Апошняя эканамічная палітыка Крамля паказвае на тое, што расейская эканоміка, хутчэй за ўсё, сутыкнецца са значнымі праблемамі ў 2025 годзе і што кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін занепакоены эканамічнай стабільнасцю Расеі ў доўгатэрміновай перспектыве. Пра гэта паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
ISW адзначае, што Крэмль прымае захады для скарачэння выдаткаў на параненых вайскоўцаў, барацьбу з інфляцыяй і развязанне доўгатэрміновых дэмаграфічных праблемаў, такіх як нізкі ўзровень нараджальнасці і недахоп працоўнай сілы.
«Гэтыя палітыкі паказваюць, што расейская эканоміка не такая ўстойлівая да заходніх санкцыяў, грашовых абмежаванняў і кошту ваенных дзеянняў, як сцвярджае расейскі ўрад. Гэтыя палітыкі таксама паказваюць, што Крэмль не зможа падтрымліваць зацяжныя ваенныя дзеянні цягам многіх гадоў і дзесяцігоддзяў, адначасова абараняючы расейскае грамадства ад эканамічных праблемаў. Паслядоўная заходняя і міжнародная падтрымка супраціву Украіны на поле бою яшчэ больш пагоршыць эканамічныя праблемы Расеі», — піша ISW.
У прыватнасці, адзначаецца, што з пачаткам вайны ва Украіне ўлады Расеі ўвялі выплаты ў 3 млн расейскіх рублёў для ўсіх параненых вайскоўцаў. Але 13 лістапада 2024 года Уладзімір Пуцін пакінуў гэтую суму толькі для тых цяжка параненых, хто стаў інвалідам. За лёгкія траўмы сума выплат была скарочаная да 100 тыс., лёгкія раненні — да 1 млн. І хоць на наступны дзень Пуцін узняў выплаты цяжка параненым да 4 млн рублёў, гэта «не мяняе таго факту, што Крэмль не выконвае абяцанні тысячам расейскіх вайскоўцаў, якія далучыліся да расейскага войска выключна праз буйныя фінансавыя стымулы». І гэта пры тым, што вайскова-медычныя камісіі выбарачна дыягназуюць у расейскіх вайскоўцаў цяжкія траўмы.
На пашырэнне расейскай вайскова-прамысловага комплексу (ВПК) і перспектывы мабілізацыі эканомікі ўплываюць таксама намаганні Крамля па барацьбе з інфляцыяй і высокія працэнтныя стаўкі, якія былі павышаныя Цэнтрабанкам з 25 кастрычніка да 21 % гадавых. Звязаны з Крамлём цэнтр макраэканамічнага аналізу і кароткатэрміновага прагназавання мяркуе, што расейская эканоміка «фактычна сутыкаецца з пагрозай стагфляцыі — адначасовай стагнацыі ці нават рэцэсіі і высокай інфляцыі» праз жорсткую грашова-крэдытную палітыку Цэнтрабанку. У сваю чаргу Служба вонкавай выведкі Украіны адзначае, што высокія стаўкі могуць выклікаць шок і спад вытворчасці, што можа прывесці да банкруцтваў і карпаратыўных дэфолту.
,,«Крыніца ў Крамлі заявіла, што жорсткая грашова-крэдытная палітыка цэнтральнага банка стрымлівае тэмпы развіцця расейскага ВПК у доўгатэрміновай перспектыве і ўжо ўскладніла некалькі расейскіх экспартных праектаў, нягледзячы на тое, што яна пакуль не аказала наўпроставага ўплыву на расейскае ваенна-тэхнічнае падтрыманне расейскіх ваенных намаганняў», — піша ISW.
Тым не менш, Інстытут вывучэння вайны мяркуе, што расейскі ВПК «наўрад ці будзе адпавядаць тэмпам вытворчасці, неабходным для замены страт расейскай зброі ў рамках гэтай грашова-крэдытнай палітыкі».
Таксама ў Крамлі занепакоеныя зніжэннем дэмаграфічнай сітуацыі і недахопам працоўнай сілы, якія могуць паставіць пад пагрозу ўстойлівую дзейнасць расейскага ВПК. Раней ISW ацэньваў, што дэмаграфічныя праблемы Расеі пагоршыліся вайной, калі, паводле ацэнак, ад 800 000 да 900 000 расейцаў, уключаючы многіх высокакваліфікаваных рабочых, пакінулі краіну з лютага 2022 года, што, верагодна, прымусіла расейскія ўлады больш спадзявацца на мігрантаў. Звесткі Расстату паказваюць, што дэфіцыт працоўнай сілы ў Расеі склаў 4,8 млн асобаў у 2023 годзе, што спрычынілася да скарачэння аб’ёмаў вытворчасці. Пры гэтым, паводле ацэнак ведамства, насельніцтва Расіі будзе натуральным чынам скарачацца з хуткасцю больш як 600 000 чалавек за год да 2032 года.
Расея спрабуе развязаць гэтыя праблемы з дапамогай мігрантаў, але Пуцін 7 лістапада і папярэдзіў, што залежнасць ад мігранцкага насельніцтва патрабуе сістэматычных намаганняў асіміляцыі. ISW мяркуе неабходнасць падтрымліваць на плыву патэнцыял расейскай працоўнай сілы за кошт міграцыі ўступае ў супярэчнасць з ультранацыяналістычнай рыторыкай, якая ў сваю чаргу перашкаджае прытоку мігрантаў.
Усё гэта сведчыць пра тое, што ў 2025 годзе расейская эканоміка, хутчэй за ўсё, сутыкнецца са значнымі праблемамі і што Пуцін занепакоены эканамічнай стабільнасцю Расеі ў доўгатэрміновай перспектыве.
Адзначым, што да расейскай эканомікі моцна прывязаная і беларуская эканоміка, на якую таксама ўплываюць праблемы ў РФ. Да таго ж, перадвыбарчыя абяцанні Аляксандра Лукашэнкі могуць прывесці да абвалу рубля, мяркуе эканаміст Аляксей Харкевіч.
Якуб Хруст belsat.eu