Баі на «тэрыторыі Расеі». Вайна ва Украіне не змянілася пасля анексіі Расеяй чатырох вобласцяў
01.10.2022, 12:22
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падбіты мікрааўтобус з сімволікай расейскай агрэсіі. (Фота: Генштаб ЗСУ / Facebook)
podpis źródła zdjęcia
У бліжэйшы час украінцы могуць атачыць расейскія войскі ў Лімане
Поўнамаштабная вайна ва Украіне ідзе 222-гі дзень. 30 верасня Пуцін правёў цырымонію анексіі Запарожскай, Данецкай, Луганскай і Херсонскай вобласцяў Украіны – цяпер, паводле ягонай пазіцыі, вайна ідзе на «тэрыторыі Расеі».
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падбіты мікрааўтобус з сімволікай расейскай агрэсіі. (Фота: Генштаб ЗСУ / Facebook)
Хоць Уладзімір Пуцін і «прыняў у склад Расеі» вобласці Украіны, дзве з іх (Данецкую і Запарожскую) расейскія войскі кантралююць толькі напалову, яшчэ ў дзвюх (Херсонскай і Луганскай) Збройныя сілы Украіны адваявалі часткі тэрыторыі.
Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, на раніцу 1 кастрычніка расейскія войскі працягваюць засяроджваць высілкі на спробах поўнай акупацыі Данецкай вобласці і зрыве атак ЗСУ на іншых напрамках, працягваюць біць па цывільнай інфраструктуры і жытле мірнага насельніцтва.
За мінулы дзень ЗСУ налічылі 4 ракетных і 15 авіяцыйных удараў, звыш 85 абстрэлаў вайсковых і цывільных аб’ектаў. Ад удараў пацярпелі 50 населеных пунктаў на слабажанскім, краматорскім, бахмуцкім, аўдзееўскім, навапаўлаўскім, запарожскім і паўднёвабужскім напрамках. ЗСУ адбілі атакі каля сёлаў Зайцава і Нью-Ёрк, гораду Саледар.
Украінскі бок налічвае ўжо амаль 60 тысяч чалавек «ліквідаванага асабовага складу» расейскіх войскаў. Таксама ЗСУ паведамляе пра знішчэнне ўжо 2354 расейскіх танкаў, 4949 баявых бронемашынаў, 1397 артылерыйскіх сістэмаў і 336 сістэмаў залпавага агню, 176 сродкаў супрацьпаветранай абароны, 264 самалётаў і 226 верталётаў, 15 караблёў.
Паводле ЗСУ, у Цюменскай вайсковай вучэльні ў Расеі плануецца датэрміновы выпуск курсантаў, каб накіраваць выпускнікоў на афіцэрскія пасады ў вайсковыя часткі, што камплектуюцца «мабілізацыйным рэзервам». На падрыхтоўку «мабілізацыйнага рэзерву» накіроўваюць таксама курсантаў выпускных курсаў Разанскай дэсантнай вучэльні.
Украіна тым часам скасавала восеньскі прызыў на тэрміновую службу, але і адклала дэмабілізацыю. Так жа было і з вясновым прызывам: трывае агульная мабілізацыя, дадатковых мабілізацыйных захадаў у сувязі з «уваходам у склад Расеі» тэрыторыяў Украіны не плануюць.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае баі на тэрыторыі ўсіх чатырох анексаваных Расеяй вобласцяў Украіны, а таксама тое, што Крэмль яшчэ абяцае «ўдакладніць», якія тэрыторыі Запарожскай і Херсонскай вобласцяў анексаваў. Кіраваць захопленымі тэрыторыямі Расеі будзе цяжка, заўважае ISW: украінцы сістэматычна забіваюць, арыштоўваюць ці выганяюць калабарантаў; супраца мясцовага насельніцтва з акупантамі «неахвотная». Мабілізаваных Расея закідвае ва Украіну без належнай падрыхтоўкі і адпаведнага рыштунку.
Расейскія войскі ў Лімане (Краматорскі раён Данецкай вобласці) яшчэ не цалкам аточаныя, мяркуе ISW: расейскія крыніцы паказваюць, што Расея кантралюе яшчэ адну дарогу з Ліману. Але расейскія войскі адступілі з Драбышава і Ямпалю – можна чакаць, што ўкраінскія войскі захопяць або цалкам аточаць Ліман у бліжэйшыя тры дні.
Брытанская выведка звяртае ўвагу на тое, што расейскі ўдар па ўкраінскай гуманітарнай калоне пад Запарожжам 30 верасня (у выніку якога загінулі 30 чалавек і 88 былі параненыя) быў нанесены снарадамі для паветранай абароны. Запасы снарадаў у Расеі, падобна, абмежаваныя настолькі, што даводзіцца выкарыстоўваць для атак па зямлі каштоўныя снарады, якія маглі б збіваць сучасныя самалёты і ракеты. Пры гэтым стратэгічна каштоўныя снарады выкарыстоўваюцца, каб забіваць цывільных, якіх Пуцін цяпер лічыць «сваімі грамадзянамі».
Гэта далёка не першае паведамленне пра выкарыстанне Расеяй боепрыпасаў не па прызначэнні. Толькі за 1 кастрычніка з Мікалаева паведамілі пра ўдар па жылым будынку ракетай з зенітна-ракетнага комплексу С-300, а з Адэсы паведамілі пра ўдар у прамысловую інфраструктуру «Іскандэрам».
Іранскія дроны, якія Расея нядаўна пачала выкарыстоўваць ва Украіне, часта даюць збоі, кажуць у Пентагоне. Пацверджанняў таго, што гэтыя дроны даюць нейкі «тэхналагічны скачок», у Штатах не бачаць.