Аляксандр Лукашэнка любіць пагаварыць, ды слухаць яго гатовыя ў асноўным прыязныя яму медыі. Шанцам паразмаўляць з брытанскім BBC ён скарыстаўся, каб агучыць некалькі незвычайных заяваў.
На саміце BRICS у Казані Аляксандр Лукашэнка раздаў шэраг інтэрв’ю: расейскім «Известиям», НТВ і ВГТРК, кітайскаму CGTN… і брытанскаму BBC, пры чым таму самаму Стыву Розэнбэргу, які тры гады таму дамогся ад яго прызнання ў злачынствах супраць чалавецтва.
BBC на момант напісання гэтага тэксту яшчэ не публікавала поўнай версіі інтэрв’ю – толькі кароткія вытрымкі. Больш поўны пераказ і відэазапіс інтэрв’ю апублікавалі дзяржаўныя медыі і прэс-служба Лукашэнкі. Цалкам імаверна, што перадалі не ўсё, што сказаў Лукашэнка.
Але прынамсі, у прэс-службе Лукашэнкі хацелі, каб ад яго пачулі наступнае: Беларусь не давала Расеі сваёй тэрыторыі для нападу на Украіну, Лукашэнка і Уладзімір Пуцін гэтага не абмяркоўвалі, і Пуцін не нападаў, яго справакавалі; санкцыі на нас ні за што наклалі, і самалёт мы не захоплівалі; палітвязняў мы не для вас выпускаем; а будзеце Украіне неасцярожна даваць ракеты, Расея пашле ракеты хусітам.
Навошта ён казаў гэта Захаду?
Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч кажа «Белсату», што Лукашэнка ў інтэрв’ю BBC адказаў на шмат пытанняў па тэмах, якія між сабой не зусім звязаныя.

«Першае – думаю, Лукашэнка сапраўды не даваў дазволу на выкарыстанне тэрыторыі Беларусі дзеля нападу на Украіну, – адзначае Карбалевіч. – Як ён сам прызнаецца, ніхто ў яго пра гэта і не пытаў. Не першы раз Лукашэнка пра гэта кажа. Ён казаў і раней. Казаў: я даведаўся пра тое, што з беларускага боку пачалі страляць у бок Украіны, толькі са сродкаў масавай інфармацыі.
Таму я цалкам дапускаю, што Пуцін яго не пытаў і нават не ставіў у вядомасць пра тое, што расейскія войскі будуць выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для агрэсіі супраць Украіны. У гэта можна паверыць».
,,«Іншая справа – ягонае тлумачэнне, што вось ішлі дадому ўжо, а потым раптам чагосьці павярнулі, хтосьці іх там справакаваў ці што… Гэта спроба апраўдаць расейскую агрэсію».
«А ўвогуле, меркаванні на нейкія міжнародныя тэмы – гэта ў ягоным палітычным стылі. Лукашэнка любіць разважаць на розныя міжнародныя тэмы, пра міжнародныя праблемы. Ён сябе лічыць, скажам так, патрыярхам сусветнай палітыкі, які добра разбіраецца ва ўсім. Крытыкуе тых палітыкаў, якія маладыя. У прыватнасці, Уладзіміра Зяленскага – паблажліва называе яго Валодзя і кажа, „гэта ж усё ад недахопу досведу“. Маўляў, „я б ужо, з маім досведам, гэтага б не дапусціў“.
Адсюль ужо і такія разважанні на глабальныя тэмы, спробы вырашыць гэтыя глабальныя праблемы, спроба даць парады – гэта якраз у вобразе такога патрыярха сусветнай палітыкі, якім ён сябе лічыць за столькі гадоў ва ўладзе».
Нейкага асаблівага плану данесці штосьці замежным слухачам у Лукашэнкі не было, лічыць Карбалевіч. Тым больш, пытанні пра міжнародныя адносіны, асабліва вайны супраць Украіны, падымаў не сам Лукашэнка – гэта ў яго пытаў Розэнбэрг, а Лукашэнка адказваў.
,,«Калі казаць пра нейкія канкрэтныя мэты, то Лукашэнка дасюль прэтэндуе на статус міратворца, – працягвае Карбалевіч. – Прэтэндуе на тое, каб паўдзельнічаць у перамовах пра мір».
«З самага пачатку вайны ён пра гэта марыў, і цяпер пра гэта марыць, і ўсяляк дасылае сігналы ў той ці іншы бок. Аргументуе тым, што, маўляў, Расея і Украіна – славянскія краіны, а я тут сусед, я добра ведаю аднаго кіраўніка і другога, я мог бы зрабіць свой унёсак у перамовы, зноў апынуцца ў цэнтры сусветных падзеяў. Гэта ідзе другім планам, але на гэта робяцца намёкі, акцэнты».
Што казаў Лукашэнка ў інтэрв’ю BBC
• Вы, Захад, калі хочаце, можаце даць нам усталяваць мір. Для гэтага трэба сесці з намі за стол перамоваў і з намі дамаўляцца. Пуцін прапаноўваў Захаду перамовы, Захад нічога не адказаў. І раней у Стамбуле Захад сарваў перамовы. Захад мусіць даць Расеі гарантыі бяспекі.
• Расея напала на Украіну, бо ў свой час у Адэсе спалілі некалькі дзясяткаў чалавек, малацілі і бамбілі Данбас, дзе жылі расейскамоўныя людзі, выкаранялі расейскую мову і іншае. «Вось Пуціна і накрыла: абараніць, забіць, даціснуць і іншае. Пуцін бараніў сваіх людзей». Пуцін шкадуе пра гэтую вайну, але лічыць, што ён правы, бо не напаў бы, магло б быць горш, бо Украіна станавілася «анты-Расеяй».
Заўвага. Падачас Рэвалюцыі годнасці, пасля анексіі Крыму Расеяй і захопу гарадоў на Данбасе прарасейскімі сіламі пры падтрымцы расейскіх вайскоўцаў ў Адэсе адбываліся сутыкненні прыхільнікаў і праціўнікаў Расеі. Апошнія захапілі адэскі Дом прафсаюзаў. Бакі сталі перакідвацца «кактэйлямі Молатава». У будынку пачаўся пажар. Загінулі 48 чалавек. Расследаванне трывае дагэтуль, пакуль толькі завочна асудзілі міліцыянта, з-за спіны якога па людзях страляў «антымайданавец», які забіў двух чалавек.
• Расея ніколі не ўжые сваю ядравую зброю з тэрыторыі Беларусі без згоды Лукашэнкі. А калі Беларусь захоча ўжыць гэтую зброю, параіцца з Расеяй. Беларусь можа ўжыць яе, «калі хоць адзін бот пераступіць мяжу», але нападаць ні на каго не збіраецца.
• Прысутнасць войскаў Паўночнай Карэі ва Украіне – гэта лухта, бо калі б гэта было праўдай, гэта было б эскалацыяй канфлікту. У Расеі хапае насельніцтва, каб весці вайну. Нават калі б Беларусь увязалася ў баявыя дзеянні (а Пуцін такога ніколі не прасіў), гэта было б эскалацыяй, і тады б NATO вырашыла, што можа дапамагчы Украіне, увесці туды натаўскія войскі.
• Беларусь не прадстаўляла сваёй тэрыторыі для расейскага нападу на Украіну. Проста былі вучэнні з расейскімі войскамі, а Пуцін узяў і ўвёў гэтыя войскі ва Украіну, бо яго справакавалі. Чаму – спытайце Зяленскага. І цяпер Беларусь мінімальна ўцягнутая ў вайну, можна сказаць, зусім не ўцягнутая.
Заўвага. Раней Лукашэнка неаднаразова называў сябе суагрэсарам у расейскім нападзе на Украіну. З тэрыторыі Беларусі не толькі ішлі расейскія войскі, але і ляцелі расейскія ракеты, а ў беларускіх шпіталях лекавалі расейскіх вайскоўцаў.
• Ва Украіне – нашыя людзі, і мы памірымся хутчэй, чым вы думаеце. Але Беларусь не падтрымала Украіну, бо Расея – саюзнік Беларусі, інтарэсы беларускага народу абсалютна супадаюць з расейскімі. А Украіна павяла сябе па-варожаму да Беларусі: увяла санкцыі раней за вас, англасаксаў, захапіла цягнікі з угнаеннямі, забараніла палёты праз сваю тэрыторыю, пяцёх беларусаў забіла і расчляніла.
• Прадстаўнікі заходніх дзяржаваў папрасіліся да Лукашэнкі на перамовы. Размаўлялі сярод іншага пра канфлікт на Блізкім Усходзе. Лукашэнка папярэдзіў, каб былі «акуратней з далёкабойнымі ракетамі» для Украіны, бо да Пуціна могуць звярнуцца еменскія хусіты, папрасіць расейскія ракетныя комплексы і імі тапіць англійскія і амерыканскія авіяносцы.
• Беларусь не зацікаўленая ў пагаршэнні стасункаў з Захадам, але Захад выбраў «гэты шлях», пачаў уводзіць санкцыі на пустым месцы, нават супраць сына Мікалая ўвялі, а ён у чым вінаваты? Ён жа фактычна дзіця! А санкцыі за самалёт за што? Самалёт жа ляцеў у Вільню – чаму яго не пасадзілі ў Вільні? І нават калі мы пасадзілі самалёт, ніводзін пункт міжнароднага паветранага права парушаны не быў.
Заўвага. Мікалаю Лукашэнку 20 гадоў. Санкцыі супраць яго летась увяла Канада – тады яму было 19. Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі лічыць даказанай віну ўладаў Беларусі ў пагрозе бомбай экіпажу самалёта «Ryanair», які прымусова пасадзілі ў Менску.
• У Беларусі асуджаных за пратэсты і экстрэмісцкія злачынствы вызваляюць з гуманітарных меркаванняў, а не дзеля лепшых стасункаў з Захадам, «мы перажывем і без вас», Захад «не мае для мяне ніякага значэння ў плане вызвалення гэтых людзей». Мы разглядзім прашэнні аб памілаванні, калі зняволеныя іх напішуць.
• І нават ад Марыі Калеснікавай разглядзім прашэнне аб памілаванні. І чаму пытаеце пра Калеснікаву, калі ў Беларусі «мільёны ў турме»? «Калі там сядзіць мільён, то там усе аднолькавыя». І няпраўда, што Калеснікаву пазбаўляюць спаткання, вунь бацька яе наведваў. І вы можаце папрасіць яе наведаць, мы разглядзім такую просьбу.
• Няма ў апазіцыі лідараў, бо якія гэта лідары, калі яны ў турмах. А калі «беглыя» вернуцца, яны не перамогуць на выбарах, бо за мяжой яны толькі просяць грошай, непрызнання выбараў і санкцыяў, а яшчэ ствараюць узброеныя фармаванні. Вунь зняволены Зянковіч сказаў, што змоўшчыкі хацелі Мікалая Лукашнку захапіць, схаваць у склепе ў Гомельскай вобласці і выкарыстоўваць у гандлі і перамовах. І верталёт з Аляксандрам Лукашэнкам хацелі расстраляць з буйнакалібернага кулямёта.
Алесь Наваборскі belsat.eu