Доналд Трамп заявіў, што мае намер супрацоўнічаць з кіраўніком Турцыі для таго, каб супольнымі намаганнямі завяршыць вайну ва Украіне.
Пра гэта прэзідэнт ЗША паведаміў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social. Ён напісаў, што правёў «прадуктыўную тэлефонную размову» з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.
З ягоных словаў, падчас размовы абмяркоўваліся «многія пытанні, у тым ліку вайна Расеі супраць Украіны, сітуацыя ў Сірыі, у Газе і іншыя тэмы». Эрдаган запрасіў Трампа наведаць Турцыю, а Трамп у адказ выказаў намер прыняць турэцкага лідара ў Вашынгтоне.
Трамп адзначыў, што спадзяецца на ўдзел Турцыі ў спробах спыніць вайну ва Украіне:
«У любым выпадку, я спадзяюся на супольную працу з прэзідэнтам Эрдаганам, каб гэтая дурная, але смяротная вайна паміж Украінай і Расеяй была завершаная. ЦЯПЕР!»
Ён не ўдакладніў, якія канкрэтныя захады разглядаюцца для залагоджвання канфлікту.
Пры гэтым Трамп удакладніў, што за чатыры гады папярэдняй кадэнцыі ягоныя стасункі з прэзідэнтам Эрдаганам былі цудоўнымі.
Раней Турцыя ўжо выступала ў ролі пасярэдніка паміж Кіевам і Масквой – у 2022 годзе менавіта там праходзілі перамовы, а таксама была ўзгодненая «збожжавая ўгода», што дазволіла аднавіць пастаўкі харчоў з Украіны праз Чорнае мора.
Раман Шавель belsat.eu