навіны

Страты Беларусі ад вонкавага гандлю таварамі выраслі за год удвая

img
Чыгуначны вузел у Швейцарыі. Фота: Patrick Federi / Unsplash
podpis źródła zdjęcia

Сітуацыя з замежным гандлем таварамі працягвае пагаршацца: у першым квартале Беларусь завезла імпартных тавараў на $ 1,6 млрд болей, як прадала сваіх за мяжу. Летась за гэты час адмоўнае сальда было ўдвая меншае.

Белстат раскрыў, як Беларусь нагандлявала таварамі ў першым квартале. Экспарт год да года знізіўся на 5 %, а вось імпарт вырас на 3,2 %. Вынік атрымаўся несуцяшальны: адмоўнае сальда перавысіла $ 1,6 млрд. За першыя тры месяцы мінулага года было мінус $ 820 млн. Калі краіна прадае за мяжу тавараў больш, як імпартуе, то зарабляе валюту. У нашым выпадку валюта праядаецца.


Апошнім часам Беларусь атрымлівае больш выгады ад супрацы з краінамі СНД. Экспарт у постсавецкія рэспублікі перавышае імпарт адтуль, аднак гэты валютны раўчук пакрысе перасыхае: летась мы былі ў плюсе на $ 414 млн, сёлета – толькі на $ 157 млн.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Albert Stoynov / Unsplash
Экспарт падае, імпарт расце: з гандлем таварамі ўсё кепска навіны

Беларускі экспарт у СНД скараціўся год да года на 1,9 %, а імпарт адтуль павялічыўся на 2,1 %.


Амаль уся гэтая статыстыка датычыць Расеі – галоўнага рынку збыту беларускіх тавараў. У студзені міністр замежных справаў Максім Рыжанкоў казаў, што доля ўсходняй суседкі ў замежным гандлі нашай краіны «набліжаецца да 65–70 %», і такая залежнасць ад адной дзяржавы, як папярэджваюць незалежныя эканамісты, надзвычай небяспечная. Калі твайму галоўнаму гандлёваму партнёру зробіцца блага, хутка знайсці яму замену будзе надзвычай цяжка.


Акурат цяпер наш галоўны хаўруснік намагаецца скараціць спажыванне, каб даць рады з высокай інфляцыяй. Расейскі Цэнтрабанк трымае на высокім узроўні ключавую стаўку, што робіць дарагімі крэдыты. А як грамадзяне і кампаніі бяруць меней пазыкаў, то і купляюць усяго меней. Адпаведна, і беларускіх тавараў у Расеі не патрабуецца столькі ж, як летась.


У гандлі Беларусі з Далёкаю дугою – зусім цемра. Пастаўкі беларускіх тавараў туды абрынуліся на 11,6 % год да года, а імпарт адтуль вырас на 4,8 %. Асобна ў гандлі з краінамі па-за СНД нашая краіна праела $ 1,8 млрд.


Днямі Нацыянальны банк мае апублікаваць сваю статыстыку вонкавага гандлю за першы квартал, там будуць звесткі і пра паслугі, якія звычайна ратавалі агульную карціну. Аднак апошнія шэсць месяцаў паслугі не выцягвалі сальда ў плюс, і ўсё больш вострым робіцца пытанне, дзе ўзяць валюту.


Эканаміст Даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук раней казаў «Белсату», што цяперашнія ўлады маюць небагата опцыяў, каб закрыць дэфіцыт: давядзецца або прасіць грошай у Расеі ці Кітаю, або штучна абмяжоўваць завоз імпартных тавараў.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10