Аналітыка

BRICS – цагліны без цэменту. Што пішуць пра саміт, дзе Пуцін сабраў прыхільнікаў «новага сусветнага парадку»

Кіраўнікі Кітаю і Расеі Сі Цзінь Пін і Уладзімір Пуцін на саміце BRICS
Кіраўнікі Кітаю і Расеі Сі Цзінь Пін і Уладзімір Пуцін на саміце BRICS. Казань, Расея. Фота: Станіслаў Красільнікаў / Brics-russia2024.ru
podpis źródła zdjęcia

BRICS гучыць як «цагліны» на англійскай мове, а кітайская назва – як «залатая цагліна з краінаў». Ды на саміце ў Казані заходнія медыі не пабачылі «цэменту»: чальцы клубу маюць надта розныя інтарэсы.

22–24 кастрычніка ў расейскай Казані праходзіў XVI саміт BRICS – клубу краінаў, чые эканомікі некалі імкліва развіваліся. Ды што гэты прынцып, што назва (якая спачатку складалася з першых літараў англійскіх назваў краін-удзельніц) ужо не надта актуальныя. Эканомікі Расеі, Бразіліі і Паўднёвай Афрыкі не надта развіваюцца, Кітай спрабуе пазбегнуць рэцэсіі, ды й у Індыі хапае праблемаў. Да BRICS нядаўна далучыліся Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Іран, Егіпет і Эфіопія, на саміт прыехалі прадстаўнікі і іншых краінаў. BRICS+ цяпер – гэта клуб дзяржаваў, якія не хочуць «аднапалярнага свету», ды па-рознаму ўяўляюць «новы сусветны парадак».


На што пагадзіліся


Ключавыя пункты Казанскай дэкларацыі, якую ўхвалілі на саміце і апублікавалі на сайце Крамлю (на момант публікацыі файл з невядомых прычынаў недасяжны на першакрыніцы, але ёсць пераказ ТАСС), можна каротка сфармуляваць так. 


Вайна ва Украіне – усім трэба выконваць Статут ААН, і дзякуй тым, хто імкнецца да мірнага ўрэгулявання. 


Канфлікт на Блізкім Усходзе – выклікае сур’ёзную занепакоенасць і асуджэнне дзеянняў Ізраілю. 


Санкцыі – незаконныя, разбуральныя, выклікаюць глыбокую занепакоенасць. 


Міжнародная фінансавая сістэма – вымагае рэфармавання. Расейская ідэя збожжавай біржы – вітаецца. Выкарыстанне нацыянальных валютаў у транзакцыях між чальцамі BRICS – вітаецца. Ідэя міжнароднай разліковай інфраструктуры «BRICS Clear» – яшчэ абмяркуем, але гэта мае быць добраахвотным. Механізм міжбанкаўскай кааперацыі – вітаем. 


Але мы адданыя механізму «падушкі бяспекі» Міжнароднага валютнага фонду і прызнаем важнасць «Вялікай дваццаткі». 


Механізмы барацьбы з пандэміямі варта развіваць. З экалагічнымі праблемамі трэба змагацца. Рэдкія віды буйных прадстаўнікоў сямейства кашэчых трэба бараніць.


«Цагліны без цэменту»

Чытайце таксама:
Belsat

Лукашэнка не зразумеў, якую рэзервовую валюту ад яго хоча Масква. Спрабуем патлумачыць

Так саміт ахарактарызавала італьянская «la Repubblica». У Казані карэспандэнтка пабачыла шмат «палітычнага тэатру» і мала канкрэтных вынікаў. Дзяржавы казалі пра агульныя абавязкі ў забеспячэнні міру і «больш справядлівага сусветнага парадку», але больш сур’ёзныя рэчы, як то праект альтэрнатывы долару, застаюцца ў тупіку. 


Расея хацела б бачыць саміт як сігнал аб тым, што «свет стаміўся ад дыктату калектыўнага Захаду» – такое бачанне даводзіла расейская прапагандыстка Маргарыта Сіманьян. Ды, як заўважае «Agence France Presse», на саміце ў Расеі найбліжэйшыя партнёры Расеі заклікалі яе да міру ва Украіне. Гэта заўважылі нават у Кіеве: большая частка свету застаецца на баку Украіны, а Расеі не ўдаецца прасунуць ідэалогію неа-імперыялізму. Уладзімір Пуцін на словах вітаў прапановы чальцоў клубу аб пачярэдніцтве ў перамовах, але паведаміў ім, што ягоныя войскі маюць поспехі на полі бою.


Пакуль Расея прасоўвае павестку супраць «калектыўнага Захаду», рэшта чальцоў мае іншы вектар: клуб зхочуць адаптаваць да інтарэсаў «глабальнага Поўдня», адзначае амерыканская «Fox News». Чальцы BRICS зацелі б рэфармавання Сусветнага банку і Міжнароднага валютнага фонду дзеля падтрымкі краінаў, якія развіваюцца, а выразнага плану «замены долара» не маюць. 

На саміце BRICS. Казань, Расея. Фота: Сяргей Бабылёў / Brics-russia2024.ru
На саміце BRICS. Казань, Расея. Фота: Сяргей Бабылёў / Brics-russia2024.ru

Некаторыя поспехі ёсць: як піша «Reuters», Пуцін можа запісаць сабе ў перамогі тое, што лідары Кітаю і Індыі, якія не праводзілі афіцыйных перамоваў цягам пяці гадоў, паказалі імкненне да больш гарманічных стасункаў. А Кітай і Індыя цяпер – пакупнікі 90 % расейскай нафты. Але «Deutsche Welle» задаецца пытаннем: як быць Індыі ў блоку, дзе дамінуе Кітай, які мае зусім іншыя інтарэсы? Контуры «пачатковай пяцёркі» змяніліся, бо Расея – эканамічна няспраўная краіна, Бразілія і Паўднёвая Афрыка маюць эканамічныя цяжкасці, новыя або патэнцыйныя – і пераважна небагатыя – чальцы дадаюць яшчэ больш хаосу (як Турэччына, якая вядзе сваю гульню з Захадам, хоць з’яўляецца чальцом NATO), а Кітай яшчэ і запрашае Пакістан – «заклятага ворага» Індыі.


Аўтар ідэі BRIC (тады яшчэ без S – Паўднёвай Афрыкі), эканаміст Джым О’Ніл, мае мала аптымізму адносна клубу, пакуль Індыя і Кітай застаюцца раз’яднанымі: кажа «Reurets», што цяпер саміты BRCIS – гэта сімвалічныя сустрэчы, на якіх пэўныя краіны, «асабліва такія шумныя, як Расея і Кітай», могуць сабрацца і паразважаць, «як добра быць часткай чагосьці, што не звязана з ЗША». BRICS крытыкуе нават Іран: кажа, гэта «дыялогавы клуб», які за 15 гадоў не выканаў мноства сваіх мэтаў у пабудове «больш справядлівага і бяспечнага свету». 


Пуцін і Лукашэнка выбраліся з міжнароднай ізаляцыі?

Чытайце таксама:
Анонс саміту BRICS у Казані. Фота: kam.business-gazeta.ru

«Bloomberg»: Краіны BRICS не падтрымліваюць барацьбы Пуціна супраць Захаду

Катарскі канал «Al Jazeera» расказвае, што для Пуціна саміт BRICS асабліва важны, бо пасля поўнамаштабнага нападу на Украіну Расея апынулася ў міжнароднай ізаляцыі, а сам Пуцін застаўся з ордарам на арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда. На мінулы саміт у Паўднёвай Афрыцы Пуцін так і не паехаў праз той ордар – і нават не паехаў на саміт «Вялікай дваццаткі» ў Індыі, хоць тая не была б абавязаная яго арыштоўваць. Таму Пуціну важна паказаць, што ён не ізаляваны і мае такіх партнёраў, як Індыя і Кітай, а таксама што гатовы да працягай вайны (хоць пры гэтым можа рыхтаваць глебу для сапраўдных мірных перамоваў).


Нямецкая «Süddeutsche Zeitung» фармулюе гэта прасцей: Пуціну было патрэбнае фота ў атачэнні ўплывовых людзей, і каб на фоне было напісана «Расея». Пуцін можа цяпер пахваліцца, што сабраў два дзясяткі кіраўнікоў дзяржаваў на «найбуйнейшую вонкавапалітычную падзею, якая калісьці адбывалася ў нашай краіне». Хай сабе і сабраў таму, што выжыванне расейскай эканомікі залежыць ад чальцоў BRICS і асабліва Кітаю як «рухавіка» клубу. 

На саміце BRICS. Казань, Расея. Фота: president.gov.by
На саміце BRICS. Казань, Расея. Фота: president.gov.by

Вось жа, толькі прэзідэнт Бразіліі не прыляцеў, і тое таму, што напярэдадні стукнуўся галавой, а нават Генеральны сакратар Арганізацыі аб’яднаных нацыяў наведаў, нягледзячы на прадказальную хвалю крытыкі. Толькі прыязджаюць яны не дзеля Пуціна. Як рэзюмуе ў каментары CNN даследчык Інда-Ціхаакіянскага рэгіёну, чальцы BRICS не хацелі б кітайска-расейскай ідэі клубу як выражэння заклапочанасці дамінаваннем Захаду, а хацелі б развіваць свае эканомікі «не ідэалагічна, а прагматычна».


Навошта туды Лукашэнку?


Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч сказаў «Белсату», што ў BRICS буйныя рэгіянальныя (і збольшага недэмакратычныя) дзяржавы спрабуюць каардынавацца між сабой, але цяжка сказаць, што гэта настолькі ж інтэграванае аб’яднанне, як NATO ці «Вялікая сямёрка». Расея хацела б ператварыць BRICS у «ўстойлівую альтэрнатыву Захаду», але цяпер там дамінуе Кітай, аб’яднанне мае эканамічныя мэты і не мае «геапалітычнай ідэнтычнасці», а новы баланс інтарэсаў і патэнцыял клубу пакуль незразумелы. 

Кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на саміце BRICS. Казань, Расея. Фота: president.gov.by
Кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на саміце BRICS. Казань, Расея. Фота: president.gov.by

Чаму Аляксандр Лукашэнка так імкнецца ў BRICS? Беларусь яшчэ летась падала заяўку на далучэнне, Лукашэнка сёлета выступаў на саміце і спрабаваў прэзентаваць сябе як «адказнага і эфектыўнага партнёра ў цэнтры Еўропы», нават паразмаўляў з Генеральным сакратаром ААН і падарыў яму статуэтку.

,,

«Калі глядзець рэалістычна, гэта не самая горшая пляцоўка, дзе можна абмяркоўваць цікавыя для Беларусі тэмы», – кажа Казакевіч.


Паводле Казакевіча, на тле вострага крызісу стасункаў Лукашэнкі з Захадам лагічнай выглядае спроба знайсці дадатковыя пляцоўкі, як Шанхайская арганізацыя супрацы (да якой Беларусь далучылася) або BRICS (куды пакуль толькі просіцца), паглыбляць кантакты з тымі, хто на гэта гатовы, шукаць механізмы пашырэння супрацы – і «лепш ведаць, што адбываецца ў незаходнім свеце». 


Гэта частка «павароту на Усход», ды, як кажа Казакевіч, досведу працы з «незаходнімі» краінамі ў Беларусі пакуль мала. Няма разумення, як працуюць іхныя эканомікі і як у іх убудаваць беларускую, а BRICS тэарэтычна можа даць такое разуменне. І негатыўных наступстваў не будзе: BRICS – «аморфная структура», якая не накладвае сур’ёзных абавязкаў. Хіба Злучаныя Штаты і Еўразвяз могуць разглядаць удзел у BRICS як «непажаданы» праз дамінаванне ў клубе Кітаю, ды перад Беларуссю цяпер і не стаіць перспектыва еўрапейскай інтэграцыі.


Глеб Нержын, Ірына Дарафейчук belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10