які нават не распараджаецца суверэнітэтам уласнай краіны». Дэмакратычныя ж сілы Беларусі цяпер тым больш не кантралююць суверэнітэт Беларусі, канстатуе суразмоўца.
Лукашэнка заяўляў, што нават праводзіў перамовы з нейкімі высокапастаўленымі прадстаўнікамі Захаду. Портнікаў да такіх заяваў ставіцца скептычна:
,,«Яму патрэбна проста выглядаць чалавекам, які ёсць гульцом на міжнароднай арэне».
Ніякай «глабальнай бальшыні» на Менскай канферэнцыі Портнікаў не бачыць. «Глабальнай бальшынёй» сябе называе BRICS за кошт колькасці насельніцтва Кітаю і Індыі, але гэтая бальшыня не канвертуецца ў бальшыню, напрыклад, на галасаваннях у ААН.
Што да прысутнасці ў Менску прадстаўніка Вугоршчыны, Портнікаў кажа: гэта непрыемнае нагадванне Еўразвязу і NATO пра пазіцыю ўладаў Вугоршчыны, якія прадстаўляюць штучна створаную энергетычную залежнасць ад Расеі як нейкі «трэці шлях».
Алесь Наваборскі, Руслан Ігнатовіч belsat.eu