Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 995 дзён. Маштабныя змены могуць быць ужо на 1062-гі дзень – пасля інаўгурацыі выбранага прэзідэнта ЗША Доналда Трампа. «Белсат» пераказвае, што пішуць пра вайну днём 14 лістапада.
Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны зарэгістраваў за мінулы дзень 161 баявое сутыкненне. Гэта даволі высокая інтэнсіўнасць баёў, але не рэкордная. Найбольш баёў зафіксавалі на курахаўскім і пакроўскім напрамках: адпаведна 45 і 40 за дзень. Баі трывалі таксама на харкаўскім, купянскім, ліманскім, краматорскім, тарэцкім, арэхаўскім і прыдняпроўскім напрамках. Акрамя таго, працягваліся баі ў Курскай вобласці Расеі.
Украінскі маніторынгавы праект «DeepState» заявіў 14 лістапада, што расейскім войскам удалося акупаваць вёску Іллінка, што пад Курахавым і нават увайсці ў Купянск. Але ў Генштабе ЗСУ гэта адмаўляюць: кажуць, усе атакі на Купянск былі адбітыя, горад пад кантролем, як і Іллінка. Але расейскія войскі і праўда наступаюць: 13 лістапада абвясцілі эвакуацыю жыхароў Валнавахскага раёну.
Што да рэкордаў у статыстыцы, найбольшых значэнняў дасягнулі два іншыя лічбавыя паказнікі: колькасць удараў расейскімі дронамі-камікадзэ тыпу іранскіх «Shahed 136» за тыдзень і колькасць стратаў жывой сілы Расеяй за тыдзень.
Толькі за мінулы дзень, паводле падлікаў Генштабу ЗСУ, Расея страціла забітымі або цяжка параненымі 1690 чалавек (з пачатку поўнамаштабнай вайны – 716 тысяч), а таксама страціла 19 танкаў, 51 бронемашыну, 64 артылерыйскія сістэмы, 124 адзінкі аўтамабільнай тэхнікі і гэтак далей.
За мінулы дзень Расея нанесла па Украіне два ракетныя ўдары пяццю ракетамі, 100 авіяцыйных удараў са 179 кіраванымі авіябомбамі, 4840 абстрэлаў, з якіх 124 – з рэактыўных сістэмаў залпавага агня, 1677 удараў дронамі-камікадзэ. У Славянску, напрыклад, абстралялі шматпавярховыя дамы, адміністратыўныя будынкі педагагічнага ўніверсітэту, дзіцячы садок і супермаркет. З 59 «шагедаў», якія Расея запусціла па Украіне ў ноч на 14 лістапада, збіць удалося 21, а 38 былі «лакацыйна страчаныя». Паводле маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», за мінулую ноч праз Беларусь ва Украіну праляталі прынамсі два расейскія «шагеды», пазамінулай ноччу – прынамсі 12, і гэта ўжо пяты дзень запар, калі расейскія дроны лятуць праз Беларусь ва Украіну.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) лічыць, што Крэмль «спрабуе дыктаваць умовы любых патэнцыйных мірных перамоваў з Украінай перад інаўгурацыяй выбранага прэзідэнта Злучаных Штатаў Доналда Трампа».
З дзеянняў Расеі даследнікі робяць высновы, што мэтай Расеі па-ранейшаму застаецца поўная капітуляцыя Украіны, а нейкіх саступак новай адміністрацыі Трампа ў Крамлі не плануюць. Міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў адрынуў ідэю замарозкі вайны на цяперашняй лініі фронту, бо, маўляў, гэта «нават горш» за Менскія пагадненні, якія хаця б былі канчатковымі. На думку ISW, Уладзімір Пуцін чакае, што адміністрацыя Трампа аўтаматычна будзе лічыцца з інтарэсамі Крамлю і не чакаць чагосьці ўзамен.
На тле перамогі Трампа на выбарах Украіна ставіць на першае месца не толькі тэрыторыю, а яшчэ гарантыі бяспекі, піша «The New York Times» са спасылкай на ўкраінскіх афіцыйных асобаў. Аб гэтым наўпрост казаў кіраўнік Камітэту ў пытаннях выведкі Вярхоўнай рады Украіны Раман Кастэнка: «Перамовы павінны базавацца на гарантыях, для Украіны няма нічога важнейшага». Украіна, дадаў ён, не адмаўляецца ад сваёй тэрыторыі, каля 20 % якой акупавала Расея.
Ад Трампа пакуль толькі чакаюць прызначэння спецыяльнага пасланніка па Украіне. Але мінулыя анонсы прызначэнняў Трампа выклікалі шмат пытанняў у Вашынгтоне – у тым ліку анонсы, звязаныя з вайной і Украінай. Дырэктаркай выведкі Трамп хоча прызначыць Тулсі Габбард, якая выступала супраць дапамогі Украіне. Патэнцыйны дарадца Трампа ў нацыянальнай бяспецы, дэпутат Майк Уолц галасаваў у Палаце прадстаўнікоў спачатку за наданне дапамогі Украіне, а пазней супраць, цяпер жа кажа, што Трамп хоча «прыпыніць, а не працягваць» вайну ва Украіне. На пасаду міністра абароны Трамп намінаваў вядоўцу «Fox News» Піта Хегсэта, якога звязвалі з праварадыкальнымі экстрэмістамі, але якога ў вайсковых колах у Вашынгтоне папросту не ведаюць. Паводле звестак «Reuters», каманда Трампа ўжо рыхтуе спісы на звальненне ў Пентагоне і, магчыма, скарачэнне Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў.
Трамп па-ранейшаму абяцае спыніць вайну ва Украіне – пра гэта ён размаўляў у тым ліку з дзейным прэзідэнтам Джо Байдэнам. Адміністрацыя Байдэна, які мае кіраваць Штатамі да 20 студзеня, збіраецца падаць у Кангрэс чарговы запыт на дапамогу Украіне ў 2025 годзе (у Кіеве выказваюць «асцярожны аптымізм» наконт патэнцыйнага дазволу біць углыб Расеі амерыканскай зброяй), а сам Байдэн збіраецца абмеркаваць з кіраўніком Кітаю ўдзел паўночнакарэйскіх войскаў у вайне ва Украіне.
У Еўразвязе маюць узяць свой лёс ва ўласныя рукі, заявіў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэр Бурэль: наступныя дзесяцігоддзі, казаў ён, будуць вызначаныя дзеяннямі Трампа і іхнымі наступствамі, таму Еўропе трэба рыхтавацца, каб не стаць «паралізаванай, як алень уначы перад святлом фараў машыны на дарозе». Ды Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ ўпэўнены, што Трамп разумее важнасць удзелу ЗША ў NATO – у тым ліку для бяспекі ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне. А аблігацыі Украіны праз выбранне Трампа падскочылі на 12 % за апошні месяц: інвестары чакаюць, што прыпыненне вайны палепшыць здольнасць Украіны ў выплатах крэдыторам.
Тым часам у атачэнні Пуціна, падобна, адбываецца барацьба за кантроль над расейскім энергетычным сектарам. У Курскай вобласці Расеі выведкі ЗША і Паўднёвай Карэі пацвердзілі ўдзел паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у баявых сутыкненнях з украінскімі войскамі (Дзяржаўны дэпартамент ЗША налічыў 10 тысяч паўночнакарэйцаў). Служба бяспекі Украіны, як кажуць крыніцы ўкраінскіх медыяў, стаіць за выбухам машыны ў Севастопалі, у выніку якога быў забіты кіраўнік штабу ракетных караблёў Чарнаморскага флоту Расеі. А ў Міністэрстве абароны Украіны абяцаюць завяршыць да 18 снежня працу над законапраектам пра ўмовы дэмабілізацыі вайскоўцаў – гэтага даўно чакаюць, бо пакуль украінскія ваяры знаходзяцца на фронце бестэрмінова праз ваенны стан, а многія ваююць ужо амаль тысячу дзён.
Алесь Наваборскі belsat.eu