Кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў сцвярджае, што ўлады Беларусі пачалі новую фазу аперацыі супраць тых, хто калісьці сышоў з сілавых структураў пасля падзей 2020 года і з’ехаў за мяжу.
Паводле інфармацыі «BYPOL», КГБ ставіць перад сабой мэту: вярнуць як мага больш былых сілавікоў. Асаблівая ўвага – тым, хто «не засвяціўся» ў апазіцыйных медыях, паведамляе Аляксандр Азараў на сваёй старонцы ў «Facebook».
Ён адзначае, што вяртанне спрабуюць арганізаваць праз сваякоў і сяброў: «Вяртайся, табе даруюць. Ніякіх крымінальных спраў. Будзеш жыць спакойна, галоўнае – не сунься ў палітыку», – перадаюць нібыта супрацоўнікі КДБ.
Аднак, па словах Азарава, за гэтым стаіць не памілаванне, а пастка. Тыя, хто паверыў у падобныя «прапановы», рызыкуюць быць затрыманымі проста на мяжы або ў сябе дома. Ім могуць прад’явіць абвінавачванні ў «дзяржаўнай здрадзе», «дыскрэдытацыі органаў», «удзеле ў экстрэмісцкай арганізацыі».
,,«Нават маўклівыя ўцёкі цяпер лічыцца здрадай. А значыць – падставай для пераследу», – адзначае Азараў.
Улады маюць некалькі мэтаў: стварыць ілюзію, што вяртанне магчымае і бяспечнае; раздзяліць тых, хто ўцёк; узяць пад кантроль тых, хто вярнуўся і выкарыстоўваць іх у сваіх аперацыйных гульнях, праз шантаж зрабіць чалавека агентам.
Азараў звяртае ўвагу, што аперацыя па вяртанні былых сілавікоў супадае па часе з рэзкім ростам ваеннай рыторыкі і вучэннямі з Расеяй. Ён прама намякае на пагрозу ўдзелу Беларусі ў вайне ва Украіне: у такіх умовах Лукашэнку спатрэбяцца тыя, хто ўмее ваяваць або працаваць на аператыўным узроўні. Але тых, хто вярнуўся, чакае лёс «гарматнага мяса».
,,«Рэжыму патрэбныя правераныя, вопытныя людзі. Нават калі ён калісьці сышоў – яго можна вярнуць, пераламаць, выкарыстаць. Добраахвотна ці не – не мае значэння», – падкрэслівае кіраўнік «BYPOL».
Такім чынам, улада хоча не проста вярнуць сваіх «беглых», а выкарыстаць іх – у прапагандзе, у аператыўнай рабоце, а магчыма – і на вайне.
Азараў катэгарычна сцвярджае: «Рэжыму верыць нельга. Ніводная "дамоўленасць" з сістэмай Лукашэнкі не вартая паперы, на якой яе маглі б падпісаць».
Былы сілавік заклікае ўсіх, хто калісьці зрабіў выбар супраць гвалту, не паддавацца на заклікі «вярнуцца дамоў«, бо за імі можа хавацца не прабачэнне, а здрада і небяспека.
Раман Шавель belsat.eu