навіны

«Пад пагрозаю ўся архітэктура міжнароднага правасуддзя». Чаму Манголія не арыштавала Пуціна?

img
Візіт Уладзіміра Пуціна ў Манголію. 3 верасня 2024 года. Фота: kremlin.ru
podpis źródła zdjęcia

Манголія ўрачыста прыняла Уладзіміра Пуціна, хаця мусіла арыштаваць яго згодна з ордарам Міжнароднага крымінальнага суда. Падобна, гэта плата краіны за расейскія нафтапрадукты.

Суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна ў сакавіку летась паводле абвінавачвання ў выкраданні дзяцей на акупаваных тэрыторыях Украіны. На падставе гэтай пастановы кожная краіна, якая далучылася да Рымскага статуту, абавязаная арыштаваць палітыка. Манголія гэтага не зрабіла. Яшчэ да візіту Пуціна ў гэтую краіну ягоны прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў казаў, што «ўсе аспекты гэтай паездкі старанна рыхтаваліся», а таму ў Крамлі не хвалююцца.


Адвакат-міжнароднік Сяргей Галубок у каментары «Белсату» адзначыў, што Рымскі статут адназначна наказвае дзяржавам-удзельніцам арыштоўваць асобаў згодна з ордарам Міжнароднага крымінальнага суда, і аніякіх іншых трактаванняў быць не можа:


«Адразу, як дзяржава-ўдзельніца Рымскага статуту ўпэўніваецца ў тым, што на яе тэрыторыі знаходзіцца асоба, якую шукае Міжнародны крымінальны суд, мусіць у прадугледжаным нацыянальным заканадаўствам парадку, звычайна судовым, перадаць гэтую асобу ў Гаагу».


Праўнік канстатаваў, што адказнасць за невыкананне ордару на арышт не прадугледжаная. У Гаагскага трыбуналу няма ўласных сілавікоў, таму можна спадзявацца толькі на супрацу з краінамі-ўдзельніцамі Рымскага статуту:


«Варта чакаць рэакцыі з боку іншых дзяржаваў-удзельніцаў, напрыклад, Польшчы, іншых еўрапейскіх краінаў адносна гэтага факту парушэння Манголіяй ейных юрыдычных абавязанняў. Натуральна, нікому не патрэбна, каб у судзе былі дзяржавы, што не выконваюць ягоныя пастановы».


Галубок заўважыў, што і раней некаторыя краіны не выконвалі ордары на арышт падазраваных, і ніякіх наступстваў для такіх парушальнікаў не было.

,,

«Ордар на арышт Пуціна – самы важны з усіх ордараў на арышт, выдадзены судом за ўсю ягоную гісторыю. І яго відавочнае невыкананне дзяржавай-удзельніцай ставіць пад пагрозу ўсю архітэктуру, усю сістэму, вянцом якой з'яўляецца Міжнародны крымінальны суд. І найперш еўрапейскія дзяржавы мусяць неяк на гэта адрэагаваць».


Кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін у размове з «Белсатам» растлумачыў, чаму Манголія не арыштавала Пуціна. Падобна, ва ўсім вінаватае геаграфічнае становішча краіны і яе залежнасць ад расейскіх энерганосьбітаў:


«Манголія заціснутая паміж Кітаем і Расеяй, і калі затрымаць Пуціна, то можна чакаць не надта спрыяльных целазрухаў з боку гэтых двух суседзяў. Дый што потым з Пуціным рабіць? Яго ж ніяк не вывезеш з тэрыторыі Манголіі. Да таго ж могуць быць нейкія крокі ў дачыненні эканомікі і энергетыкі Манголіі, пра што мангольскае кіраўніцтва цудоўна ведае».


Аналітык мяркуе, што тэарэтычна асобныя краіны могуць увесці санкцыі супраць Манголіі, напэўна, гэта зробіць Кіеў, які патрабаваў выканаць ордар на арышт, як і мае быць. Аднак ад украінскіх абмежаванняў гэтай азіяцкай краіне будзе ні цёпла ні холадна.


«Горай тое, што з'яўляецца прэцэдэнт, калі не выконваецца ордар», – падкрэсліў Красулін. Прыклад Манголіі можа натхніць іншыя краіны: маўляў, яны не падпарадкаваліся, дык і мы не будзем.


Пры гэтым палітолаг Фёдар Агапаў сумняецца, што Манголія зазнае маштабныя рэстрыкцыі.


«Калі міжнародная супольнасць пачне Манголію неяк за гэта санкцыянаваць, то гэта яшчэ мацней падштурхне дэмакратычную краіну, якая знаходзіцца ў Азіі, досыць рэдкага звера, у бок сваіх менш дэмакратычных суседзяў: Кітаю і Расеі, якія гэты Рымскі статут паважаюць яшчэ менш», – сказаў Агапаў «Белсату».

Уладзімір Пуцін з прэзідэнтам Манголіі Ухнаагійн Хурэлсухом. Фота: kremlin.ru

Пуціна не арыштавалі ў Манголіі – ён сустракаецца з прэзідэнтам

навіны

Зрэшты, самыя ўлады Манголіі сумленна прызналіся, што не арыштавалі Пуціна з увагі на энергетычную залежнасць ад суседніх краінаў. Пра гэта прадстаўнік ураду краіны заявіў выданню «Politico»:


«Манголія імпартуе 95 % нафтапрадуктаў і больш за 20 % электраэнергіі ад нашых бліжэйшых суседзяў. Гэтыя пастаўкі маюць вырашальную ролю для забяспечвання нашага існавання».


У заяве таксама адзначаецца, што «Манголія заўсёды прытрымлівалася палітыкі нейтралітэту ў сваіх дыпламатычных стасунках».


Пра энерганосьбіты казаў і Пуцін падчас візіту ў Манголію. Ён заявіў, што летась больш за 90 % бензіну і дызпаліва гэтая краіна атрымала з Расеі. Падобна, Улан-Батар можа апынуцца ў яшчэ большай залежнасці ад Крамля, бо цяпер абмяркоўвалася будаўніцтва газаправоду з Расеі ў Кітай праз тэрыторыю Манголіі, і Пуцін мог прапанаваць «мангольскім сябрам» купляць расейскі газ па ільготнай цане.


Алесь Яшчанка, Віталь Бабін, Сцяпан Кубік belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10