Украінскі блогер, валанцёр і грамадскі актывіст Сяргей Стэрненка паведаміў 1 траўня, што на яго напалі, у выніку чаго ён атрымаў раненне. Пазней гэтую інфармацыю пацвердзілі ў Службе бяспекі Украіны.
«На мяне ўчынены напад. Паранены», – напісаў валанцёр.
Пасля Сяргей Стэрненка паведаміў, што нападніка затрымалі: «Дзякуй СБУ за вокамгненную рэакцыю. Калі б не яны, я б нічога ўжо не мог пісаць».
Яшчэ пазней актывіст паведаміў, што яго прааперавалі. Куля не зачапіла нічога важнага і выйшла навылёт.
Таксама ў Службе бяспекі Украіны заявілі, што папярэдзілі забойства валанцёра. Паводле СБУ, на яго быў здзейснены замах з агнястрэльнай зброі. Нападніцу затрымалі на месцы.
Крыніцы выдання «Українська правда» ў праваахоўных органах паведамілі, што нападніцай была 45-гадовая нарадзінка Адэскай вобласці, якая была зарэгістраваная і жыла ў Кіеве. З 15 красавіка яна здымала кватэру ў тым самым жылым комплексе, што і Стэрненка, каб ажыццяўляць за ім візуальнае назіранне. Грошы на замах яна атрымала ад спецслужбаў РФ на свае банкаўскія рахункі.
Сяргей Стэрненка – украінскі грамадскі дзеяч, блогер, валанцёр. Старшыня грамадскай арганізацыі «Неабыякавыя», заснавальнік і актыўны ўдзельнік «Народнай люстрацыі», былы сябра і кіраўнік Адэскай абласной ячэйкі «Правага сектару». З пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну ён пачаў дапамагаць украінскім вайскоўцам, адпраўляючы ім розныя беспілотныя лятальныя апараты. У справаздачы за 2024 год Стэрненка паведаміў, што здолеў за данаты купіць каля 104 000 FPV-дронаў. Пасля замаху ён паабяцаў больш актыўна збіраць грошы на беспілотнікі для ЗСУ.
Гэта не першы напад на дзеячаў, якія выступаюць супраць расейскай агрэсіі. Гэтак, 19 ліпеня 2024 года ў Львове была забітая былая дэпутатка Вярхоўнай рады Украіны Ірына Фарыён.
Між тым у падмаскоўнай Балашысе ў двары свайго дому праз выбух аўтамабіля 25 красавіка 2025 года загінуў расейскі генерал-лейтэнант Яраслаў Маскалік, які быў намеснікам начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу Узброеных сілаў РФ. А раніцаю 17 снежня 2024 года прагрымеў выбух на Разанскім праспекце ў Маскве. У выніку яго загінуў генерал-лейтэнант войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны УС РФ Ігар Кірылаў.
Якуб Хруст belsat.eu