Каментар

Ізраіль – Іран: колькі яшчэ працягнецца канфлікт, чым скончыцца і як паўплывае на свет

Ізраільскі вайсковы самалёт рыхтуецца да вылету
Ізраільскі вайсковы самалёт рыхтуецца да вылету. Чэрвень 2025 года. Фота: Israel Defense Forces / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Ізраіль працягвае абстрэльваць вайсковыя і ядравыя аб'екты Ірану, а Іран адказвае на ўдары сваімі ракетамі і дронамі. Які зыход вайны найбольш верагодны? «Белсат» пагутарыў з іраністам, гісторыкам і актывістам з Беларусі, якія жывуць у Ізраілі.

Чытайце таксама:
Пратэсты супраць ядравай угоды ЗША з Іранам у 2015 годзе. Паводле ўладаў Ізраіля і яе прыхільнікаў, угода здымала санкцыі з Ірана і развязвала яму рукі для падтрымкі сваіх хаўруснікаў. Фота:  Angela Rowlings/MediaNews Group/Boston Herald via Getty Images

Ізраіль сцвярджае, што Іран быў у кроку ад стварэння ядравай бомбы

Ізраіль 13 чэрвеня пачаў атаку на Іран – аперацыю «Народ як леў». У ноч з 15 на 16 чэрвеня Ізраіль і Іран працягнулі абстрэлы адзін аднаго, паведамляюць пра дзясяткі ахвяраў. Апытанняў грамадскай думкі пра гэтую вайну яшчэ не праводзілі, але «Bloomberg» піша, што большасць ізраільцянаў «згуртавалася вакол сцяга», але яны, як і іранцы, асцерагаюцца зацяжной вайны.

 

Як доўга будзе працягвацца вайна?

 

Міхаіл Бародкін – іраніст і галоўны рэдактар выдання «Oriental Express» – кажа «Белсату», што вайна, імаверна, будзе працягвацца ў адпаведнасці з заяўленай Ізраілем мэтай: пазбавіць Іран магчымасці ствараць ядравую зброю.

,,

«Задача гэтая няпростая, таму што ў іранскай ядравай праграме шмат абʼектаў, – распавядае Бародкін. – Яны разасяроджаныя па тэрыторыі краіны, тэрыторыя краіны вялікая, яны схаваныя ў тоўшчы гораў ці проста пад зямлёй. Гэта аперацыя, якая патрабуе пэўных намаганняў. Калі ўсё пойдзе так, як цяпер кажуць публічна і ізраільскія прадстаўнікі, і іранскія прадстаўнікі, то на знішчэнне ўсіх гэтых цэляў, паводле разлікаў ізраільскага камандавання, патрабуецца ад аднаго да двух тыдняў».


Прадстаўнікі Ірану заяўлялі, што калі Ізраіль перастане страляць, то яны таксама перастануць, адзначае Бародкін. Калі верыць ім на слова, то заканчэння ўзаемных абстрэлаў і палітычнага развязання можна чакаць яшчэ ў чэрвені. І нават калі не ўдасца цалкам знішчыць іранскую ядравую праграму, найбліжэйшым часам Іран наўрад ці зможа атрымаць ядравую зброю.

 

Ізраіль ужо нанёс даволі сур'ёзную шкоду іранскай інфраструктуры, нагадвае Бародкін. Ліквідавалі вялікую колькасць генералаў, у першую чаргу кіраўніцтва Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі – элітнага падраздзялення Узброеных сілаў Ірану, практычна паралельнага войска, лепш падрыхтаванага і ўзброенага і больш матываванага ідэалагічна. Ліквідавалі і кіраўнікоў ядравай праграмы Ірану. А інтэнсіўнасць абстрэлаў тры дні не зніжалася.

Міхаіл Бародкін. Скрыншот: Белсат
Міхаіл Бародкін. Скрыншот: Белсат

Леанід Смілавіцкі – доктар гістарычных навук і кіраўнік праекту «Гісторыя габрэяў у Беларусі» – звяртае ўвагу на тое, што Іран практычна пазбавіўся супрацьпаветранай абароны і амаль не мае сучаснай авіяцыі. Ізраіль жа паказвае: «Ці вы спыняеце ядравую праграму, ці мы самыя яе дэмантуем». І пагражае далейшым знішчэннем нафтасховішчаў, нафтаперапрацоўчых заводаў, аэрадромаў і партоў. А Іран, застаўшыся амаль безабаронным, не капітулюе. Смілавіцкі мяркуе, што іранскі рэжым шануе ўладу больш за ўласнае жыццё, а тым больш за жыццё простых іранцаў ды, як «Хамас», не будзе шкадаваць ні чужых, ні сваіх.

,,

«Найбліжэйшыя дні пакажуць, наколькі яшчэ ў іранскага рэжыму хопіць сілаў супраціўляцца і наколькі апазіцыя, якая вельмі моцная, вельмі ваяўніча настроеная ў дачыненні сваіх узурпатараў, будзе дзеяць», – разважае Смілавіцкі.


Ён чакае гістарычных падзеяў, «сутычкі Давіда і Галіяфа». Смілавіцкі нагадвае, што да нядаўняга часу – да нападу тэрарыстаў на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года – ніхто не мог уявіць, што можна назаўжды пазбавіцца ад «Хамасу», «Хізбулы», рэжыму Башара Асада ў Сірыі і тым больш іранскага рэжыму. Гісторык не ведае, колькі яшчэ начэй давядзецца хавацца ў бамбасховішчы, але заўважае, што падзеі развіваюцца значна хутчэй, чым можна было разлічваць, і з нечакана буйнымі поспехамі для Ізраілю. Мэтай аперацыі наўрад ці было звяржэнне іранскага рэжыму, але цяпер гэта ўжо не выглядае немагчымым.

Леанід Смілавіцкі. Скрыншот: Белсат
Леанід Смілавіцкі. Скрыншот: Белсат

Раней кіраўніцтва Ізраілю было вымушанае ўлічваць фактары «Хізбулы» з яе велічэзным ракетным арсеналам, праіранскага рэжыму ў Сірыі і палестынскіх тэрарыстаў, адзначае Бародкін. Цяпер жа Іран застаўся сам-насам з Ізраілем. Склалася ўнікальная сітуацыя: амерыканская дыпламатыя пацярпела паразу, Іран быў блізкі да стварэння ядравай зброі, а Ізраіль пазбавіўся ад стрымальных фактараў. Выйшаў максімальна зручны момант для аперацыі з мінімальна магчымым адказам з боку Ірану.

Ізраіль мае калі не падтрыманне, то неасуджэнне хаўруснікаў, дадае Смілавіцкі. ЗША, Нямеччына, Францыя, Італія і іншыя краіны падтрымалі Ізраіль, а Вялікая Брытанія, Еўразвяз і Арганізацыя Абʼяднаных Нацыяў заклікалі да стрыманасці і дээскалацыі, але не асудзілі наўпрост. Злучаныя Штаты самыя не атакуюць Іран, але даюць Ізраілю зброю, высылаюць на Блізкі Усход ужо другую авіяносную групу і ўвогуле даюць Ізраілю «зрабіць яго працу», «не трымаюць за рукі і ногі».

 

Як пачуваюцца ізраільцяне?

 

Мікалай Стагурскі – актывіст з Гомля, які цяпер жыве ў Ізраілі, – чакае, што аперацыя працягнецца яшчэ два-тры тыдні, максімум месяц, і скончыцца практычна поўным знішчэннем ядравых аб'ектаў Ірану. Ён дапускае, што аперацыя скончыцца ядравай угодай, якая можа пакінуць Ірану нейкія рэсурсы для энергетыкі, але не выключае і таго, што іранцы проста зрынуць свой урад.

Мікалай Стагурскі. Скрыншот: Белсат
Мікалай Стагурскі. Скрыншот: Белсат

Сябе ён адчувае ў бяспецы, бо выконвае інструкцыі камандавання тылу. Гучыць трывога – ідзе ў мамад (адмысловае сховішча ў кватэры, якое абараняе ад аскепкаў і выбухной хвалі). У ізраільскіх сховішчах, нагадвае ён, ёсць электрычнасць, лядоўні, прыбіральні, душ. Калі выконваць інструкцыі, мець запас ежы, вады і грошай на 48 гадзінаў, хвалявацца няма пра што, лічыць ён: у найгоршым выпадку цяжка будзе выйсці з мамаду праз завалы.

,,

«Ёсць, вядома, людзі, якія баяцца, – кажа Стагурскі. – Ёсць людзі, якія з'язджаюць з краіны. Кожны чалавек вырашае сам, што яму рабіць. Ён можа, дапусцім, выконваць інструкцыі камандавання тылу і ведаць, што ён у бяспецы».


Сірэны цяпер уключаюць не ў момант запуску ракетаў, а за 15 хвілінаў да прылёту, адзначае Смілавіцкі. Ракеты з Ірану ляцяць больш за 1000 кіламетраў, і ёсць не дзясяткі секундаў ад запуску да ўдару, як у выпадку ракетаў з палестынскіх тэрыторыяў або Лівану, а цэлыя гадзіны. Часу дастаткова, каб не бегчы, а спакойна пайсці ў сховішча. І няхай толькі чвэрць жылых дамоў мае індывідуальныя сховішчы, ёсць грамадскія.

 

Увогуле ізраільцяне вельмі дысцыплінаваныя і выконваюць патрабаванні камандавання тылу, дадае Смілавіцкі.

,,

«Два-тры разы ўначы мы спускаемся ў бамбасховішча, якое ёсць у нашым доме, і перажываем там ракетную атаку, – распавядае гісторык Леанід Смілавіцкі. – Я, жонка, двое дзяцей, іх жонкі. І ў кожнага тэлефон, і ўсе глядзім, і тут жа ў жывым эфіры гэта ўсё паведамляецца. Калі і куды паляцела, што здарылася».


Насамрэч мамады не гарантуюць поўнай бяспекі і не разлічаныя на наўпроставае траплянне балістычнай ракеты. 16 чэрвеня іранская цяжкая балістычная ракета ўдарыла ў будынак у горадзе Пэтах-Тыква, трапіла ў сцяну паміж мамадамі – загінулі два чалавекі ўнутры абароненага пакою і двое па-за мамадам. Але такія наўпроставыя траплянні вельмі рэдкія.

 

СПА Ізраілю працуе вельмі добра, адзначае актывіст Мікалай Стагурскі. Працавала б дрэнна – было б куды больш траплянняў. Праблема хутчэй у тым, што людзі занадта давяраюць СПА: напрыклад, шмат хто выходзіць з хованак, як толькі сціхла сірэна. Гэта рабіць не варта: можа быць збой у працы сірэны, могуць падаць аскепкі.

 

Ізраільская СПА працуе на максімуме сваіх магчымасцяў, пацвярджае іраніст Міхаіл Бародкін. Ніякая сістэма не дасць стоадсоткавай бяспекі, дый іранскія ракеты ляцяць ужо не ў вайсковыя базы, а ў жылыя кварталы (ці то наўмысна, ці то праз нізкую дакладнасць і вялікую адлегласць паміж Іранам і Ізраілем).

,,

«Любая няўдача сістэмы супрацьракетнай абароны – здаецца, што гэта катастрофа, – распавядае Бародкін. – Але калі казаць менавіта з пункту гледжання лічбаў, то сістэма супрацьракетнай абароны Ізраілю дзее на гэты момант дастаткова эфектыўна».


Ізраільскі народ у крызісных сітуацыях асаблівы, лічыць Смілавіцкі: ізраільцяне могуць спрачацца, сварыцца, эмацыйна выказваць сваю думку, але калі ўзнікае пытанне пра выжыванне, аб'ядноўваецца ў маналіт. Апазіцыя традыцыйна заяўляе, што падтрымлівае ўрад. Прэмʼер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу можа быць непапулярным, але гэта дэмакратычна абраны лідар, які доўгі час папярэджваў пра пагрозу атрымання Іранам ядравай зброі, – і цяпер можна казаць, што ён давёў пачатую справу да лагічнага завяршэння. Смілавіцкі шкадуе кожнага загінулага і параненага, але прапаноўвае пакласці на адну шалю цяперашнія страты Ізраілю, а на другую – будучыню ізраільцянаў, бо Іран з ядравай зброяй быў бы «некіравальны і недасягальны».

 

Пра тое ж гаворыць Стагурскі: пагрозы ад Ірану ішлі ўвесь час, ісламісты з 1979 года адкрыта называлі сваёй мэтаю знішчэнне Ізраілю. Стагурскі ўпэўнены, што знішчэнне іранскай ядравай праграмы для Ізраілю было неабходным, і чым раней, тым лепш: калі б Іран атрымаў ядравую зброю, то накіраваў бы яе супраць Ізраілю.

 

Цяпер жыццё ў Ізраілі не спынілася, распавядае Стагурскі. Крамы працуюць пастаянна, і нават у шабат (святы дзень для габрэяў) можна нешта набыць у арабскіх крамах. Некаторыя школы запусцілі дыстанцыйнае навучанне. У адным гатэлі, як ён чуў, нават працуе басейн.

,,

«Закупляцца вадой і ежай на тыдзень, два, месяц не бачу сэнсу», – адзначае Стагурскі.


Паводле Смілавіцкага, на рынку або ў краме не заўважна, што ідзе вайна, а эканоміка Ізраілю адчувае сябе «вельмі трывала».

 

Эксперты разлічвалі, што Ізраіль у першыя дні вайны з Іранам страціць да чатырох тысяч чалавек, узгадвае Смілавіцкі. Але з 13 да 16 чэрвеня загінуў толькі 21 чалавек. Ізраільскія спецслужбы добра падрыхтаваліся, утрымалі сакрэтнасць і правялі ўнікальную аперацыю, дзякуючы якой удары Ірану ў адказ былі не такімі моцнымі. Да таго ж Іран пакуль не рэалізаваў пагрозы атакаваць базы Злучаных Штатаў на Блізкім Усходзе і нафтасховішчы краінаў, якія не перашкаджаюць Ізраілю, не перакрыў Хурмузскай пратокі паміж Персідскай затокай і Індыйскім акіянам. Паводле Смілавіцкага, гэта не адбылося, бо кіраўніцтва Ірану разгубілася і нават не ўяўляе, якія страты будуць яму нанесеныя ў выпадку такой атакі.

 

А што ў Іране?

З Ірану публікуюць кадры разбураных і пашкоджаных жылых дамоў, заяўляюць пра дзве сотні загінулых, у тым ліку сем дзясяткаў жанчын і дзяцей. Ці не выйдзе так, што Ізраіль толькі азлобіць Іран і настроіць супраць сябе праціўнікаў іранскага рэжыму? Іран – адна з найбольш аўтарытарных краін свету і адна з найгоршых у рэйтынгах свабоды прэсы.

 

Даведацца, як насамрэч іранцы рэагуюць на гэтую вайну, няпроста. Ёсць хіба што адрывістыя звесткі: журналісты паразмаўлялі з некалькімі іранцамі і пачулі не ўзлаванасць, а радасць. Але Смілавіцкі нагадвае пра леташняе маштабнае апытанне, з якога відаць, што прыкладна дзве траціны іранцаў не падтрымлівалі дзеянняў уладаў.

Наступствы ізраільскага ўдару ў Тэгеране, Іран. 13 чэрвеня 2025 года. Фота: Meghdad Madadi / Tasnimnews.com, CC BY 4.0
Наступствы ізраільскага ўдару ў Тэгеране, Іран. 13 чэрвеня 2025 года. Фота: Meghdad Madadi / Tasnimnews.com, CC BY 4.0

Ізраіль «дзіўна педантычна» ставіцца да цывільных аб'ектаў і насельніцтва Ірану, упэўнены Смілавіцкі. Ён нагадвае, што цяпер ізраільскія вайскоўцы папярэджваюць іранцаў пра тое, што найбліжэйшымі гадзінамі ў пэўнай акрузе будзе атака і трэба пакінуць небяспечную зону. Звычайна на вайне так не робяць.

 

Можна проста праверыць, ці б'е Ізраіль у мірнае насельніцтва, запэўнівае Бародкін. Іранскія ўлады не хаваюць стратаў, называюць колькасць загінулых – і гэтая колькасць невялікая, калі ўлічваць, што загінулі 10-15 генералаў і кіраўнікі ядравай праграмы, былі атакаваныя вайсковыя і ядравыя аб'екты. Падобна на тое, што вайсковае камандаванне і кіраўніцтва ядравай праграмы забівалі ўдарамі ў іхныя кватэры. Пры гэтым гінулі, імаверна, і іхныя сем'і, і некаторая колькасць недатычных мірных жыхароў. Такія страты непазбежныя, але на сёння відаць, што цэллю Ізраілю былі не мірныя жыхары і не цывільная інфраструктура.

,,

«Пакуль простыя іранцы будуць разумець, што ўдары выбарачна наносяцца толькі ў ненавісны ім рэжым, яны будуць працягваць злараднічаць на гэтую тэму, кпіць з аятолаў і не больш за тое», – падкрэслівае Бародкін.


Для Пуціна ёсць дрэнная навіна


Чытайце таксама:
Від з жылога дому, разбуранага ў выніку атакі Ізраілю на Іран. Тэгеран, 13 чэрвеня. Фота: Majid Saeedi / Getty Images

Як вайна паміж Ізраілем і Іранам адгукнецца для ўсяго рэгіёну? Размаўляем з усходазнаўцай Аляксандрай Апельберг

Як вайна паміж Ізраілем і Іранам паўплывае на вайну ва Украіне, пакуль складана прадказаць: як кажа Бародкін, «мы знаходзімся ў самым пачатку шляху». Пакуль выглядае, што Іран спыніў перадачу зброі і кампанентаў беспілотнікаў у Расею. Але Злучаныя Штаты, падобна, пачалі перанакіроўваць на Блізкі Усход тую зброю, якая магла або павінна была накіроўвацца ва Украіну. Скачок коштаў нафты пакуль невялікі. Калі вайна Ізраілю з Іранам зацягнецца, то гэта адцягне свет ад вайны ва Украіне, але не выключана, што іранскі рэжым – хаўруснік Крамля – абрынецца, як абрынуўся сірыйскі рэжым.

 

Адзін аспект гэтай вайны можа калі не спалохаць, то сур'ёзна насцярожыць Уладзіміра Пуціна, заўважае Бародкін: тое, што казаў прэзідэнт ЗША Доналд Трамп аж да ночы на 13 чэрвеня, стварала міралюбнае ўражанне, а пасля атакі Ізраілю Трамп нават не абурыўся.

,,

«Ён казаў, што ён дае Ірану сам шанец на перамовы, што ён будзе весці з ім перамовы, што ён супраць вайны, што ён не дазволіць Ізраілю нападаць і гэтак далей, – успамінае Бародкін словы Трампа. – І ён тут заяўляе, што ўсё нармальна, яны са мной пра ўсё дамовіліся. Гэта значыць, атрымліваецца, што ўсе размовы Трампа пра ягоную міралюбнасць напраўду могуць быць усяго толькі дымавой заслонай».


Трамп гэтак жа міралюбна гаворыць пра вайну ва Украіне: заклікае да міру, перамоваў. Бародкін разважае: калі Трампу надакучыла, што іранцы водзяць яго за нос і не паказваюць ніякай сапраўднай гатоўнасці заключыць з ім дамову, ён можа прыйсці да такой жа высновы ў дачыненні Расеі. Можа здарыцца так, што Трамп адменіць наогул усе абмежаванні на перадачу зброі і на якую б там ні было ваенную дапамогу для Украіны.

 

Пуцін, магчыма, разумее гэта. Бародкін нагадвае, што 13 чэрвеня Пуцін стэлефаноўваўся з Нэтаньягу і прэзідэнтам Ірану Масудам Пэзэшкіянам, а 14 чэрвеня Пуцін тэлефанаваў Трампу і гаварыў з ім 50 хвілінаў. Паводле афіцыйнай версіі, Пуцін размаўляў з Трампам сярод іншага пра Іран, але Бародкін мяркуе, што Пуцін гаварыў толькі пра Іран.

 

Алесь Наваборскі / МВ belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10