Пуціну паказалі мапу, на якой «няма Украіны». Украіна там ёсць нават двойчы, а Расеі, можна сказаць, і няма. «Белсат» глядзіць, на якіх яшчэ мапах няма Расеі – і чаму яе няма.
Уладзімір Пуцін вядомы любоўю да альтэрнатыўнай гісторыі: ад ягонага імя публікавалі нават вялікі антынавуковы тэкст «Пра гістарычную еднасць расейцаў і ўкраінцаў», ён выкарыстоўвае такія заявы пра «несапраўднасць Украіны» як адно з апраўданняў развязвання вайны ва Украіне.
На сустрэчы з Пуціным 23 траўня старшыня Канстытуцыйнага суда Расеі Валерый Зоркін паказаў Пуціну французскую мапу часу Людовіка XIV і прэзентаваў гэта як сенсацыю: «знайшлася», «там няма Украіны».

Насамрэч мапа вядомая і не сакрэтная, Украіна на ёй ёсць нават двойчы. Паразглядаць тую мапу ў высокай разрознасці можна, напрыклад, тут. Надпіс «Vkraine Pais de Cosaques» (Украіна, краіна казакоў) шукайце між Вінніцай і Палтаваю на тэрыторыі Кароны Польскай, а надпіс «Ocraina» – між Белгарадам і Разанню. Мапа, якую паказалі Пуціну, пазначае будучую Расею як «валоданні цара Белай Русі і вялікага князя Маскоўскага» або «цара Расеі і вялікага князя Маскоўскага» – пры жаданні можна сказаць, што гэта Расеі на мапе няма, а ёсць Масковія, князь якой называе сябе царом ці то Белай, ці то цэлай Русі.
Вядома, калісьці не было ні Украіны, ні Расеі. Ні Леніна, ні Ленана, ні Карла Лінэя. Нават славянаў у Еўропе калісьці не было.

Калі продкі славянаў ішлі ў Еўропу, то яшчэ не пісалі летапісаў і не пакінулі дастаткова матэрыялу для археолагаў ды лінгвістаў, каб сучасныя навукоўцы маглі дакладна апісаць іхнае паходжанне. Нават першыя летапісныя згадкі пра славянаў спрэчныя. Можа, пра іх пісаў яшчэ Пталемей у ІІ стагоддзі, проста называў ставанамі і лічыў скіфамі. А можа, славянамі ці іхнымі продкамі былі венеды, пра якіх у I стагоддзі пісаў Тацыт. Так ці іначай, першымі вядомымі месцамі рассялення славянаў лічацца найчасцей тэрыторыі блізу Палесся, і ніякія прапанаваныя першыя землі славянаў не дасягаюць нават Волгі.

Назва «Русь», магчыма, упершыню згадваецца ў 800-х гадах у форме «Rhos» і адносіцца да германскага племені свеяў з тэрыторыі сучаснай Швецыі. «Аповесць мінулых часоў», напісаная ў Кіеве ў 1100-х гадах, сцвярджае, што гісторыя Старажытнай Русі пачынаецца з 852 года, калі ў Візантыйскай імперыі пачаў уладарыць імператар Міхаіл ІІІ – народ русь тады хадзіў на Царград (Канстанцінопаль, сучасны Стамбул). Тагачасная Русь завецца Кіеўскаю, бо з 882 года сталіца той дзяржавы была ў Кіеве. Сама дзяржава была, хутчэй, наборам плямёнаў, якімі ўладарылі людзі, якія прызнавалі над сабой уладу князя.


Масковія стала называць сябе Рускім ці Расейскім царствам не раней за вянчанне царом Івана IV Жахлівага ў 1547 годзе. На мапах той эпохі Масковію ўжо маглі падпісаць Расеяй, але нават пазней еўрапейскія картографы маглі напісаць «Rvssia» між Кракавам і Луцкам або «Rvs» за Архангельскам, а Расейскае царства назваць Масковіяй.

Нават праз сотню гадоў пасля Івана Жахлівага маглі намаляваць мапу «земляў, якія называюць Украінай», а на ўсход ад гэтых земляў пазначыць не Расею, а Маскоўскае княства. Так зрабіў француз Гіём Левасэр дэ Баплян, які служыў у Рэчы Паспалітай старэйшым капітанам артылерыі ды вайсковым інжынерам на тэрыторыі сучаснай Украіны.

Сучасныя назвы замацаваліся за Беларуссю, Расеяй і Украінаю толькі пару стагоддзяў таму, сучасныя межы – пасля Другой сусветнай вайны. Яшчэ сотню гадоў таму продкі сучасных беларусаў задаваліся пытаннем, ці не Літвою зваць сваю краіну.
Бывае, натуральна, што дзяржавы спрабуюць апраўдаць агрэсіўныя дзеянні старымі мапамі: напрыклад, Кітай прэтэндуе на большую частку Паўднёва-Кітайскага мора, бо ў 1952 годзе намаляваў на мапе дзевяць рысак. Калі кіравацца такою логікаю, на тэрыторыі самой Расеі могуць прэтэндаваць і ўкраінцы, і фіны, і манголы, і шмат хто яшчэ, не кажучы ўжо пра патэнцыйныя сепаратысцкія рухі.
Алесь Наваборскі belsat.eu