Рэжым Аляксандра Лукашэнкі быццам бы гатовы да перамоваў аб вызваленні палітвязняў: Васкрасенскі назваў хай невыканальныя, але ўмовы, а Пратасевіча сватаюць у медыятары. Наколькі гэта сур’ёзна?
Юрый Васкрасенскі ў інтэрв’ю выданню «Zerkalo» апісаў, на якія ўмовы вызвалення палітвязняў гатовы пайсці рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Усіх не адпусцяць, палітвязні застануцца і будуць з’яўляцца новыя, рэпрэсіі не спыняць, падтрымка Расеі ў вайне супраць Украіны захаваецца, але большую частку зняволеных могуць адпусціць, калі Лукашэнку прызнаюць прэзідэнтам, калі заходнія лідары выйдуць на кантакт і прапануюць зняць сектаральныя санкцыі. Вызваленыя пры тым не выедуць з Беларусі і не будуць расказваць пра ўмовы ў зняволенні, бо «рэпрэсіяў і катаванняў няма», а эмігранты не каментуюць прычынаў такога вызвалення.
Раман Пратасевіч пагадзіўся на прапанову міністра інфармацыі Марата Маркава стаць «медыятарам паміж дзяржавай і збеглымі», каб палітычныя эмігранты пісалі заявы ў «камісію па вяртанні». Ён чакае, што да яго будуць звяртацца ахвочыя вярнуцца ў Беларусь, і прапануе пераглядзець механізм вяртання, каб тыя, хто «адзін раз выйшаў пастаяць са сцягам», маглі разлічваць на ўмоўны тэрмін, а не толькі на калонію.
Да чаго гэтыя сігналы?
Размаўляць усё роўна прыйдзецца?
Галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў у каментары «Белсату» кажа: відавочна, што для Пратасевіча ладзяць «медыйны тур» па ўсіх магчымых пляцоўках. Пратасевіча спрабуюць «прадаць» у якасці нейкага перамоўцы з дэмакратычнымі сіламі.

Насуперак заявам прапаганды, Пратасевічу ў дэмакратычных сілах наўрад ці хтосьці давярае, бо, кажа Свярдлоў, усе разумеюць, у якой сітуацыі ён апынуўся: гэта прымус да супрацы пад перспектывай пакарання. Суразмоўца адзначае: «Ён выбраў такую стратэгію выжывання, не нам яго судзіць, але даверу да яго гэта не дадае». Ды справа не ў даверы:
,,«Давядзецца размаўляць з Раманам Пратасевічам, таму што палітвязні сядзяць, – канстатуе Свярдлоў. – Трэба рабіць усё, каб палітвязні выходзілі».
«Калі Лукашэнка, калі рэжым гэтае пытанне давярае Раману Пратасевічу, давярае пагаварыць з апазіцыяй з гэтай нагоды, то давядзецца размаўляць. Круціць носам тут не выпадае. Калі шчыра, у прынцыпе нават асоба… параўнальна прыемная. Магло быць горш, маглі адправіць Азаронка размаўляць з дэмсіламі пра палітвязняў. Гэта было б нашмат больш агідна, нашмат менш прыемна. Але паўтаруся, размаўляць бы давялося».
Свярдлоў перакананы, што калі да размоваў дойдзе, то з Пратасевічам будуць размаўляць. Ды пытанне ў тым, хто будзе перамоўцам з боку дэмакратычных сілаў, і ці будуць гэтыя перамоўцы мець уплыў на тое, каго вызваляць і на якіх умовах.
А ёсць хтосьці пасалідней?
Прадстаўнік беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі», дэлегат Каардынацыйнай рады ад каманды Латушкі і руху «За Свабоду» Алег Кулеша прапануе «Белсату» глядзець на заяву Васкрасенскага так:
,,«Лукашэнка спрабуе проста прынізіць усе дэмакратычныя сілы і паказаць, што з імі размовы не будзе».
Суразмоўца сумняецца, што хтосьці напраўду сядзе за стол перамоваў з Васкрасенскім і Пратасевічам, ды й тое будзе «не стол, а зэдлік», за якім кпінам пакажуць, што «Лукашэнка галоўны, ён будзе вырашаць, што і як рабіць». Кулеша мае асноўнае пытанне: ці пазначыў Лукашэнка больш сур’ёзную кандыдатуру за Васкрасенскага і Пратасевіча, каб высоўваць свае прапановы на Захадзе? Маўляў, Пратасевіч як «зваршчык, які лётае адпачываць у Дубаі», гэта не чыноўнік узроўню міністра замежных справаў.
Пакуль кагосьці больш «афіцыйнага» няма. На думку Кулешы, гэта паказнік таго, што і таемных перамоваў з Захадам не вядзецца. І не будзе весціся, пакуль Лукашэнка не пачне выконваць асноўныя патрабаванні Захаду, перакананы Кулеша. На ягоную думку, Польшча не пойдзе на размовы з Лукашэнкам, пакуль не будуць выкананыя асноўныя патрабаванні – спыніць хвалю нелегальных пераходаў мяжы, спыніць катаванні палітычных зняволеных, пастаянна выпускаць палітвязняў і не пачынаць большага тэрору. А сам Лукашэнка кажа, што «нічога не скончылася».

Ды сам факт заявы Васкрасенскага Кулеша бачыць паказнікам таго, што ў Лукашэнкі не ўсё добра з эканомікай, санкцыямі і з палітычнай ізаляцыяй: «ніхто з імі не размаўляе і не збіраецца размаўляць», а эканоміка Лукашэнкі цяпер трымаецца на працы на расейскае ўзбраенне.
З аднаго боку, разважае Кулеша, былі б дзейсныя прапановы, іх агучвалі б афіцыйныя асобы, а не «блазны». З другога боку, вызваленне часткі палітвязняў можна разглядаць як жаданне рэжыму Лукашэнкі выходзіць на Захад і нежаданне таго, каб беларуская тэма зноў гучала на Захадзе праз чарговую смерць зняволенага. На думку Кулешы, Лукашэнка мае памылковую ідэю, што чым больш набярэ закладнікаў, тым большыя шанцы, што з ім пачнуць размаўляць.
Кулеша сярод іншага згадвае, што калі ён сам быў у няволі, яму тры ці чатыры разы прыходзілі прапановы Васкрасенскага пісаць прашэнні аб памілаванні, і што бачыў людзей, якія пагаджаліся на такія прапановы, пісалі прашэнні – і пасля разумелі, што абяцанне вызвалення было падманам.
Гэта не пра перамовы?
Дэлегат Каардынацыйнай рады з фракцыі «Беларусы» Андрэй Ягораў кажа «Белсату»: выказванні Васкрасенскага не варта разглядаць у кантэксце перамоваў.

«Гэта відавочна гульня на прапагандысцкім полі, – упэўнены Ягораў. – Гэта з аднаго боку пасланне беларускаму грамадству, што мы прытрымліваемся гэтай пазіцыі, толькі так можа адбывацца. Штосьці мы будзем рабіць з вызваленнем, бо грамадства чакае паслаблення і хаця б нейкай лібералізацыі. Такі сігнал цвёрдасці пры тым, што штосьці яшчэ можа адбывацца. З другога боку, гэта тэма, якая ўкідваецца супраць дэмакратычнага поля для гульні на палітычных супярэчаннях унутры адносна саміх перамоваў і шляхоў, якія могуць быць выкарыстаныя для вызвалення палітвязняў».
,,«Я б разглядаў гэта як інфармацыйную інтэрвенцыю, не больш. Сур’ёзныя рэчы, звязаныя з палітычнымі перамовамі, не агучваюцца праз пратасевічаў ці васкрасенскіх».
Ягораў прапануе ўявіць, як нямецкія ці амерыканскія палітыкі будуць успрымаць Пратасевіча ці Васкрасенскага. І тлумачыць: умовы, звязаныя з рэальнымі перамовамі, ідуць праз іншыя каналы, на дыпламатычным узроўні. Ён перакананы, што і заявы Васкрасенскага, і Пратасевіч як «медыятар» – гэта выключна прапагандысцкі ход:
«Яны зрабілі шэраг дзеянняў – ім трэба патлумачыць, чаму яны зрабілі гэты шэраг дзеянняў, звязаных з вызваленнем палітычных зняволеных у Беларусі. Вось яны выпускаюць Васкрасенскага, які агучвае моцную пазіцыю беларускіх уладаў. Інтэрпрэтацыю: „Не трэба думаць, што мы тут аслаблі і жадаем нейкіх кантактаў, мы трымаемся, наадварот, гэтай жорсткай логікі“».
Прапаганда, паводле Ягорава, можа разлічваць і на такое: «Вось паглядзяць на Пратасевіча, што чалавек нармальна прыстасаваўся ў сістэме, не так усё і жорсткае, можна жыць у Беларусі і лятаць адпачываць у Дубай, для вас, хіпстараў, нічога не змянілася»… Такі пасыл, прызнае Ягораў, наіўны, але прапаганда не надта разумна карыстаецца такімі сродкамі і фігурамі. А рэалістычных умоваў аднаўлення дыялогу з гэтага, упэўнены Ягораў, вышукваць не варта.
Гэта да таго, што хутка выбары?
Кіраўніца дабрачыннага фонду «Краіна для жыцця», суарганізатарка службы «Хуткай гуманітарнай дапамогі» Вольга Зазулінская у каментары «Белсату» канстатуе:
,,«Відавочна, што рэжым спрабуе разгарнуць усё гэта якраз перад так званымі выбарамі. Для чалавека, які чамусьці вырашыў, што ён усё яшчэ прэзідэнт, важна атрымаць легітымнасць ад міжнароднай супольнасці. Нічога новага яны не вынайшлі, гэтымі інструментамі карысталіся і раней».
Паводле яе, «формула Васкрасенскага» выглядае хутчэй як негрунтоўны ўльтыматум дэмакратыі па сродках шантажу і маніпуляцыяў. Наўрад ці гэта варта разглядаць як стартавы пункт для перамоваў, лічыць Зазулінская.
«Ёсць выразныя патрабаванні ад дэмакратычных сілаў: спыніце рэпрэсіі і выпусціце ўсіх палітвязняў, і для гэтага не трэба пісаць на памілаванне ці прызнаваць віну, да чаго ўласна і схіляюць палітвязняў, – дадае яна. – Людзей мусяць выпусціць без усялякіх умоваў».

Што да Пратасевіча, Зазулінская заклікае разумець, як і для чаго яго выкарыстоўваюць:
«Я бачу гэта хутчэй у разрэзе нейкай інфармацыйнай зброі ўздзеяння на людзей, якія знаходзяцца ва ўразлівай пазіцыі і могуць паддавацца эмоцыям. Цяпер рэжым спекулюе на тэме палітвязняў, таму што цудоўна разумее, што пытанне вызвалення людзей стаіць перад намі асабліва востра, і шмат розных дыскусіяў і меркаванняў з'яўляецца вакол гэтай тэмы».
Алесь Наваборскі belsat.eu