Вайна

Свет забудзе пра Украіну праз Іран? Пуцін нагадаў Групе сямі пра сябе крывавым ударам па Кіеве

Балістычная ракета трапіла ў шматпавярховы дом у Кіеве
Балістычная ракета трапіла ў шматпавярховы дом у Кіеве, Украіна. 17 чэрвеня 2025 года. Фота: Сергій Нужненко / Radiosvoboda.org
podpis źródła zdjęcia

Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 1210 дзён. Увага да яе можа зменшыцца на фоне вайны Ізраілю з Іранам, але Расея нібы наўмысна падчас саміту «Вялікай сямёркі» ўчыніла рэкордную паветраную атаку Украіны. «Белсат» расказвае, што пішуць пра вайну ва Украіне ўдзень 17 чэрвеня.

Чытайце таксама:
Ратаўнікі ДСНС Украіны разбіраюць завалы пасля абрушэння пад'езду ў выніку расейскай атакі ў Саломянскім раёне Кіева, Украіна. 17 чэрвеня 2025 года. Фота: Danylo Antoniuk / Anadolu / Abaca Press / East News

Масаваны ракетны ўдар па Кіеве: мінімум 15 чалавек загінулі, больш за 139 пацярпелі. Фатаграфіі

За ноч і раніцу 17 чэрвеня Паветраныя сілы Украіны зафіксавалі рэкордную паветраную атаку: 440 запускаў расейскіх ударных беспілотнікаў тыпу «Shahed», а таксама запускі 32 ракетаў: 2 балістычных ракетаў «Кінжал», 16 крылатых ракетаў Х-101, 4 крылатых ракетаў «Калібр», 9 кіраваных ракетаў Х-59/69, 1 супрацьрадыёлакацыйную ракету Х-31П. Знішчыць ці абясшкодзіць удалося большую частку гэтага, але снарады трапілі ў 10 лакацыях, у 34 лакацыях упалі збітыя снарады.


Асноўнаю цэллю начной атакі быў Кіеў. Ва ўкраінскай сталіцы былі забітыя не менш за 14 чалавек (у ліку загінулых – грамадзянін Злучаных Штатаў), яшчэ 68 шпіталізаваныя. Адна з балістычных ракетаў трапіла ў 9-павярховы жылы дом, адзін пад’езд цалкам абваліўся. Наступны дзень, 18 чэрвеня, у Кіеве абвясцілі днём жалобы. 


Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што біла высокадакладнай зброяй і толькі па вайскова-прамысловых аб’ектах. Але ў Кіеве знаходзяць часткі касетных боепрыпасаў, прызначаных не для дакладных удараў, а для ўдараў па як мага большай плошчы. 

Таксама загінуў адзін чалавек і 10 паранена ў Адэсе, 12 пацярпелі ад удараў дронамі ў Херсоне, яшчэ па адным чалавеку траўмавана ў Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласцях. Колькасць пацярпелых можа вырасці: днём у Кіеве працягвалі разбіраць завалы.

 

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абураўся рэакцыяй на расейскі ўдар: «Моцныя гэтага свету будуць заплюшчваць на гэта вочы». Ён заклікаў увесь свет, асабліва ЗША і Еўропу, адрэагаваць «так, як рэагуюць на тэрарыстаў». 


Вайна ў паветры агулам узмацняецца: расце колькасць расейскіх ракетных удараў і запускаў іранскіх беспілотнікаў тыпу іранскіх «Shahed». І «шагэды» з ракетамі – не ўсё: за мінулы дзень Генштаб ЗСУ налічыў яшчэ 56 авіяцыйных удараў са 110 кіраванымі авіябомбамі, запуск 3226 дронаў-камікадзэ рознага тыпу, 5481 абстрэл, з якіх 96 – з рэактыўных сістэмаў залпавага агню.


Украіна, падобна, таксама атакуе Расею беспілотнікамі. Мінабароны Расеі заяўляе, што за мінулую ноч збіла 198 украінскіх дронаў, але, як піша «BBC», паведамленняў пра налёты дронаў на Расею і працу супрацьпаветранай абароны ў публічнай прасторы няшмат. Ды хоць Украіна не праводзіла новых аперацыяў узроўню «Павуціны», у Расеі рэгулярна гараць заводы вайскова-прамысловага комплексу.


Гэта было пасланне «Вялікай сямёрцы»?


Міністр замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў, што Расея наўмысна нанесла масавы ўдар па Украіне падчас саміту «Вялікай сямёркі» (G7): 

,,

«Ён пасылае сігнал поўнай знявагі да Злучаных Штатаў ды іхных партнёраў, якія заклікалі спыніць забойствы», – сказаў Сыбіга пра Пуціна і масаваны паветраны ўдар па Украіне.


Ад саміту «G7», які праходзіць 16–17 чэрвеня ў Канадзе, чакалі анонсу новых санкцыяў супраць Расеі. Аднак санкцыі, як піша «Daily Mail», блакаваліся Злучанымі Штатамі. Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп казаў, што ўсё яшчэ чакае, ці будзе падпісаная расейска-ўкраінская мірная ўгода. Паводле «Reuters», адміністрацыя Трампа згарнула працоўную групу, якая мела распрацаваць стратэгію ціску на Расею.


Трамп усё яшчэ можа прыйсці да мацнейшых санкцыяў супраць Расеі, казаў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон: Трамп казаў яму, што не будзе перашкаджаць заканадаўцам-рэспубліканцам, якія прапануюць новыя санкцыі. 

Чытайце таксама:
Ізраільскі вайсковы самалёт рыхтуецца да вылету. Чэрвень 2025 года. Фота: Israel Defense Forces / Telegram

Ізраіль – Іран: колькі яшчэ працягнецца канфлікт, чым скончыцца і як паўплывае на свет

Шэраг аналітыкаў адзначаў, што ЗША могуць страціць інтарэс да вайны ва Украіне на фоне вайны Ізраілю з Іранам. З другога боку, дзеянні ЗША ў ізраільска-іранскім канфлікце мелі б калі не напужаць, то моцна насцярожыць Пуціна, казаў «Белсату» ізраільскі іраніст Міхаіл Бародкін. Трамп аж да ночы на 13 чэрвеня заклікаў працягнуць перамовы з Іранам і ствараў міралюбнае ўражанне, а пасля атакі Ізраілю Трамп нават не абурыўся і казаў, што з ім усё было ўзгоднена.


Сам Трамп пасля саміту «Вялікай сямёркі» зрабіў шматзначны намёк: напісаў, што датэрмінова пакінуў саміт, не каб працаваць над спыненнем агню між Ізраілем і Іранам, а таму, што працуе над «нечым значна большым за гэта». Праўда, на пытанне пра ўдар па Кіеве Трамп перапытаў, калі гэта адбылося: падобна, пра гэтую атаку ён не чуў. Абяцаў паглядзець.


Вайна працягваецца і на зямлі


Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны налічыў за мінулы дзень 186 баявых сутыкненняў. Гэта не рэкордная, але высокая інтэнсіўнасць баёў – і колькасць сутыкненняў ужо каля года застаецца большая за сотню на дзень, нярэдка перавышае дзве сотні.


Расея страціла забітымі і цяжка параненымі ўжо больш за 1 мільён 6 тысячаў чалавек з пачатку поўнамаштабнай вайны, падлічылі ў Генштабе ЗСУ. Толькі за мінулы дзень Расея страціла 1060 чалавек, 1 танк, 3 браняваныя машыны, 20 артылерыйскіх сістэмаў, 1 рэактыўную сістэму залпавага агню, 79 адзінак аўтамабільнай тэхнікі. Праўда, пры росце штодзённай колькасці баёў паступова змяншаецца колькасць страчаных за дзень вайскоўцаў, танкаў і артылерыйскіх установак. 


Асноўныя кірункі баёў застаюцца ранейшымі: найбольш сутыкненняў на пакроўскім, курскім і навапаўлаўскім кірунках. Пры тым змены цяжка разглядзець на мапе. Украінскі маніторынгавы праект «DeepState» заўважае невялікія прасоўванні расейскіх войскаў: захоп чатырох сёлаў у Данецкай вобласці па дарозе з Курахава ў бок Запарожжа і аднаго сяла ў Сумскай вобласці. Як адзначае амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW), і ўкраінскія, і расейскія войскі маюць нязначныя поспехі і паразы, але ў Расеі прасоўванняў больш. Украінскія войскі тым часам працягваюць атакі на расейскай тэрыторыі, дзе яшчэ трымаюць невялікія лапікі зямлі. 

Расейскія войскі сталі ўжываць менш савецкіх запасаў вайсковай тэхнікі і, падобна, сталі больш карыстацца матацыкламі і цывільнымі пазадарожнікамі на полі бою, назірае ISW. Незразумела, ці гэта з прычынаў вялікіх стратаў цяжкай тэхнікі, ці з прычынаў эканоміі на будучыню. 


Адначасова Расея працягвае ствараць стратэгічныя пагрозы Захаду: як заўважыла Шведскае тэлебачанне, на спадарожнікавых здымках відаць, як Расея разбудоўвае ядравыя аб’екты ў Асіповічах і Калінінградскай вобласці ды патэнцыйную галоўную базу для ядравых выпрабаванняў на востраве Новая Зямля, а таксама будуе паўсотні бункераў для балістычных на Кольскім паўвостраве.


На фоне ізраільска-іранскай вайны Расея можа страціць падтрыманне Ірану ў пастаўках запчастак для «шагэдаў». Ды ўжо сама Расея, паводле ўкраінскай выведкі, дае тэхналогіі для вытворчасці «шагэдаў» Паўночнай Карэі. КНДР жа паабяцала даць Расеі тысячу сапёраў і будаўнікоў для аднаўлення Курскай вобласці.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10