У Расеі назіраецца збой у працы мабільнай сувязі і інтэрнэту. Масквічоў папярэдзілі, што праблемы з інтэрнэтам могуць быць у звязку з рыхтаваннем да 9 траўня. «Белсат» даведаўся ў аператараў, чаго чакаць беларусам.
У Маскве людзі атрымалі паведамленні ад Адзінай дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацыяў: іх папярэдзілі, што найбліжэйшымі днямі могуць быць праблемы з інтэрнэтам, піша ТАСС.
«Магчымыя абмежаванні доступу ў інтэрнэт у звязку з запэўніваннем бяспекі ўрачыстасцяў, якія праходзяць», – гаворыцца ў рассылцы для расейцаў.
Беларусам адключэння інтэрнэту чакаць не варта, прынамсі ў тых рэгіёнах, куды мы датэлефанаваліся як звычайныя занепакоеныя грамадзяне.
«У нас такой інфармацыі няма. Адключаць інтэрнэт не плануецца, калі толькі ў вашым рэгіёне не будуць весціся нейкія прафілактычныя планавыя працы. Пра гэта інфармацыя ёсць на сайце «Белтэлекаму», – апавялі «Белсату» ў берасцейскім філіяле.
Ні пра якія працы ў мэтах бяспекі, як абвешчана ў Расеі, у Берасці не чулі. У гомельскім «Белтэлекаме» таксама пра падобнае не паведамляюць:
«У нас інтэрнэт ніколі не блакаваўся. Мы даем паслугі без збояў усім абанентам. Я такой інфармацыяй [пра адключэнне інтэрнэту] не валодаю».
У карпаратыўным аддзеле МТС нам таксама сказалі, што ў Беларусі адключэнняў не плануецца:
«Адключэння інтэрнэту не будзе па ўсёй Беларусі. Вы трапілі ў карпаратыўны аддзел, мы працуем з юрыдычнымі асобамі – у юрыдычных асобаў адключэнняў няма і не будзе».
Для фізічных асобаў адключэнняў таксама не плануецца, дадаюць у інфармацыйнай сістэме МТС.
,,«У Беларусі такой інфармацыі на гэты момант не паступала, што будуць адключаць», – кажуць нам.
Нагадаем, што аператары ў Беларусі не пастанаўляюць у справе маштабных адключэнняў інтэрнэту. Гэта можа зрабіць Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнту.
Імаверна, адключэнне інтэрнэту ў Расеі звязанае з асцярогаю, што 9 траўня і напярэдадні могуць адбыцца напады дронаў. На парад 9 траўня ў Маскве чакаюць шэраг кіраўнікоў дзяржаваў, у тым ліку старшыню Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзінь Піна.
Раней Уладзімір Пуцін абвясціў «перамір'е» з 8 да 11 траўня і заявіў, што чакае, што Украіна далучыцца.
Уладзімір Зяленскі нагадаў, што «расейцы просяць цішыню на 9 траўня, а самі бʼюць кожны дзень па Украіне».
Дар'я Форман, Арсен Рудэнка belsat.eu