Каментар

Рост ВУПу запавольваецца трэці месяц запар. Што цягне эканоміку ўніз?

img
Ліцейны цэх Менскага трактарнага заводу. Фота: belarustractors_official / Telegram
podpis źródła zdjęcia

У студзені – траўні сёлета, як паведаміў Белстат, валавы ўнутраны прадукт павялічыўся на 2,5 % год да года. Хуткасць, з якой расце ВУП, запавольваецца трэці месяц запар. Экспертка цэнтру BEROC Настасся Лузгіна растлумачыла «Белсату», што адбываецца з эканомікаю, і папярэдзіла, што чаканні ўладаў, якія прагназуюць гадавы рост памерам 4,1 %, наўрад ці спраўдзяцца.

Беларуская эканоміка працягвае няўхільнае запавольванне. Калі ў студзені год да года ВУП павялічыўся на 3,7 %, то ў студзені – траўні ўжо на 2,5 %. Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» канстатавала: цяпер адбываецца тое, чаго незалежныя аналітыкі і чакалі.


«Тут уплываюць як унутраныя, гэтак і вонкавыя чыннікі. Калі мы кажам пра ўнутраныя, то гэта, безумоўна, магчымасці эканомікі для далейшага пашырэння. Згадваем той жа дэфіцыт кадраў, што нікуды не знік, а наадварот, захоўваецца і нават узмацняецца. Што датычыць вонкавых чыннікаў, то гэта сітуацыя ў Расеі, дзе таксама назіраецца запавольванне росту ВУПу з улікам іх жорсткай манетарнай палітыкі», – кажа Лузгіна.


Галоўным тормазам эканомікі цяпер зрабілася сельская, лясная і рыбная гаспадарка. Яна паказала падзенне год да года на 1,4 %.


«У шмат якіх галінах адбылося запавольванне. Гэта датычыць прамысловасці: напрыклад, у апрацоўчай прамысловасці ў студзені – траўні сёлета прырост толькі 0,8 %, а за аналагічны перыяд летась было плюс 8,2 %. То бок прырост скараціўся ў 10 разоў», – зазначыла суразмоўніца «Белсату».


Ад горшага выніку выратавала будаўніцтва, якое разагналася ажно на 11,9 %. Такому росквіту паспрыяла дзяржава, якая залівае галіну грашыма:

,,

«Дзяржава паставіла задачу забяспечыць рост ВУПу больш як на 4 % і найперш за кошт інвестыцыяў. І вось гэтыя інвестыцыі ў тым ліку даюць рост у будаўніцтве. Адзін з кірункаў – пашырэнне будаўніцтва арэнднага жытла за кошт бюджэтных сродкаў. Таму тут можам казаць пра мэтанакіраванае ўздзеянне дзяржавы».


З другога боку, галіну штурхаюць самыя беларусы, якія працягваюць багацець (хаця і не так шпарка, як яшчэ некалькі месяцаў таму) і актыўнічаюць на рынку нерухомасці. «Попыт грамадзянаў таксама падштурхоўвае ўверх паказнікі будаўніцтва», – кажа Лузгіна.


Сярод рэгіёнаў Беларусі ў перадавіках Менск і Менская вобласць.


«Глядзім на цяперашнія драйверы сярод галінаў – гэта будаўніцтва і IT-сектар. І гэта акурат сканцэнтравана ў Менску і Менскай вобласці. Таму мы і бачым такія паказнікі менавіта ў сталічным рэгіёне. У астатніх вобласцях паказнікі прыросту істотна больш сціплыя», – падкрэслівае экспертка.


Асобна Белстат паведаміў, што вытворчасць у сельскай гаспадарцы за пяць месяцаў скарацілася на 1 %, раздробны гандаль вырас на 9,3 %, а вось гуртавы ўпаў на 4,7 %. Грамадскае харчаванне – у плюсе на 5 % год да года.


Пасажырскі транспарт таксама расце: пасажыразварот павялічыўся на 6,8 %, лік пасажыраў – на 1,4 %. Пры гэтым грузаперавозы скараціліся на 3,4 %.


Разважаючы пра перспектывы беларускай эканомікі, Настасся Лузгіна канстатавала, што дасягнуць запаветнага росту на 4,1 %, запланаванага ўрадам, наўрад ці ўдасца.


«Паколькі на дынаміку ВУПу ўплываюць і вонкавыя чыннікі, цяжка сказаць, які будзе прырост да канца года. Аднак вельмі малаімаверна, што ён будзе 4 %. Хутчэй за ўсё, у дыяпазоне 2–2,5 %. Багата што залежыць ад расейскай эканомікі, там Цэнтрабанк крыху знізіў стаўку, гэта можа трохі падагнаць бізнесовую актыўнасць», – кажа экспертка.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10