У Літве прапануюць пабудаваць магутную лінію абароны на мяжы з Расеяй і Беларуссю – праект, які, паводле папярэдніх ацэнак, можа каштаваць каля 1 мільярда еўраў. Ініцыятыва належыць Звязу Бацькаўшчыны – Літоўскім хрысціянскім дэмакратам, што рэпрэзентуе кансерватыўны лагер.
Як паведаміў старшыня партыі Лаўрынас Касчунас, гаворка пра стварэнне лініі абароны імя Вітаўта Вялікага, якая магла б істотна ўзмацніць нацыянальную бяспеку, паведамляе «Delfi».
,,«Нашая вайсковая інжынерыя адрадзілася. Мы прапануем іншую ідэю, іншы кірунак, як мы маглі б умацаваць мяжу так, каб праціўніку было надзвычай цяжка пранікнуць на нашую тэрыторыю, каб ён сутыкнуўся з велізарнымі перашкодамі, і мы запаволілі ягонае прасоўванне», – заявіў ён на прэс-канферэнцыі ў панядзелак.
Паводле Касчунаса, праект месціць чатыры ўзроўні абароны – ад супрацьпяхотных мінаў і зубоў цмока да перасовачных браняваных частак і сістэмаў паветранай абароны: «Паводле нашых падлікаў, гэта каля мільярда еўраў, калі будаваць такую сістэму там, дзе яна сапраўды патрэбная». Ён таксама адзначыў, што поўнае ўзвядзенне аб’ектаў можа заняць да двух гадоў, у залежнасці ад юрыдычных нюансаў.
Былы афіцэр літоўскай арміі Владас Сакалаўскас, які прэзентаваў праект, расказаў, што першая лінія месціць міны, равы, калючы дрот ды іншыя фізічныя перашкоды, другая – падземныя тунэлі, замінаваную тэрыторыю і вайсковыя пазіцыі; трэцяя лінія – мабільныя браняваныя групы з баявымі машынамі «Vilkas» і сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, чацвёртая – дальнабойную артылерыю і сістэму паветранай абароны NASAMS.
,,«Любую лінію абароны ўсё ж можна прарваць, але за гэты час армія мабілізуецца, уздымецца авіяцыя, знішчальнікі, і за паўгадзіны яны могуць „гасіць“ гэтыя сілы [праціўніка] зверху», – патлумачыў Сакалаўскас.
Падтрымаў ініцыятыву і прэм’ер Гінтаўтас Палуцкас, які запэўніў, што неабходныя пастановы ўжо прынятыя і «закуп вядзецца».
Нагадаем, што ў сакавіку Міністэрства абароны Літвы паведаміла пра намеры краіны ўмацаваць мяжу з Расеяй і Беларуссю супрацьпяхотнымі і супрацьтанкавымі мінамі, пра аналагічныя планы раней у межах ініцыятывы «Усходні шчыт» заяўлялі ў Варшаве.
Раман Шавель belsat.eu