Прынамсі дзевяцярых палітвязняў з інваліднасцю трымаюць у Беларусі за кратамі. Пра гэта ў дзень барацьбы за правы людзей з інваліднасцю паведамляюць праваабаронцы.
«Гэта людзі, якім патрэбная дапамога ў простых побытавых сітуацыях. І хто будзе ім дапамагаць? Добра, калі побач ёсць іншыя зняволеныя. Каб проста дайсці да сталовай, многім людзям патрэбная дапамога», – кажа прадстаўнік ініцыятывы «Дактары за праўду і справядлівасць» Васіль Завадскі.
Напрыклад, Галіна Дзербыш, пенсіянерка з Гарадзеншчыны, незалежная назіральніца на выбарах, зняволеная на дваццаць гадоў, мае анкалагічную хваробу і праблемы з сэрцам. 37-гадовы жыхар Маладзечна Аляксандр Кісель ад нараджэння стаіць на ўліку ў псіхіятра і пакараны прымусовым лячэннем за каментар пра Лукашэнку.
Агулам станам на сакавік праваабаронцы паведамлялі пра 219 палітвязняў, якія застаюцца за кратамі ў «асаблівай рызыцы» – з цяжкімі хваробамі, інваліднасцю, ментальнымі разладамі.
,,«Сістэма не мае ніякіх рэсурсаў для таго, каб належна працаваць з такімі людзьмі, якім патрэбная асаблівая ўвага з боку медыкаў, з боку сацыяльных працаўнікоў», – адзначае Васіль Завадскі.
Найчасцей жа сістэма не толькі не дапамагае, але і наадварот, стварае жорсткія ўмовы. Так, пакараны дваццаццю гадамі зняволення актывіст і краязнаўца з Баранавічаў Уладзімір Гундар, які не мае нагі, мусіў падчас аднаго з этапаў ісці без мыліцаў.
«Вельмі складана атрымаць медычную дапамогу, лекі з волі, бо ты пішаш да начальніка, трэба, каб пацвердзілі ў медычнай частцы, што табе сапраўды патрэбныя гэтыя лекі, і потым трэба чакаць, пакуль гэтыя лекі прынясуць сваякі», – кажа праваабаронца «Dissidentby» Марына Касінерава.
А што на волі? Агулам у Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, жывуць каля 568 тысяч людзей з інваліднасцю, што складае прыкладна 6 % усяго насельніцтва.
«Іх значна больш, іх, як мінімум, 15 %. Гэта спецыфічная сістэма экспертызы, якая не дапускае гэтых людзей і не дае ім права на сацыяльную абарону. Таму ў нас такая «здаровая» нацыя і так няшмат людзей з інваліднасцю», – адзначае кіраўнік Офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.
Сярод тысяч ліквідаваных рэжымам пасля 2020-га года недзяржаўных арганізацыяў былі і тыя, што займаліся праблемамі людзей з інваліднасцю. Сёння ж няма каму нават фіксаваць парушэнні і маніторыць сітуацыю.
«Арганізацыі, якія аб'ядноўваюць людзей з інваліднасцю, таксама вымушаныя... нават тыя, хто бачаць парушэнні, тыя, хто разумее, што гэта парушэнні, будуць маўчаць», – кажа Сяргей Драздоўскі.
Актыўнасць магчымая толькі за мяжою. Так, кааліцыя «Хуткая гуманітарная дапамога» абвясціла збор сродкаў для рэпрэсаваных людзей з інваліднасцю.
«Мы, вядома, будзем вельмі ўдзячныя за тое, каб людзі прыслалі нават данат 10 еўраў. Гэта вялікі ўнёсак у агульную справу», – кажа Марына Касінерава.
На патрэбы рэпрэсаваных асобаў з інваліднасцю сабралі ўжо каля тысячы еўраў, запланавалі ж у дзесяць разоў больш. Збор працягнецца да канца месяца, пасля чаго арганізатары пачнуць прымаць заяўкі на дапамогу.
Ірына Дарафейчук belsat.eu